Камэнтуючы словы памочніка прэзыдэнта Расеі Сяргея Прыходзькі, Валянцін Рыбакоў выказаў задавальненьне тым, што расейскі бок нарэшце перастаў скарыстоўваць паслугі "ананімных" крыніц у Адміністрацыі прэзыдэнта РФ. Што датычыць заявы расейскага чыноўніка аб тым, што прэзыдэнт Беларусі "павінен падпісаць дакумэнты" па стварэньні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня, то, паводле слоў Рыбакова, Беларусь як сувэрэнная незалежная дзяржава сама будзе вызначаць, якія менавіта дакумэнты АДКБ і ў якія тэрміны падпісваць.
Нагадаем, на прэсавай канфэрэнцыі 28 ліпеня ў Менску пасол Кыргызстана ў Беларусі Ішанкуль Балджурава паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка плянуе прыбыць у Кыргызстан 30 ліпеня. Дыплямат не выключыла, што ў ходзе нефармальнага саміту прэзыдэнты будуць абмяркоўваць пагадненьне аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ, якое не падпісала Беларусь. "Нефармальны саміт не прадугледжвае падпісаньня якіх-небудзь дакумэнтаў. Але калі ўдзельнікі ўгавораць кагосьці з прэзыдэнтаў, хто не падпісаў, то магчыма падпісаньне на наступным афіцыйным саміце", — сказала Балджурава.
Як паведамлялася раней, перад пачаткам саміту ў Маскве беларускае МЗС нотай папярэдзіла АДКБ аб адсутнасьці кансэнсусу для прыняцьця дакумэнтаў на сэсіі Савета калектыўнай бясьпекі і аб тым, што Менск не даваў згоды на прыняцьце гэтых дакумэнтаў. Нягледзячы на такую пазыцыю, 14 чэрвеня ўдзельнікі саміту падпісалі пакет дакумэнтаў, галоўны зь якіх — пагадненьне аб стварэньні КСАР. Пасьля гэтага МЗС Беларусі аб'явіла, што гэтыя дакумэнты "па сваёй юрыдычнай прыродзе зьяўляюцца дакумэнтамі групы дзяржаў і не маюць статусу і сілы рашэньняў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы".
Расія, якая з-за адсутнасьці на саміце Беларусі ўзяла на сябе функцыі часовага старшыні ў АДКБ, наадварот, лічыць прынятыя дакумэнты легітымнымі.