Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі судзяць старшыню рэлігійнай суполкі


Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомеля распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць Юрыя Рашэтнікава — старшыні рэлігійнай суполкі Сьведкі Іеговы. Яго абвінавачваюць у “арганізацыі рэлігійнага масавага мерапрыемства” з парушэньнем устаноўленага парадку.

Сьведкамі выступалі супрацоўнікі ідэалягічнага й жыльлёва-камунальнага аддзелаў ЖКГ адміністрацыі Чыгуначнага раёну.

Спадар Рашэтнікаў віны не прызнаў. Ён патлумачыў, што гэта была сустрэча аднадумцаў, у тым ліку й чальцоў суполкі Сьведкі Іеговы. Арганізатарам яе ён не зьяўляўся, а прысутнічаў як адзін з удзельнікаў сустрэчы. Размовы вяліся на самыя розныя тэмы, у тым ліку й пра Біблію. Удзельнік сустрэчы ўдакладніў у судзе адну з тэмаў гутаркі: “Чаму прымяненьне біблейскіх прынцыпаў карыснае для шлюбу?”

Нагадаем, што 21 ліпеня міліцыя гвалтам абшукала прыватны дом, дзе сабраліся вернікі й прыхільнікі нэапратэстанцкай рэлігійнай суполкі Сьведкі Іеговы. Міліцыянты пералезьлі праз плот, адчынілі браму й зайшлі на панадворак. Кіраваў апэрацыяй маёр міліцыі Дзьмітры Бондараў. Дазвол на дагляд выдала пракуратура Чыгуначнага раёну.

Удзельнікі сустрэчы адмовіліся пускаць міліцыянтаў у прыватны дом безь ягонага ўладальніка. Але міліцыянты выклікалі мясцовых супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і з дапамогай наждачнай пілы “баўгаркі” расьпілавалі замок і ўвайшлі ў дом. Яны забралі музыкальную апаратуру й склалі супраць Юрыя Рашэтнікава пратакол пра парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

Заўтра, 12 жніўня, судзьдзя Віталь Козыраў абвесьціць рашэньне па адміністрацыйнай справе супраць спадара Рашэтнікава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG