Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Новым жыцьці” будзе кругласутачная варта


Вернікі менскай пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” адмаўляюцца аддаваць уладам свой малітоўны дом. Яны атрымліваюць лісты падтрымкі ад іншых пратэстанцкіх суполак зь Беларусі, Літвы, Украіны і Расеі. Ад 21 жніўня будынак царквы лічыцца маёмасьцю Менгарвыканкаму, і вернікаў могуць зь яго гвалтоўна выселіць у любы момант.


На вечар серады вернікі царквы “Новае жыцьцё”, а гэта каля тысячы чалавек, зьбіраюць агульны сход, каб абмеркаваць сытуацыю. Прадстаўнікі царквы заяўляюць, што ранейшае рашэньне - не аддаваць свой будынак - яны не скасуюць ні пры якіх абставінах.

Вернікі вырашылі таксама быць у малітоўным доме круглыя суткі. Адны прыходзяць туды адразу пасьля працы і застаюцца нанач, іншыя прыходзяць раніцай ці днём. Такім чынам, некалькі дзясяткаў чалавек увесь час знаходзяцца ў храме.

Малітоўны дом сёньня адчынены толькі для вернікаў царквы

Такім чынам ў царкву дабіраецца бальшыня вернікаў

Вернікі заходзяць у царкву

Гэта ня першы выпадак, калі вернікі кругласутачна знаходзяцца ў будынку царквы. Так было тры гады таму, калі яны трымалі галадоўку з-за таго, што ўлады пазбавілі іх зямельнага надзелу і будынка. Тады пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і паабяцалі вярнуць маёмасьць праз суд. Але суд прыняў рашэньне на карысьць уладаў, і будынак з 21 жніўня стаў маёмасьцю Менгарвыканкаму.

Царква “Новае жыцьцё” атрымлівае дзясяткі лістоў падтрымкі зь Беларусі, Расеі, Украіны і Літвы. У абарону пратэстантаў выступілі таксама вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі Беларусі. Гаворыць адзін зь іх, сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

“Неабходная міжнародная салідарнасьць. Справа ня толькі ў “Новым жыцьці” ці ўціску пратэстантаў. Гэта выклік усім хрысьціянам. Справа ў тым, як у Беларусі выконваецца свабода веравызнаньня ды іншыя дэмакратычныя інстытуты. Пра гэта трэба
распавядаць у Эўропе”.

Сёньня спыніць перасьлед вернікаў запатрабавала міжнародная арганізацыі “Эўрапейскі хрысьціянскі палітычны рух”. Больш за паўсотні пастараў беларускіх пратэстанцкіх суполак падпісаліся пад зваротам у падтрымку “Новага жыцьця”.

Сярод іх быў і пастар царквы “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун:

“Калі верніку-хрысьціяніну цяжка, то мы таксама ня можам быць абыякавымі. Салідарнасьць - неабходная рэч, бо яна не дае беззаконьню нахабна і хутка тварыць зло. Мы гэта бачым на прыкладзе “Новага жыцьця”.

Пастар суполкі “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка ад імя ўсіх вернікаў дзякуе за падтрымку людзям зь Беларусі і зь іншых краін:

“Я ўдзячны ўсім неабыякавым людзям. Іх шмат ня толькі ў Беларусі, але нас падтрымала й міжнародная грамадзкасьць. Мы зьдзіўленыя, бо гэтым разам мы не давалі амаль ніякай інфармацыі - і вось такая рэакцыя...”


У жніўні 2005 году гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску), дзе рэлігійная суполка мела юрыдычны адрас. У выніку суполка не прайшла перарэгістрацыі. У 2006 годзе вернікі трымалі галадоўку. Пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю прэзыдэнта і паабяцалі вырашыць усе пытаньні ў судзе. Сёлета Вышэйшы гаспадарчы суд пастанавіў адабраць у вернікаў будынак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG