Суды ўсіх інстанцый, куды абскарджвала прысуд Брожава, пакідалі яго ў сіле. Уключаючы і Канстытуцыйны суд. Просьбу аб памілаваньні адхіліў і прэзыдэнт Вацлаў Клаўс. Назіральнікі працэсу зьвяртаюць увагу: дараваць і мілаваць не было падставаў, бо Брожава ні ў чым не раскаялася. “Я слухала старэйшых таварышаў, цьвердзіць яна, і старалася зрабіць усё, каб “дапамагчы рэспубліцы”.
Гэта зьняволеная адказвае за свае ўчынкі паўвекавой даўніны, калі яна была інструмэнтам камуністычнага рэжыму. Брожава аказалася адной з апошніх удзельніц так званага “юрыдычнага забойства” канца саракавых гадоў. Тады ў Чэхаславаччыне праходзіў самы гучны працэс, інсцэніраваны паводле ўзору савецкіх “чыстак” 30-х гадоў. Брожава-Поледнава, якая мела за плячыма выступы ў Тэатры маладых піянэраў і нешта накшталт юрыдычнага рабфаку, стала пракурорам.
На галоўную ролю у групе абвінавачаных таксама была абраная жанчына. Мілада Горакава была вядомай дзяячкай жаночага руху, прыхільніцай сацыялістычных ідэй. Некаторы час яна нават уваходзіла ў Раду сяброў СССР, але пасьля візыту ў Савецкі Саюз і ўмяшаньня савецкіх камуністаў у справы пасьляваеннай Чэхаславаччыны Горакава стала арыентавацца на заходнія дэмакратыі. Яна была абвінавачаная ў тым, што рыхтавала вяртаньне краіны да капіталізму, супрацоўнічала з заходнімі цэнтрамі і перадавала інфармацыю «варожым агентам».
Горакава стала адзінай ва ўсходнім блёку жанчынай (акрамя СССР), асуджанай на сьмерць па палітычных матывах. Летам 1950 году яе павесілі ў праскай турме.
Усяго на сьмерць у працэсе Горакавай было асуджана чатыры чалавекі, многія атрымалі вялікія тэрміны. Месца пахаваньня Горакавай невядома, але яна цалкам рэабілітаваная, адна з вуліц Прагі носіць яе імя.
Чэскае грамадзтва неадназначна ўспрымае позьні акт справядлівасьці ў адносінах жанчыны-пракурора, якая паслала Горакаву на сьмерць. Кіпіць дыскусія пра тое, ці трэба адпусьціць старую дадому, ці трэба ўстанавіць вышэйшую ўзроставую мяжу адказнасьці і ў якой форме сучасная дэмакратыя можа судзіць злачынствы таталітарызму.