Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск пакуль не адказвае БДІПЧу


Сёньня ў Варшаве кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган правялі сустрэчу ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

СЛУХАЦЬ:


На ёй апазыцыйныя палітыкі ставілі дзьве галоўныя мэты: першая — атрымаць інфармацыю, на якой стадыі знаходзяцца перамовы паміж Бюро і афіцыйнымі ўладамі наконт зьменаў у выбарчае заканадаўства. Другая — прасіць, каб Бюро накіравала на экспэртную ацэнку Вэнэцыянскай камісіі прапановы ня толькі ўладаў, але і Аб’яднаных дэмсілаў.


Анатоль Лябедзька і Алена Скрыган прыехалі ў Варшаву, дзе месьціцца офіс Бюро дэмакратычных інстытутаў, у якасьці чальцоў спэцыяльнай працоўнай групы. Яе стварылі пры Аб’яднаных дэмсілах, каб прасоўваць зьмены ў выбарчае заканадаўства Беларусі. Свой варыянт зьменаў група яшчэ раней накіравала ў Бюро.

Сёньня ў беларускіх апазыцыянэраў склалася ўражаньне, што Бюро адкрытае да дыялёгу. Іх суразмоўцы Конрад Альшэўскі і Макс Ліндбэрг (дырэктар Бюро спадар Ленарчыч знаходзіцца ў адпачынку і запрасіў дэлегацыю прыехаць у верасьні) некалькі разоў падкрэсьлівалі: Бюро ўвесь час настройвае прадстаўнікоў улады на неабходнасьць дыялёгу ўнутры краіны наконт зьменаў у Выбарчы кодэкс з палітычнымі партыямі і грамадзянскай супольнасьцю, кажа Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
“Мы ад’яжджаем з Варшавы ў аптымістычным настроі. Як высьветлілася, рэкамэндацыі БДІПЧ беларускім уладам сфармуляваныя ў выглядзе пляну дзеяньняў зь сямі пунктаў. Яны цалкам супадаюць з асноўнымі патрабаваньнямі дэмакратычных сілаў, якія зафіксаваныя ў нашым праекце. На сёньняшні дзень гэты плян знаходзіцца ў беларускіх уладаў. Але ніякіх адказаў Бюро пакуль не атрымала”.

Паводле Алены Скрыган, у апазыцыі шмат прапановаў наконт паляпшэньня Выбарчага кодэксу:

Алена Скрыган
“Галоўныя зьмены, якія мы хацелі б бачыць у Выбарчым кодэксе, гэта абавязковы ўдзел у складзе выбарчых камісіяў усіх рангаў прадстаўнікоў палітычных партыяў. Павінна быць гарантыя, а яе сёньня няма.

І другая вельмі важная зьмена, — каб было ліквідаванае альбо абмежаванае датэрміновае галасаваньне. Якім чынам гэта будзе зроблена, можна абмяркоўваць. Але ў нашых умовах гэта два абавязковыя патрабаваньні. Бязь іх выкананьня нашы выбары нельга прызнаць справядлівымі і чэснымі”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік нагадвае: рашэньне пра зьмены ў выбарчым заканадаўстве прымае не Бюро АБСЭ, а беларускі парлямэнт.

Мікалай Лазавік
“Але ж мая думка такая — можна ўсталяваць нейкую квоту для прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў у выбарчых камісіях. А вось з пастаноўкай другога пытаньня я катэгарычна ня згодзен. Датэрміновае галасаваньне — гэта ў першую чаргу магчымасьць для выбарцаў распараджацца сваім часам. Гэта магчымасьць гарантавана скарыстацца сваім правам, нават калі выбарцы зь нейкіх прычынаў ня могуць у дзень галасаваньня прысутнічаць на выбарчым участку. Ва ўсіх заходніх краінах датэрміновае галасаваньне набывае ўсё большы размах. Там стараюцца падоўжыць і час датэрміновага галасаваньня, і яго ўмовы — у тым ліку і праз пошту, і праз інтэрнэт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG