Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крызіс прыйшоў ва ўсёй сваёй красе”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 31ліпеня, пятніцу.


СЛУХАЦЬ:


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Аляксандар Лукашэнка бярэ ўдзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў краін АДКБ, якая праходзіць у Кыргызстане. На гэтую тэму выказваньне слухача:

Мікалаевіч, Маладэчна: “Хітраспляценьні Лукашэнкі і ягонай каманды ў адносінах з Расіяй — гэта Асэтыя і Абхазія, АДКБ, адмова ад грашовых разьлікаў і шматлікае іншае. Гэта ўжо падарвала давер да Беларусі як саюзніка і партнэра. У далейшым, акрамя страты працы для мільёнаў беларусаў, якія працуюць на рынак Расеі, ні да чога добрага гэта не прывядзе”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Ёсьць вельмі шмат краін, зь якімі Расея знаходзіцца далёка ня ў тых стасунках, у якіх яна фармальна знаходзіцца зь Беларусьсю. Я маю на ўвазе, што яны не будуюць “саюзную дзяржаву”. Разам з тым яны і гандлююць, і супрацоўнічаюць. Для таго, каб будаваць нармальныя адносіны, не абавязкова мець сьціслыя дачыненьні з Расеяй, як гэта спрабавала рабіць Беларусь. І тое, што зараз становішча нібыта пакрысе выпраўляецца, што пачынае працаваць і заходні вэктар нашай палітыкі, — гэта можна толькі вітаць”.

Наступнае тэлефанаваньне — з нагоды памілаваньня Аляксандрам Лукашэнкам двух злачынцаў зь вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія забілі аднавяскоўца, падазраванага ў падпалах:

Спадар: “Розныя меркаваньні наконт забойства ў вёсцы Пухавічы. Я хачу нагадаць, які наш самы справядлівы ў сьвеце беларускі суд. Дваццатага траўня дзевяноста шостага году лецішча фэрмэра Афанасьева Міхаіла Пятровіча ў Слуцкім раёне пачалі наведваць злодзеі. І вось ён вырашыў гэта прывартаваць: прыехалі ўдваіх, з канём і пачалі грузіць цэглу ў яго. Калі ён спытаўся, што яны робяць, яны дасталі нож. Завязалася бойка. Адзін са злодзеяў упаў галавой на цэглу і загінуў, другі — яго пакінуў і ўцёк. Дык вось гэтаму фэрмэру адмераў самы гуманны суд у сьвеце, беларускі, аж дванаццаць год калёніі ўзмоцненага рэжыму. І яшчэ зьбіралі ў вяскоўцаў пяцьсот подпісаў, каб адмераць яму вышэйшую меру”.

Мы, пэнсіянэры, у сваёй большасьці ў поўным сэнсе гэтага слова будзем галадаць
Далей выказваньні на іншыя тэмы:

Спадар: “Пакаяньне павінна быць, каб народ пачуў, што камуністы прызнаюць, незалежна ад таго, якую яны пазыцыю ў гэты момант з партыйным білетам займалі, што яны вінаватыя ва ўсіх тых зьверствах, у тых карах, у тых расстрэлах і наагул абставінах камуністычнага “раю”, яны вінаватыя непасрэдна. Яны павінны павініцца, пакаяцца перад усім народам. Вось тады народ адчуе, што нешта адбываецца”.

Ларыса: “Мы, пэнсіянэры, у сваёй большасьці ў поўным сэнсе гэтага слова будзем галадаць. Мы ня будзем пратэставаць, а проста нашай пэнсіі ўжо не хапае на самае неабходнае. А самае неабходнае — гэта харчаваньне і лекі. Тым больш, калі падымуць кошт яшчэ на камунальныя паслугі, то бок ваду, газ і іншае. Было сказана, што крызісу няма, а ён прыйшоў нечакана і ва ўсёй сваёй красе і б’е па пэнсіянэрах і малазабясьпечаных. Ёсьць неплацельшчыкі, а будзе яшчэ болей. Прызадумвайцеся, нашы начальнікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG