Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вайцюшкевіч: “Я стараюся не трапляць у пасткі”


Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 23 жніўня

Папулярны выканаўца і музыка Зьміцер Вайцюшкевіч сольнымі праектамі займаецца з 2000 году, выпусьціў каля дзясятка ўласных альбомаў. Валодаючы ўнівэрсальным голасам, ён выконвае і шансон, і народныя песьні, і джаз. Больш за ўсё на сьвеце Зьміцер цэніць уласную свабоду, але лічыць сваім абавязкам нагадваць уладзе пра свабоду іншых.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Зьміцер, беларускія творцы – у розных галінах мастацтва – нярэдка наракаюць на адсутнасьць свабоды творчасьці. А вось ты і твая творчасьць, як мне падаецца, якраз і ёсьць прыклад гэтай самай свабоды. Ты нідзе ня служыш, пішаш песьні і даеш канцэрты па ўсёй Беларусі і за мяжой. Ці адчуваеш ты сябе насамрэч свабодным?”

Зьміцер Вайцюшкевіч: “Пытаньне, на першы погляд, простае. Вядома ж, можна сказаць, што я свабодны чалавек, бо нідзе не служу. Я – вольны артыст, і вельмі рады, што выбраў такую прафэсію. Але прафэсія не гарантуе свабоды. Артыст можа працаваць, прыкладам, у філярмоніі й быць залежным. Быў час, калі і я быў занесены ў гэтак званыя “чорныя сьпісы”. А для некаторых чыноўнікаў сьпісы гэтыя і да гэтай пары існуюць, таму часам па-ранейшаму складана ладзіць канцэрты. Але ўсё ж не параўнаеш сытуацыю з тою, якая была. Сёньня ўжо нікому не растлумачыш, як было цяжка ладзіць канцэрты гады два-тры назад… І сёньняшняя адносная свабода падобная да хадзьбы па лязе брытвы: крок улева, крок управа – і трапіш у пастку, і мецьмеш праблемы. Але, прызнаюся, мне падабаецца так балянсаваць. У мяне імідж “лагоднага артыста”. Калі ты сьпяваеш пра красу, табе цяжка сказаць, што ты – змагар з рэжымам, рэакцыянэр ці апазыцыянэр... Я заўсёды казаў, што канцэрт у нейкіх сховішчах, на кватэрах – гэта ўсё вельмі прыгожа. І калі мы будзем жыць у вольнай краіне, андэграўндныя канцэрты не павінны зьнікнуць, на іх – непаўторная атмасфэра. Але сёньня для беларускага грамадзтва патрэбныя канцэрты і зімой, і летам, і ўвесну, каб узьнікала атмасфэра рэспэкту да беларускай культуры, нягледзячы на перашкоды ўлады, якія былі й цяпер зьяўляюцца час ад часу”.

Скобла: “Дык як дамагчыся ўласнай свабоды ў несвабоднай краіне?”

Вайцюшкевіч: “Трэба, па-першае, любіць сваю справу. Я не крычу, што я свабодны, я проста раблю праграму ці альбом у тым музычным напрамку, якога для мяне раней не існавала. Так, я стараюся быць свабодным, я хачу быць свабодным да канца. Я стараюся не гуляць у такія гульні, не залазіць у такія пасткі, зь якіх немагчыма пасьля вылезьці. Мне больш падабаюцца творчыя гульні й авантуры”.

Скобла: “У цябе адбываецца безьліч канцэртаў па ўсёй Беларусі. А як у цябе ідзе праца над новымі песьнямі й праграмамі? Ці патрэбен для гэтага нейкі тайм-аўт, ці новыя мэлёдыі прыходзяць па дарозе дзе-небудзь паміж Мар’інай Горкай і Ганцавічамі?”

Вайцюшкевіч: “Мэлёдыі прыходзяць па-рознаму. І ня толькі мэлёдыі. Я пачаў пісаць нейкія словы – тэксты для перадачы “Простыя словы”, якую я вяду на “Аўтарадыё”. Штотыдзень я апісваю свае падарожжы ці проста аналізую жыцьцё. І гэты аналіз, часам банальны, прымітыўны, ён прыводзіць мяне да ацэнкі самога значэньня слова. Таму ў жніўні я акурат і ўзяў тайм-аўт, каб папрацаваць над двума праектамі, адзін – на вершы Арцёма Кавалеўскага, а другі называецца “Мой сябра анёлак”. Гэта будзе вялікі супольны праект, у якім возьмуць удзел Бенька зь “Серебрянной свадьбы”, саліст “Босага сонца” Янка Маўзэр, Наста Някрасава. І будзе яшчэ трэці праект – альбом на вершы швэдзкіх паэтаў у перакладах Алеся Разанава, Рыгора Барадуліна, Зьміцера Плакса. Гэта вельмі цікавая й вельмі складаная праца, яна цягнецца ўжо тры гады. У выніку мае атрымацца пэўнае шаманства, чараўніцтва, таму што большасьць швэдзкіх вершаў ня маюць акрэсьленага рытму”.

Скобла: “Я даўно заўважыў адну рэч. Калі ў незнаёмай аўдыторыі невядомы для гэтай аўдыторыі выступоўца бярэ ў рукі гітару, – заля тут жа перанастройваецца на павышаную хвалю ўвагі. З чым гэта зьвязана, як ты лічыш?”

Вайцюшкевіч: “Я магу толькі пра сябе сказаць і пра тое, што бачу са сцэны. Калі гучаць адзін ці два інструмэнты, застаецца вельмі шмат вольнага паветра, музыка не перашкаджае чуць словы. Я ня супраць пэркусій ці нейкіх, як кажуць палякі, “пшэшкаджаек”, але менавіта гэтыя “перашкаджайкі” не даюць слухачам зьвярнуць увагу на словы. Сучасныя людзі развучыліся гаварыць адзін з адным. “Як справы?” – “Нармальна.” “Прывітаньне.” – “Прывітаньне.” І ўсё. Ты пытаесься, як я жыву? Дык пачакай, паслухай, як я жыву, калі гэта табе цікава. Для чалавека важна ў залі, за сталом, пры вогнішчы – дзе заўгодна – пачуць адказы на пытаньні, якія ён задае сам сабе кожны дзень. Мы ўсе кожную раніцу, кожны Божы дзень, цьвярозыя ці ня вельмі цьвярозыя, вясёлыя ці сумныя, задаем сабе адныя і тыя самыя пытаньні: навошта тое адбылося, хто я такі, што я раблю тут, чаму ў нас такая краіна, ці патрэбная нам свая мова і г.д.”

Скобла: “То бок, чалавек з гітарай нагадвае старажытнага гусьляра, які пад музыку прамаўляў нейкія актуальныя для свайго часу рэчы?”

Вайцюшкевіч: “Мне падабаецца гэтае параўнаньне, яно прыгожае. Так, гусьляр, які сьпявае, – гэта і паэт, і музыка, які можа “трымаць” аўдыторыю. А гэта вялікае мастацтва, якому, на жаль, ня вучаць”.

Скобла: “Як тут не згадаць купалаўскага Гусьляра, якому князь гаворыць: “Запяеш да душы, дасі ўцеху гасьцям – поўны гусьлі насыплю дукатаў…” Ці ставіла цябе жыцьцё перад падобным выбарам?”

Вайцюшкевіч: “Падобны выбар існуе цягам усяго жыцьця музыкі. Магчыма, мне ў нейкім сэнсе больш пашчасьціла на добрых людзей, якія дапамагаюць і не патрабуюць за гэта нейкай платы. А так у жыцьці кожнага творчага чалавека бываюць моманты, калі трэба ня жыць, а выжываць. І тады зьяўляюцца прапановы, ад якіх вельмі складана, а то й немагчыма адмовіцца. Гэта вельмі добрая навука. І ўсё ж ніколі ня варта зьвязваць сваё канцэртнае жыцьцё зь людзьмі няшчырымі. Матэрыяльны бок ня мае тут аніякага значэньня. Ты ўсё роўна мусіш сканаваць сытуацыю. Так што жыцьцё ставіла мяне перад такім выбарам, дзякуй Богу, ня шмат разоў. А на добрых людзей мне шанцавала болей”.

Скобла: “А ў падзямельле глянь, князь…” Ці павінен пясьняр задаваць уладару падобныя пытаньні?”
Как стыдно, что мы не разговариваем по-белорусскому ...

Вайцюшкевіч: “Увесь час пясьняр у той ці іншай форме мусіць нагадваць грамадзтву, а значыць, і ўладзе, пра пэўныя праблемы. Аднак, я не хачу трактаваць сябе гэткім рупарам для нагадваньня. Я хачу сьпяваць па-беларуску, хачу сьпяваць на вершы розных паэтаў, і гэтага для мяне дастаткова. Але аказваецца, што нават проста сьпяваць па-беларуску, сьпяваць песьні на вершы Някляева, Барадуліна, Караткевіча, Хадановіча – гэта ўжо таксама пэўнае нагадваньне, канфлікт з пэўным асяродзьдзем. Ты нагадваеш людзям пра беларускую песьню, яны падыходзяць пасьля канцэрту і кажуць: “Да, Дима, проблемы у нас с белорусской песней, надо её поддерживать. Как стыдно, что мы не разговариваем по-белорусскому…”. І гэтак дзесяцігодзьдзі цягнуцца – нашы людзі лянівыя. Таму нагадваць варта. Іншая справа, што артыст сам сабе мусіць выбраць форму нагадваньня”.

Скобла: “Ты сёлета выступіў у падтрымку палітзьняволеных у нашай краіне. Ці ўнікаеш ты дэталёва ў іхныя справы, ці ў ў тваіх адносінах да гэтых людзей пераважае чыста чалавечы, гуманістычны аспэкт?”
у Беларусі сёньня бракуе сапраўдных мужыкоў ...

Вайцюшкевіч: “У Беларусі шмат людзей па палітычных прычынах былі асуджаныя, і цяжка ў кожную гісторыю ўвайсьці. Праблема ў тым, што, як сказала адна жанчына, у Беларусі сёньня бракуе сапраўдных мужыкоў, якія ня тое, што ў морду могуць даць, а папросту адказаць, кажучы на жаргоне, “за базар”. Маладое пакаленьне беларусаў спрабуе ўзяць адказнасьць на сябе, і я пастараўся іх падтрымаць. Гэта для мяне важна”.

Скобла: “Зноў жа, ты выступаеш супраць сьмяротнага пакараньня. Дык што, сэрыйныя забойцы і гвалтаўнікі непаўналетніх павінны жыць, ды яшчэ на ўтрыманьні грамадзтва?”

Вайцюшкевіч: “Грамадзтва павінна за свае грошы іх утрымліваць, таму што для некаторых пажыцьцёва зьняволеных жыцьцё – пакута. І, прыкладам, забойца павінен усьвядоміць гэтую доўгую пакуту. Дзяржава і грамадзтва, па-першае, мусяць быць больш гуманннымі, а па-другое, больш шырока глядзець на гэтую тэму. Паўтараюся, жыцьцё бывае страшней за сьмяротную кару”.

Скобла: “Уяві сябе судзьдзёй на Нюрнбэргскім працэсе. Ты змог бы дараваць жыцьцё Гімлеру ці Гітлеру?”
для самога судзьдзі – пакінуць чалавеку жыцьцё ...

Вайцюшкевіч: “Я не хацеў бы, каб мяне так трактавалі. Я не судзьдзя, я выбраў сабе другую прафесію. Памятаю адзін зь фільмаў Кісьлеўскага, дзе расказваецца гісторыя судзьдзі, які абвесьціў сьмяротны прысуд. Разумееш, гэта больш важна для самога судзьдзі – пакінуць чалавеку жыцьцё. У судовай практыцы здараюцца памылкі, нявіннага чалавека могуць асудзіць на сьмерць. Таму, мне здаецца, мы павінны бараніць ня толькі падсудных, але і нашых судзьдзяў, і нашых адвакатаў”.

Скобла: “Некалькі месяцаў таму тэлеканал Белсат паказаў у запісе твой канцэрт у Кракаве, які адбываўся на адкрытай пляцоўцы, ішоў дождж… Пры якіх умовах ты можаш адмяніць свой выступ?”

Вайцюшкевіч: “Ну, з-за дажджу я выступ ніколі не адмяню. Артыст выступае ў розных месцах і пры розных абставінах. Кракаў – вельмі прыгожы горад, Варшава – прыгожая, шмат дзівосных гарадоў у Эўропе. Але я хачу выступаць часьцей менавіта ў Беларусі. Зь беларускімі людзьмі ў правінцыі мала хто размаўляе па-беларуску са сцэны. Народныя артысты, якія сёньня езьдзяць па Беларусі, чамусьці забываюцца на бабуляў, якія скончылі беларускія школы, на старшыняў калгасаў, на нашых добрых вясковых людзей, якія хочуць чуць беларускую песьню. Канцэрты на жніве таксама патрэбныя, але людзі хочуць чуць беларускае слова не сэзонна, а круглы год, і ня толькі на дажынках, а ў розных вёсках, гарадах і мястэчках, у вялікіх і малых залях, на палетках і ў вайсковых частках. Вайсковыя часткі – асобная тэма. Каб у мяне была такая магчымасьць, я аб’ехаў бы ўсе вайсковыя часткі ў Беларусі”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG