СЛУХАЦЬ:
Інфармацыя пра дзейнасьць камісіі па пытаньнях памілаваньня пры Аляксандру Лукашэнку вельмі абмежаваная. Вядома, што ў 2005 годзе яе ачоліла Натальля Пяткевіч. Гэта адбылося, калі з прэсавага сакратара Лукашэнкі спадарыня Пяткевіч была падвышаная да намесьніка кіраўніка ягонай адміністрацыі. Сьведка аднаго паседжаньня камісіі згадвае свае ўражаньні ад той ролі, якую выконвала Натальля Пяткевіч:
“Там усё праходзіла дастаткова фармальна. Напярэдадні прайшлі чуткі, што 7 чалавек памілуюць, гэтак і адбылося. Хаця давалі выказвацца ўсім па чарзе, але спрэчак не было, і галасаваньне адбывалася, як на камсамольскім сходзе. Усе за альбо ўсе супроць. Там абмяркоўвалі кандыдатуру адной жанчыны з малымі дзецьмі, яе маглі вызваліць, але Пяткевіч сказала, што не, хай яшчэ пасядзіць, і ніхто не запярэчыў. Наадварот, сказалі, канечне, хай сядзіць, дзецям у турэмным інтэрнаце будзе лепей! Бачна было, што Натальля Пяткевіч захапляецца гэтай рольлю, тым, што можа вырашаць лёсы людзей”.
Паводле сьведкі, у працы камісіі бралі ўдзел намесьнік кіраўніка пракуратуры Беларусі, намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду, міністар унутраных спраў, а грамадзкасьць прадстаўляў вядомы дзеяч культуры, набліжаны да ўлады. “Яны ўсе арыентаваліся на Пяткевіч, гэта было відавочна, і ёй гэта вельмі падабалася”, — кажа сьведка.
У 2008 годзе з-за кратаў выйшаў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Яго вызвалілі на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні, і фармальна лёс спадара Казуліна спачатку павінна была вырашаць менавіта камісія на чале з Натальляй Пяткевіч. Між тым Аляксандар Казулін пра ўдзел камісіі ў ягонай справе нічога ня ведае і дагэтуль ня мае дакумэнтальнага пацьверджаньня, што сапраўды памілаваны:
“Ніякіх папер не даюць. Мой адвакат неаднаразова зьвяртаўся ў адміністрацыю, яму нічога не перадалі. Тройчы проста адмовілі, а потым адказалі, што я вызвалены на падставе ўказу аб памілаваньні, але што ў тым указе, ніхто ня бачыў”.
Праваабаронца зь “Вясны” Валянцін Стэфановіч наракае на адсутнасьць адкрытай інфармацыі пра дзейнасьць камісіі па памілаваньні:
“Вельмі мала інфармацыі пра тое, хто памілаваны, ці апэлююць людзі да гэтай камісіі і якія рашэньні яна прымае па гэтых апэляцыях. Прыкладам, колькі чалавек было памілавана з прыгавораных да сьмяротнага пакараньня — такой інфармацыі няма зусім. Толькі ёсьць інфармацыя аб памілаваньні тых, хто праходзіць па эканамічных артыкулах і кампэнсаваў страты. Але бяз прозьвішчаў. Я ўжо не кажу пра нейкія кантакты гэтай камісіі з праваабарончымі арганізацыямі — іх ніколі не было”.
Адна з вэрсій вызваленьня Натальлі Пяткевіч з пасады кіраўніка камісіі, якія фігуруюць у інтэрнэце, — тая, што нібыта ня ўсе грошы зь ліку кампэнсацый патрапілі ў бюджэт, і ў зьвязку з гэтым да яе маглі зьявіцца прэтэнзіі. Між тым вэрсію пра нібыта злоўжываньні ў адміністрацыі не камэнтуюць, як і чуткі пра тое, што Натальля Пяткевіч, якая нядаўна ў другі раз пабралася шлюбам, сабралася ў дэкрэтны адпачынак.
Паводле крыніцы ў адміністрацыі, якая прасіла яе не называць, паўнамоцтвы старшыні камісіі па памілаваньні перададзеныя намесьніку кіраўніка адміністрацыі Валеру Міцкевічу, які заняў гэтую пасаду ў студзені, калі Натальля Пяткевіч пайшла на падвышэньне. Паводле крыніцы, перадача функцый адбылася таму, што менавіта за пасадай намесьніка замацавана старшынства ў камісіі па памілаваньні. Незалежныя назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што для перадачы функцый старшыні спатрэбілася ажно паўгода.