Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Злачынцаў не чапаюць, а выйшаў са сьцягам — схапілі!”


Леанід Аўтухоў ля будынку Гарадоцкага суду.
Леанід Аўтухоў ля будынку Гарадоцкага суду.
За тое, што 27 ліпеня спадар Аўтухоў выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам на цэнтральную плошчу Гарадка, судзьдзя Ганна Ганчарова прысудзіла яму 1 мільён 400 тысяч рублёў штрафу.

Падобныя працэсы чакаюць і віцебскіх актывістаў, якія далучыліся да акцыі і таксама выйшлі са сьцягамі — Валерыя Раманенку з “Маладой Грамады”, Ірыну Пятрову з руху “Джынс за Свабоду” ды Тараса Сургана, прадстаўніка “Маладой Беларусі”, якія позваў у суд пакуль не атрымалі.

Леанід Аўтухоў перакананы, што іхную супольную акцыю нельга лічыць правапарушэньнем. Хаця б таму, што за колькі дзён да Дня Незалежнасьці ён атрымаў вусны дазвол на яе правядзеньне ад кіраўніка ідэалягічнага аддзелу Гарадоцкага райвыканкаму Леаніда Проніна. Але сам спадар Пронін на плошчу не прыйшоў, хоць актывісты яго запрасілі.

Судзьдзя аргумэнты Леаніда Аўтухова пад увагу не ўзяла. Зрэшты, ён і сам не спадзяваўся на тое, што суд стане на ягоны бок, таму двойчы хадайнічаў пра адвод судзьдзі і прасіў, каб ягоную справу разгледзела іншая судовая інстанцыя, да прыкладу, суд іншага раёну. На думку спадара Аўтухова, увогуле ня варта чакаць справядлівага рашэньня ад суду, залежнага ад уладаў:

“Суду як такога ў Беларусі сёньня проста няма! Ужо больш як два гады я беспрацоўны, і мне яшчэ даюць 40 базавых велічынь штрафу. На працу я ўладкавацца не магу нідзе ў Гарадоцкім раёне — вакансій шмат, але не бяруць за мае палітычныя погляды: я зьяўляюся старшынёй суполкі партыі БНФ, браў удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе ў якасьці кандыдата…”

Падтрымаць аднапартыйца ў судзе прыехаў старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.
Адразу пасьля суду разам зь Леанідам Аўтуховым мы вырашылі пацікавіцца меркаваньнямі мясцовых жыхароў, якіх ён меўся прадстаўляць, балятуючыся ў парлямэнт. Як высьветлілася, апазыцыянэра ў Гарадку ведае амаль кожны мінак, хоць пра акцыю 27-га ліпеня шмат хто нават і ня чуў.

Аўтухоў: “27-га ліпеня мы выйшлі на цэнтральную плошчу са сьцягамі. І нас затрымала міліцыя…”

Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, ці справядліва, калі за такое караюць?”

Спадарыня: “Гэта тут, у нас у Гарадку? Ну, я чула, чытала, што трэба папярэдзіць мясцовыя ўлады, калі зьбіраецеся мітынгаваць ці нешта такое рабіць. Каб папярэдзілі ўлады, дык, можа, нічога такога й не было б?”

Спадар: “Я мяркую, што гэта ўсё ж гістарычная дата, і варта яе адзначаць”.

Карэспандэнтка: “А судзіць за гэта варта?”

Спадарыня: “Я не лічу, што ён зрабіў нешта страшнае. Гэта законы такія, што крок улева ці ўправа — і адразу пакараньне. І мы жывём у такой краіне”.

Спадар: “Няўжо ў нас за такое судзяць? За гэта нельга судзіць! Такіх людзей трэба вітаць, якія пра будучыню думаюць, нечага хочуць дамагчыся. А так — колькі вунь у нас злачынцаў ходзіць, дык іх не чапаюць!”

Спадар: “Мне здаецца, калі гэта не нацысцкая сымболіка і яна не забаронена законам, дык чалавек можа яе выкарыстоўваць. Але, я думаю, у нас тут проста праводзяць экспэрымэнт — у якой ступені трэба стаптаць народ, каб ён маўчаў”.

Спадар Аўтухоў моўчкі падпарадкоўвацца рашэньню суду ня хоча: ён зьбіраецца падаваць касацыйную скаргу ў вышэйшую судовую інстанцыю і кажа, што гатовы бараніць свае правы нават у Камітэце правоў чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG