8 ліпеня госьцем перадачы “Ваша Свабода. Вынікі дня” быў паэт, былы палітвязень Славамір Адамовіч.
СЛУХАЦЬ:
Ганна Соўсь: Славамір, апошнім часам вы неаднаразова гаварылі, што зьбіраецеся вяртацца ў Беларусь. А зараз назвалі і дакладную дату вяртаньня – 18 ліпеня. Але ў вас ёсьць праблемы з дакумэнтамі, а дакладней скончаныя тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту. Раскажыце, калі ласка, як вы мяркуеце вырашыць гэтую сытуацыю?
Славамір Адамовіч: Я думаю, што за дапамогай нашай беларускай мытнай і памежнай службы гэтая сытуацыя вырашыцца. Я буду ехаць з усімі дакумэнтам, якія маю на руках -- з пашпартам, тэрмін дзеяньня якога скончыўся.
Соўсь: А чаму вы ня можаце падоўжыць беларускі пашпарт?
Адамовіч: Проста далекавата ехаць у Швэцыю, у Стакгольм з маёй нарвэскай Буды, гарадка, у якім я жыву апошнія пяць гадоў. Таму я вырашыў ехаць з тымі дакумэнтамі, якія маю на руках.Проста гэта непад'емна, разумееце, 2 000 кілямэтраў адлегласьць толькі ў адзін бок... Хаця я не бачу ніякай праблемы ў тым, каб яны выслалі мне гэтую даведку поштай. Адным словам , у дзяржаўных інстытуцыяў свае правілы, у мяне свае, таму я і еду так, сваім ходам.
Соўсь: І спадзяецеся на прыхільнае стаўленьне беларускіх памежнікаў?
Адамовіч: Так.
Соўсь: А чаму вырашылі вярнуцца ў Беларусь? Што не спадабалася ў Нарвэгіі?
Я лічу, што і так зрабіў усё, што мог, усё, што лічыў патрэбным. Заўсёды надыходзіць час прымаць нейкія рашэньні . Час на вяртаньне
Соўсь: Што думаеце рабіць у Беларусі? Займацца выключна паэзіяй? А палітыкай?
Наконт палітыкі, пакажа сытуацыя, баюся, што нават калі я не захачу ёй займацца, яна ўцягне мяне зноў у свае рэчышча
Соўсь: У траўні адбылася прэзэнтацыя кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. 21 стагодзьдзе”, “Адзін дзень палітвязьня”. Гэтая кніга адкрываецца вашай гісторыяй як аднаго з першых беларускіх палітвязьняў. На прэзэнтацыі была Ваша маці Юзэфа Чантарыцкая і яна прачытала вельмі кранальны свой верш пра свайго сына, пра Вас. Колькі вы не бачыліся з маці? Ці была ў яе магчымасьць прыехаць да вас у Нарвэгію?
Адамовіч: Не, вядома, у яе такой магчымасьці не было. Дый і здароўе... Трэба, каб нехта быў зь ёй. Мы не бачыліся апошнія пяць гадоў ўжо.
Соўсь: І напэўна па вяртаньні, ваш першы маршрут будзе ў раён Маладэчна.
Адамовіч: Зразумела. На паўночны захад Беларусі, дзе мой хутар, дзе мой дом. Так што туды.
Соўсь: Казалі, што зьбіраецеся зрабіць фотавыставу. Я глядзела ваш дзёньнік у інтэрнэце, і прыцягнуў ўвагу здымак з лісам. Напісалі "Мой сябра ліс". Раскажыце , што гэта за ліс, жыве недалёка ад вас?
Адамовіч: Гэта такі гарадзкі зьвер. Ён бедны быў кульгавы . Відаць, лапку зламаў. Бачна, што малады. Недзе тут жыве ў нашым парку ў горадзе. І мне ўдалося яго зьняць. Ён не баяўся людзей.
Соўсь: У вашым дзёньніку у інтэрнэце выстаўленыя вашы апошнія вершы, як па-расейску і па-беларуску. Можаце на разьвітаньне прачытаць вашы апошнія радкі.
Адамовіч: Чатыры апошнія радкі, якія я напісаў у апошнія хвіліны.
Бывай, Нарвэгія! Я ведаю,
ты будзеш мне сьніцца ў геамэтрычных снах
твая паўночная Е6 дарога
і сьлед мой на скале ў тваіх гарах.
***
Славамір Адамовіч нарадзіўся 8 сакавіка 1962 г. на станцыі Унежма Анескага раёну Архангельскай вобласьці. Беларус. Скончыў Сьвірскае СПТВ № 17. Працаваў у Казахстане, у саўгасе «Будслаўскі», на Беларускай чыгунцы, станкабудаўнічым заводзе імя Kiрава ў Менску. У 1992 г. скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1991–1995 гг. працаваў у «Настаўніцкай газеце». У 2000 г. знаходзіўся ў ЗША, працаваў на будоўлях Нью-Ёрку. У верасьні 2002 г. паехаў працаваць у Нарвэгію, дзе папрасіў палітычнага прытулку. У разводзе, мае дачку. У лістападзе 1995 г. Славамір Адамовіч напісаў верш «Убей президента!», за што быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку, празь дзесяць месяцаў зьняволеньня адпушчаны пад падпіску пра нявыезд. У жніўні 1997 г. на адным зь мітынгаў публічна «зашыў» сабе рот