Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізаў клічуць на вуліцу


У Кіргізстане прайшлі прэзыдэнцкія выбары. На прэзыдэнцкую пасаду прэтэндавалі цяперашні прэзыдэнт краіны Курманбэк Бакіеў і пяць іншых кандыдатаў. Але два з супернікаў Бакіева — Алмазбэк Атамбаеў і Жэнішбэк Назараліеў — заявілі сёньня, што з увагі на шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства яны адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах

Бакіеў быў выбраны прэзыдэнтам у 2005 годзе, пасьля гэтак званай "рэвалюцыі цюльпанаў", якая пазбавіла ўлады папярэдняга прэзыдэнта Аскара Акаева. Бакіеў, які ўзначальваў адзін з апазыцыйных рухаў падчас "рэвалюцыі цюльпанаў", атрымаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ліпені 2005 году амаль 89 адсоткаў галасоў.

Наблізіць праблематыку сёлетніх выбараў у Кіргізстане мы папрасілі Надыра Мамунава, супрацоўніка кіргіскай службы Радыё Свабода ў Бішкеку.

Ян Максімюк:
Спадар Мамунаў, толькі што закончыліся выбары ў Кіргізстане. Аналітыкі кажуць, што ў гэтых выбарах не было ніякай інтрыгі, і што перамога цяперашняга кіраўніка дзяржавы Курманбэка Бакіева была прадвызначана. Чаму? Чым добрым запомніліся кіргізам чатыры гады ягонага прэзыдэнцтва?
Курманбек Бакіеў

Надыр Мамунаў: За гэтыя чатыры гады, калі згадаць толькі найважнейшае, у Кіргізстане ўдалося запусьціць некалькі буйных гідраэнэргетычных праектаў за кошт унутраных рэсурсаў Кіргізстану. Добрая эканамічная каньюнктура спрыяла цяперашняму прэзыдэнту. Акрамя гэтага, за гэты час удалося ўрэгуляваць некаторыя зьнешнепалітычныя пытаньні. Як вы ведаеце, на тэрыторыі Кіргізстану разьмяшчалася база ЗША. Цяпер наём гэтай базы, перайменаванай на "цэнтар транзытных перавозак", быў прадоўжаны на год на больш выгадных для Кіргізстану ўмовах. Штогод амэрыканцы будуць плаціць 60 мільёнаў даляраў, а раней плацілі 13 мільёнаў даляраў. Дык вось, з гледзішча інтарэсаў Кіргізстану ўсе гэтыя крокі паспрыялі дзейнаму прэзыдэнту.

Ян Максімюк:
На пасаду прэзыдэнта Кіргізстану, акрамя Бакіева, прэтэндавалі яшчэ пяць кандыдатаў. Ці ў каго-небудзь зь іх былі шанцы пазмагацца з Бакіевым на роўных?

Надыр Мамунаў:
Я згадаю толькі двух найбольш яскравых кандыдатаў. Гэта перш за ўсё лідэр кіргіскіх сацыял-дэмакратаў Алмазбэк Атамбаеў. Ён быў прэм’ер-міністрам Кіргізстану, міністрам, доўгі час быў дэпутатам. Ён таксама пасьпяховы бізнэсмэн і прадпрыемец. Ён, натуральна, мае добрую базу падтрымкі. Ён даказаў сваю кампэтэнтнасьць. Другі кандыдат, які папулярны ня толькі ў Кіргізстане, але і за яго межамі, гэта доктар-нарколяг Жэнішбэк Назараліеў. Я сказаў бы, што гэта сапраўды неардынарныя асобы, пасьпяховыя мэнэджэры, маладыя палітыкі, і ў іх яшчэ ўсё наперадзе.

Ян Максімюк: Прэзыдэнцкія выбары ў Кіргізстане ў 2005 годзе АБСЭ ацаніла як зусім прыстойныя, што тычыцца свабоды волевыяўленьня ды дэмакратычных стандартаў. Здаецца, што гэта быў адзіны такі выпадак у Сярэдняй Азіі. А як цяпер выглядалі справы са свабодай перадвыбарчай кампаніі ды ўвогуле зь іншымі свабодамі ў Кіргізстане, уключаючы свабоду СМІ?

Надыр Мамунаў: На гэтае пытаньне я адкажу такім чынам. Кіргізстан знаходзіцца ў эпіцэнтры Сярэдняй Азіі. Натуральна, што ён ня можа не адчуваць уплыву атачэньня. Натуральна, гэта не Швэйцарыя, гэта не Эўропа. Усе гэтыя дэмакратычныя свабоды знаходзіліся ў вельмі зародкавым стане, і трэба было іх падкормліваць, падтрымліваць. Я пагаджаюся са шматлікімі палітолягамі і экспэртамі, што ў апошнім часе назіраўся пэўны адкат, у прыватнасьці, у СМІ. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у краіне практычна не аказалася ні аднаго элкетроннага СМІ, ні аднаго тэлеканалу, на якім апазыцыйны кандыдат мог бы данесьці да насельніцтва сутнасьць сваёй праграмы.

Супернік Бакіева Атамбаеў заклікаў кіргізаў выйсьці на вуліцы сёньня і заўтра, каб запратэставаць супроць выбараў, якія ён лічыць несправядлівымі і сфальшаванымі. Бакіеў адкінуў гэтыя абвінавачаньні.

А сёньняшняе выданьне "International Herald Tribune" крытыкуе адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Барака Абамы за тое, што яна маўчыць, калі ў Кіргізстане зноў пачаліся зьбіцьці і нават забойствы палітычных апанэнтаў прэзыдэнта Бакіева і незалежных журналістаў. Газэта зьвязвае маўчаньне Вашынгтону з жаданьнем захаваць паветраную базу ў Кіргізстане, якая забясьпечвае пастаўкамі амэрыканскую вайсковую апэрацыю ў Аўганістане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG