Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лекараў "збольшага" няма страху за жыцьцё Аўтуховіча


Як выходзіць з галадоўкі прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які галадаваў 91 дзень і спыніў свой пратэст 16 ліпеня? Што вядома пра здароўе моладзевага актывіста Арцёма Дубскага, які галадуе з 17 ліпеня ў бабруйскім сьледчым ізалятары?

СЛУХАЦЬ:


Ала Міхеева, загадчыца мэдычнай часткі менскага ізалятара на Валадарскага, штосерады прымае сваякоў вязьняў. Адказы на мае пытаньні адносна здароўя Мікалая Аўтуховіча Ала Міхеева забараніла запісаць на дыктафон, таму перадам іх сваімі словамі. Лекарка сказала, што Мікалай Аўтуховіч пачуваецца “значна лепей, у яго лепшыя аналізы, хаця непакоіць ціск”. “Збольшага цяпер ужо ў нас няма страху за ягонае жыцьцё”, — сказала Ала Міхеева. На маю просьбу лекарка пазваніла ў мэдычную частку, каб удакладніць, на колькі кіляграмаў паправіўся Мікалай Аўтуховіч з часу спыненьня галадоўкі. Доктарцы паведамілі, што “болей як на 2,5 кіляграма”.

Ала Міхеева сказала, што вязень яшчэ ня есьць адмысловай ежы, якую яму гатуюць у ізалятары, але яна разьлічвае, што хутка ён пяройдзе і на гэтыя стравы. “Пакуль п’е сокі і булёны, потым пачне кашы. Думаем, што недзе праз тыдзень ужо можна будзе пераводзіць яго з мэдычнай часткі ў звычайную камэру”, — сказала Ала Міхеева.

21 ліпеня з Аўтуховічам у ізалятары бачыўся ягоны адвакат Павал Сапелка. Сябра Аўтуховіча юрыст Алег Воўчак перадае словы адваката:

Алег Воўчак
“Сказаў, што па-ранейшаму знаходзіцца ў мэдычнай частцы. Што прымае сокі і цёртую садавіну, у адпаведнасьці з просьбамі Аўтуховічу праз 5 дзён перададуць дадатковыя харчы, неабходныя для выхаду з галадоўкі. Сказаў так: “Ня ведаю, што кажуць дактары, але выглядае Аўтуховіч яшчэ вельмі слабым і стомленым”.

Жонка Аўтуховіча Алена трэці месяц знаходзіцца за межамі краіны — яна зьехала на лячэньне. Дачка прадпрымальніка вучыцца ў Польшчы. Алег Воўчак паведаміў, што мае ад Аўтуховіча засьведчаную натарыюсам даверанасьць на выкананьне юрыдычных і гаспадарчых даручэньняў. Каб дзейнічаць паводле гэтай даверанасьці ад імя арыштаванага чалавека, патрэбны дазвол сьледчага. Алег Воўчак абураецца, што ўжо месяц ня можа атрымаць такі дазвол:

“Пазаўчора атрымаў адказ ад сьледчага Віктара Клачко, што гэтую даверанасьць будуць правяраць на сапраўднасьць. Такога ў маёй юрыдычнай практыцы яшчэ не было, каб гэтак доўга правяралі даверанасьць, якую заверыў сваім подпісам і пячаткай натарыюс. Мяркую, гэта робіцца наўмысна, каб стварыць дадатковыя цяжкасьці для сям’і Аўтуховіча”.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца за кратамі з 8 лютага. Прадпрымальнка абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта і падазраюць у датычнасьці да захоўваньня гранатамёту. Сваёй віны Аўтуховіч не прызнае і кажа пра палітычны перасьлед.


З 17 ліпеня галадуе ў бабруйскім сьледчым ізалятары моладзевы актывіст Арцём Дубскі. Вось што вядома актывісту з Бабруйску Максіму Чарняку пра свайго сябра:

“Які ў яго стан, зараз я дакладна ня ведаю, але маці казала, што дрэнна яму. Яна яго бачыла на судзе і зараз, у ізалятары, і ёй не спадабалася, як ён выглядае. Кажа, што рукі былі бела-сінія. Такім чынам, чалавек мяняецца, і, пэўна, яму дрэнна. Але галадоўку ён не адмяняў, яна ўжо цягнецца зь пятніцы”.

Гэта быў Максім Чарняк, моладзевы актывіст з Бабруйску, дзе ў ізалятары трымае галадоўку актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі.

Арцём Дубскі
Арцём Дубскі быў пакараны двума гадамі абмежаваньня волі у “справе 14-ці”. Яго абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта прывялі да масавых беспарадкаў падчас акцый пратэсту прадпрымальнікаў. 3 сакавіка была распачатая чарговыя крымінальная справа за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня, калі ён зьехаў без дазволу ўчастковага інспэктара ва Ўкраіну. 7 ліпеня Асіповіцкі суд пакараў хлопца годам пазбаўленьня волі за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня ў “справе 14-ці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG