Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: БНР


Удзельнічае гісторык Валянцін Мазец Эфір 6 жніўня 2009 году.

Белару́ская Наро́дная Рэспу́бліка (БНР) — дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паўсталае ў 1918 годзе. Праіснавала паўгода. Незалежніцкая палітычная эліта лічыла і лічыць БНР паўнавартаснай дзяржавай, якая была вялікім гістарычным крокам Беларусі да ідэйнага асэнсаваньня сябе як асобнай самастойнай краіны, праяўленьнем волі беларускага народу да ўтварэньня незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Савецкія ж гісторыкі складалі і падтрымлівалі нэгатыўныя міты пра БНР: “БНР — марыянэткавая дзяржава, створаная беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі”, ці “БНР — дзяржава на “паперы”, сапраўдная ж беларуская незалежная нацыянальная дзяржава — БССР.


Валянцін Мазец
Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Чаму БНР усё ХХ стагодзьдзе і ў наш час была такім важным аб’ектам міталягізацыі для розных палітычных сілаў? Чаму факт яе існаваньня ці абвяшчэньня падвяргаўся розным палітычным і гістарычным інсынуацыям, фальсыфікацыям?

Валянцін Мазец: Абумоўлена гэта было тым, што абвяшчэнне БНР сведчыла — беларусы, нібыта прачнуўшыся ад чароўнага летаргічнага сну, заявілі ва ўвесь голас пра сваё законнае права быць гаспадарамі на ўласнай зямлі. Але ня ўсім гэтае жаданьне прыйшлося даспадобы, таму адны імкнуліся ачарніць высілкі беларусаў, накіраваныя на рэалізацыю сьветлай мары, а іншыя — увогуле замаўчаць сам факт абвяшчэньня БНР. Гэта і прывяло да стварэньня нэгатыўных мітаў пра БНР.

Ракіцкі: Спачатку пра міты нэгатыўныя ў дачыненьні да БНР. Дзеля чаго і кім яны ствараліся? Дзе іх вытокі і ў чым іх сутнасьць?

Мазец:
Адмоўныя міты пра БНР ствараліся перадусім ворагамі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці.
Адмоўныя міты пра БНР ствараліся перадусім ворагамі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці. Па-першае, міт “БНР — марыянеткавая дзяржава, створаная беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі”, як і міт “БНР была дзяржавай на “паперы” былі скіраваныя на тое, каб падкрэсьліць няздольнасьць беларусаў да самастойнай дзяржаўнай творчасьці, каб і надалей у іх ня ўзьнікала жаданьня жыць уласным розумам. Па-другое, яны павінны былі замацаваць у сьвядомасьці людзей ідэалягему, што толькі здраднікі беларускага працоўнага народу, яго ворагі могуць жадаць стварэньня беларусамі дзяржавы, незалежнай ад Расеі, таму што яны нібыта бачылі магчымасьць дасягненьня незалежнасьці Беларусі толькі ў саюзе з германскімі акупантамі. Па-трэцяе, дадзеныя міты стваралі чарговы міт пра тое, што толькі кіраўніцтва савецкай Расеі магло гарантаваць беларусам самастойнае жыцьцё.

Ракіцкі: Гэта жаданьні, матывацыі творцаў міту, але павінны былі быць і нейкія рэальныя факты, якія яны выкарыстоўвалі ў якасьці аргумэнтаў?

Мазец: Стварэньне міту “БНР — марыянэткавая дзяржава” грунтавалася ў першую чаргу на тэлеграме Рады БНР нямецкаму кайзеру Вільгельму. У тэлеграме гаварылася: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дэкляравала незалежнасьць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасьць аб абароне ў яе кіраваньнях дзеля ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў сувязі з Германскай Імпэрыяй”. Тэкст завяршаўся словамі: “Толькі пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць край сваю добрую волю ў будучым”. У зьвязку з гэтым неабходна пагадзіцца з думкай Вінцэнта Гадлеўскага, які падкрэсьліваў: “высылка тэлеграмы была адной з шматлікіх спробаў шуканьня выйсьця зь цяжкага стану, у якім апынуўся тады беларускі народ”.

Ракіцкі: А на падставе чаго ўзьнік міт, што БНР — папяровая дзяржава, калі яна мела і атрыбуты дзяржаўнасьці, і ўрад, і нават прызнаньне некалькіх краінаў, і рэальныя дзяржаўныя справы рэалізоўваліся?

Мазец: Гэты міт узьнік пасьля таго, як асобныя дасьледчыкі атрымалі доступ да раней засакрэчаных дакумэнтаў і матэрыялаў, якія тычыліся праблемы БНР. Але ва ўмовах жорсткай ідэалягічнай цэнзуры ўсебаковы, грунтоўны аналіз гэтай праблемы быў немагчымы. Таму на зьмену міту “БНР — марыянэткавая дзяржава” прыйшоў новы міт “БНР — дзяржава, абвешчаная на паперы”.

Ракіцкі: Аб якія рэальныя гістарычныя факты, аргумэнты разьбіваюцца гэтыя міты? Якія факты даказваюць усё ж, што БНР было нацыянальным дзяржаўным утварэньнем?

Мазец: Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасьці ў сакавіку 1918 году зьяўлялася пачаткам працэсу нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Разам з тым ужо ў 1918 годзе былі зробленыя істотныя высілкі дзеля напаўненьня ідэі беларускай дзяржаўнасьці рэальным зьместам. Былі створаныя Беларуская Гандлёвая палата ва Ўкраiне і Беларуская цэнтральная гандлёвая палата, і быў наладжаны тавараабмен з Украінай. Народны Сакратарыят распрацаваў комплекс захадаў, накіраваных на фармаваньне ўласнай фінансава-крэдытнай сыстэмы. Значная праца вялася для вяртаньня ў Беларусь уцекачоў. Вырашэньнем гэтага пытаньня займалася спэцыяльна створаная камісія. Народным Сакратарыятам праводзілася рэгістрацыя беларускіх грамадзянаў і выдаваліся адпаведныя пасьведчаньні, а ад лета 1918 году дзейнiчаў агульнаграмадзянскi пашпарт БНР. БНР мела таксама такiя атрыбуты дзяржаўнасьцi, як дзяржаўная пячатка i герб “Пагоня”.

Ракіцкі: У тыя ж часы, калі была абвешчана БНР, узьніклі на эўрапейскай прасторы і іншыя новыя дзяржавы. Магчымасьць будаваць уласныя дзяржавы падняволеныя імпэрыямі народы атрымалі ў выніку першай Усясьветнай вайны. Чаму шэраг краінаў змаглі пабудаваць свае дзяржавы, а беларусы не? Можа, сапраўды, ніякай падставы для стварэньня ўласнай дзяржавы на сваёй этнічнай тэрыторыі беларусы ня мелі?

Мазец: Дзейнасьць Народнага Сакратарыяту і Рады БНР атрымала пэўную падтрымку на месцах, што знайшло сваё ўвасабленьне ў стварэньнi мясцовых беларускiх радаў у Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Радашкавічах і іншых населеных пунктах. Грамадзяне зьвярталіся таксама ў Народны Сакратарыят з просьбай аб працаўладкаваньні. Акрамя таго, сялянства, як сьведчаць архіўныя дакумэнты, успрымала Народны Сакратарыят як уладны орган, здольны абараніць ад рабункаў акупантаў, а таму зьвярталася ў Народны Сакратарыят з адпаведнымі просьбамі. Найбольш значныя посьпехі былі дасягнутыя Народным Сакратарыятам у галiне культурна-асьветніцкай дзейнасьцi. Беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай мовы. Праводзiлiся курсы беларусазнаўства і падрыхтоўкi настаўнiкаў для нацыянальнай школы. У выніку разгортваўся шырокі культурна-асьветны рух і адбываўся працэс паступовага засвойваньня масамі ідэі беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. Таму і ідэя БНР не пацярпела паразу. Як сведчаць гістарычныя факты, яна падтрымлівалася як у асяродку беларускай эміграцыі, так і прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі ў міжваенны пэрыяд.

Ракіцкі: А зараз — да рамантызацыі БНР, да станоўчага міту “БНР”, да міту, што сапраўды ў 1918 годзе была створаная незалежная беларуская дзяржава. Ці сапраўды гэта была дзяржава?

Мазец:
У 1918 годзе па-сутнасьцi перадвызначалася будучыня беларускага народу.
У 1918 годзе па-сутнасьцi перадвызначалася будучыня беларускага народу. Зразумела, што дасягнуць рэальнай дзяржаўнай незалежнасьцi, калi на тэрыторыi краiны знаходзiцца акупацыйнае войска, было немагчыма. Ва ўмовах нямецкай акупацыi Рада БНР i Народны Сакрата?рыят зьяўлялiся па- сутнасьцi адзiным цэнтрам у Беларусi, якi актыўна дзейнiчаў, спрабаваў баранiць iнтарэсы беларускага народу на міжнароднай арэне, наколькi гэта было магчыма.

Ракіцкі: Хто быў стваральнікам гэтага міту, як ён разьвіваўся ва ўмовах, калі панавалі дзяржаўная ідэалёгія, падкантрольная дзяржаве гістарычная навука, калі ў падручніках гісторыі замоўчвалася ня толькі сама праблема БНР, а нават ня ўзгадваўся факт абвяшчэньня БНР?

Мазец: Міт узьнік пры канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў як вынік пошуку ў гістарычным мінулым часткай беларускай палітычнай эліты важкіх аргумэнтаў на карысьць права беларусаў жыць ва ўласнай сувэрэннай дзяржаве. Дадзены міт перш за ўсё трэба разглядаць як імкненьне да рэалізацыі галоўнай мары нацыі. А галоўная мара нацыі — стварэньне ўласнай нацыянальнай дзяржавы, якая найбольш поўна магла б задаволіць яе інтарэсы.

Ракіцкі: Дык як можна зьвязаць БНР з атрыманьнем незалежнасьці Беларусі ў 1990-я гады? Гэта было адраджэньне незалежнасьці Беларусі, абвешчанай у 1918 годзе, ці здабыцьцё яе?

Мазец: Так як нельга ўвайсці ў адну і тую ж раку двойчы, так і нельга казаць, што на пачатку 1990-х было адраджэньне незалежнасьці, абвешчанай у 1918 годзе. Нягледзячы на супадзеньне галоўнай мэты — стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы і частковае падабенства ўмоваў абвяшчэньня БНР і Рэспублікі Беларусь незалежнымі (распад Расейскай імпэрыі і распад СССР), агульныя геапалітычныя абставіны дзяржаваўтваральнага працэсу былі абсалютна рознымі. Калі ў 1918 годзе бальшыня эўрапейскіх краінаў былі незацікаўленыя ў існаваньні незалежнай беларускай дзяржавы, дык у пачатку 1990-х гадоў вялікія дзяржавы выступілі гарантамі захаваньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Ракіцкі: Ці паўплываў рэальна міт пра БНР як незалежную, нацыянальную, дэмакратычную дзяржаву на найноўшую гісторыю Беларусі? Без БНР не магла адбыцца сучасная Рэспубліка Беларусь?

Мазец:
Каб не гераічныя высілкі, накіраваныя на стварэньне нацыянальнай дзяржаўнасьці ў форме БНР, то бальшавікі не пайшлі б на абвяшчэньне ў 1919 годзе БССР.
Абсалютна дакладна можна сказаць, што каб не гераічныя высілкі, накіраваныя на стварэньне нацыянальнай дзяржаўнасьці ў форме БНР, то бальшавікі не пайшлі б на абвяшчэньне ў 1919 годзе БССР. У сваю чаргу БССР была адным з сузаснавальнікаў СССР. І хаця толькі фармальна яна мела ў тых умовах права выхаду з СССР, дадзенае права было якраз юрыдычнай асновай для дэнансацыі ў 1991 годзе саюзнай дамовы 1922 году. Вынікам мы сёньня маем незалежную Рэспубліку Беларусь.

Ракіцкі: А цяпер да пытаньня пра Раду БНР, якая працягвае сваю дзейнасьць у эміграцыі. Чаму яна працягвае існаваць, калі сучасная Беларусь — незалежная, прызнаная ва ўсім сьвеце краіна?

Мазец: Таму што на сёньняшні дзень існуе рэальная пагроза страта незалежнасьці. Амаль поўная эканамічная залежнасьць ад Расеі, у якой сёньня апынулася Рэспубліка Беларусь, можа прывесьці да страты палітычнай незалежнасьці і нават дзяржаўнасьці. Таму Рада БНР існуе як своеасаблівы ўрад у выгнаньні. Вядомы факт, што пасьля адраджэньня незалежнасьці першы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка дамагаўся, каб Рада БНР перадала атрыбуты дзяржаўнасьці БНР, у тым ліку пячатку, новым беларускім уладам. Але атрымаў адмову.

Ракіцкі: Якое месца міт БНР зойме ў новай Беларусі?

Мазец: Міт, як і любая мара перастае існаваць у сваёй ранейшай іпастасі, калі зрэалізаваны. Але падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем БНР, могуць і павінны знайсьці сваё месца ў працэсе станаўленьня ідэалёгіі нацыянальнай дзяржаўнасьці, праяўляцца ў стварэньні новых мастацкіх твораў.

Ракіцкі: Палітыка і ідэалёгія сучаснай беларускай улады часам пазбаўленыя лёгікі, ці прынамсі цяжка гэту лёгіку адшукаць. З вашага гледзішча, усё ж якога міту пра БНР трымаецца сучасная ўлада? Якое месца ў яе ідэалёгіі ён займае?

Мазец: Апошнія пятнаццаць гадоў практычна ніякае.
Ідэя БНР як сувэрэннай нацыянальнай дзяржавы знаходзілася ў відавочнай супярэчнасьці з ідэалёгіяй і практыкай пабудовы гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Ідэя БНР як сувэрэннай нацыянальнай дзяржавы знаходзілася ў відавочнай супярэчнасьці з ідэалёгіяй і практыкай пабудовы гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, скіраванай у сваю чаргу на абмежаваньне сувэрэнітэту, а таму міт пра БНР і ня быў запатрабаваны.

Ракіцкі: Калі ў аснове міту ляжыць мара ўсяго народу, значыць, гэта прыгожы міт. Што ён можа даць сучаснай Беларусі? Як яго варта разьвіваць?

Мазец: Гэта залежыць у першую чаргу не ад міту, а ад народу. Як адзначаў адзін са стваральнікаў БНР Аляксандар Цьвікевіч, “толькі безпасярэдняя воля народу, выражаная актыўным чынам, здольная стварыць трывалую дзяржаву”. Таму застаецца толькі спадзявацца на тое, што ва ўмовах існаваньня незалежнай Рэспублікі Беларусь у яе межах сапраўды жыве народ, аб’яднаны высокаю мараю, а не насельніцтва, якое кіруецца паўсядзённымі клопатамі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG