Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіны грып дабраўся да Беларусі


У Беларусі выяўлены першы факт заражэньня высокапатагенным грыпам А/Н1N1 — так званым “сьвіным грыпам”.


У другой палове дня 19 жніўня прэсавы сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна пацьвердзіла, што ў Беларусі зарэгістраваны першы выпадак грыпу A/H1N1:

“Так, сытуацыя памянялася, у нас зьявілася лябараторнае пацьверджаньне. Міністэрства аховы здароўя пацьвярджае. У прынцыпе, уся інфармацыя ёсьць у нас на сайце, больш нічога не дадам”.

Захварэў грамадзянін КНР, які 10 жніўня прыляцеў з Пэкіну. Выяўлена 37 чалавек, зь якімі кантактаваў хворы. Па выніках мэдычнага агляду і лябараторных дасьледаваньняў зроблена заключэньне, што яны здаровыя, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

А прыкладна а 12-й гадзіне 19 жніўня намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Валянціна Качан сьцьвярджала:

“Лябараторна пацьверджаных выпадкаў на сёньняшні дзень няма. У выпадку выяўленьня і лябараторнага пацьверджаньня вірусу высокапатагеннага грыпу сродкі масавай інфармацыі будуць адразу ж праінфармаваныя”.

Нагадаю, што тыдзень таму галоўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка выказаў сумнеў, што ў Беларусі няма хворых на грып, выкліканы вірусам A/H1N1: “Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і ня мець ніводнага выпадку захворваньня проста ня можа”, — заявіў спадар Анішчанка. Ён выказаў меркаваньне, што ў краінах, дзе пакуль не адзначана ніводнага выпадку захворваньня на грып A/H1N1, або няма руху людзей празь мяжу, або ня выпрацавана эфэктыўная дыягностыка. На заўвагу свайго расейскага калегі галоўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан адказала так:

“Камэнтаваць асабістае меркаваньне калегі, напэўна, некарэктна. Але ў Рэспубліцы Беларусь у абсалютна поўным аб’ёме праводзяцца тыя ж мерапрыемствы, што і ў Расейскай Фэдэрацыі”.

Пачынаючы з 27 красавіка, у краіне арганізаваны маніторынг цыркуляцыі высокапатагеннага грыпу A/H1N1. Дагледжана 2304 рэйсы, больш за 200 тысяч чалавек, якія перасякалі мяжу. Усе падазроныя пасажыры праходзяць лябараторныя дасьледаваньні, для тэст-сыстэмы закупленыя ўсе рэагенты, сьцьвярджае Валянціна Качан:

“Гэта рэакцыя імунафлюарэсцэнтнага аналізу, якой забясьпечаныя ўсе інфэкцыйныя шпіталі; далейшая рэакцыя на культуры клетак — гэта ПЦР- дыягностыка, на сёньня гэта самы сучасны мэтад, які дазваляе дыягнаставаць дадзены вірус”.

Галоўны санітарны лекар заявіла, што асабліва будуць правяраць дзяцей, якія знаходзяцца зараз на аздараўленьні, кажа Валянціна Качан:

“З 23 жніўня чакаецца прылёт больш чым 13 тысяч дзяцей пасьля аздараўленьня. Намі прынята рашэньне цягам 7 дзён назіраць за дзецьмі і не дапускаць іх у школу. Асабліва з краінаў, у якіх найбольш неспрыяльнае становішча па гэтай інфэкцыі: Італія, Вялікабрытанія, Нямеччына, Гішпанія, Ірляндыя, Бэльгія і Аўстрыя”.

Такім чынам дзеці, якія вернуцца з арганізаванага адпачынку, будуць знаходзіцца тыдзень на карантыне

У Расеі зарэгістравана 180 выпадкаў захворваньня на грып A/H1N1, у Літве — 40, у Польшчы — 150. У Нямеччыне, Вялікабрытаніі — больш за 12 тысяч выпадкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG