Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта спроба нацкаваць простых расейцаў супроць Беларусі”


Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін пракамэнтаваў заяву расейскага палітоляга Юрыя Салазобава адносна таго, што Кітай нібыта “будзе будаваць у Беларусі сыстэму сотавай сувязі падвойнага прызначэньня” і ў выніку атрымае магчымасьць “у цэнтры Эўропы мець вузел радыёлякацыйнай выведкі”.

Паводле Аляксандра Алесіна, расейскі палітоляг выкарыстаў адкрытыя зьвесткі пра тое, што беларускія дасьледчыкі распрацоўваюць сыстэму знаходжаньня паветраных цэляў з дапамогай сыгналаў сотавай сувязі. Аляксандар Алесін кажа, што асабіста сустракаўся з такімі дасьледчыкамі. На думку аглядальніка, калі такая сыстэма будзе распрацаваная, яна фактычна “перакрэсьліць дзеючыя сыстэмы радыёлякацыйнай выведкі”. Між тым Аляксандар Алесін мяркуе, што Кітай ня мае да гэтых беларускіх распрацовак ніякага дачыненьня. “Калі беларуская распрацоўка будзе прадавацца, яе зможа набыць і Кітай, але выкарыстоўваць яе зможа толькі на сваёй тэрыторыі, а не на беларускай адносна Эўропы”, — кажа Аляксандар Алесін. Зьяўленьне заявы палітоляга Юрыя Салазобава спадар Алесін тлумачыць палітычнымі прычынамі:

“Расея і раней спрабавала паказаць, што ня толькі ў іх там дрэнна. Яны „пэдалююць“ пагаршэньне сытуацыі ва Ўкраіне, краінах Балтыі і ў нас таксама. Бачна жаданьне нацкаваць расейскага простага грамадзяніна супроць Лукашэнкі асабіста і супроць Беларусі. Гэта, безумоўна, інфармацыйная правакацыя. Усё часьцей зьяўляюцца такія малаабгрунтаваныя выпады супроць Беларусі”.

Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, магчымасьць радыёлякацыйнай выведкі праз поле, якое ствараюць сыгналы сотавай сувязі, дасьледуецца ў шмат якіх разьвітых краінах сьвету, у тым ліку ў ЗША, Вялікабрытаніі ды ў іншых краінах, у тым ліку і ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG