Але ў 1990 і 1991 гадох, калі адбыліся першае і другое „Басовішча”, я быў моцным беларускім нацыяналістам і ведаў на памяць словы ўсіх песьняў з альбомаў „Чужаніца” і „Краіна доўгай белай хмары” гурту „Ўліс” (напісаў іх паэт Фэлікс Аксёнцаў, які, згодна з добрай рок-традыцыяй канца 60-х і пачатку 70-х, лічыўся паўнапраўным чальцом гурту).
На першым і другім „Басовішчы” я быў вядоўцам фэстывалю — арганізатары зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) запрапанавалі мне гэтую ролю ня толькі таму, што я быў асабіста знаёмы з гуртом „Уліс” і лічыўся іхным ганаровым мэнэджэрам (прынамсі на Беласточчыне), але і таму, што сярод малодшага беларускага пакаленьня ў Польшчы належаў да тых нешматлікіх, якія маглі лягічна зьвязаць некалькі сказаў на беларускай літаратурнай мове.
Натуральна, усе тады ў БАСе зусім свабодна гаварылі па-падляску. Але вазьмі ты і скажы са сцэны па-падляску, калі пад сцэнай кучы савецкіх суродзічаў, якія толькі што навучыліся гаварыць на літаратурнай і думалі, што на Беласточчыне на ёй гавораць усе, так бы мовіць, спакон веку... А мы яе ж таксама вывучылі зусім нядаўна. Так што прыйшлося гаварыць мне, хоць у мяне ўжо было двое малалетніх хлапцоў, якім трэба было зарабляць грошы на абутак і вопратку, а не прапіваць нішчымныя журналісцкія заробкі з рокерамі і рокеркамі (гэта, відаць, нейкая рэмінісцэнцыя з тагачасных сямейных маналёгаў мае жонкі — яна, дарэчы, пакінула нашых хлапцоў пад апекай бабці ў Бельску і таксама прыперлася на „Басовішча”). На сцэне я выступаў у пінжаку свайго брата і амэрыканскіх ботах, пазычаных ад аднаго сьвежасьпечанага капіталіста.
Хочацца сказаць нешта душашчымлівае, але ў галаву пруцца нейкія таўталёгіі. Прыкладам, такая: на першым „Басовішчы” ўсё было першае. Ну бо й фактычна: ня толькі мы зь Беласточчыны, але і бальшыня тых, каму ўдалося ў 1990 годзе даехаць у Гарадок зь Беларусі, упершыню пачулі на нармальным („несавецкім”) канцэрце Віктара Шалкевіча, Касю Камоцкую, Алеся Камоцкага, „Уліс”, „Мрою”. Гэта было як адкрыцьцё нейкай невядомай дагэтуль краіны. І сапраўды так яно было — мы адкрывалі для сябе новую краіну і думалі, што неўзабаве станем у ёй абжывацца...
Прыгадваецца яшчэ, як на першае „Басовішча” зь Беларусі прыехаў аўтобус нацыяналістаў (ачоленых Уладзімірам Арловым і Міхасём Ткачовым), якія ехалі пад Грунвальд сьвяткаваць перамогу польска-літоўскага (беларускага) войска над "крыжацкай немчурой". І памятаю разгубленасьць менчукоў, калі мы, беластоцкія, сказалі ім, што няма чаго туды ехаць, бо ў 1410 годзе войска Вітаўта ваявала не на тым баку... Гэта была ці ня першая публічная нагода, калі выявілася разьбежнасьць поглядаў на беларускі лёс паміж беластоцкімі і небеластоцкімі беларусамі.
Першае і другое „Басовішча”, наколькі помню, — гэта быў суцэльны арганізацыйны хаос і імправізацыя. Існавала нейкая праграма выступаў, але яна была, так бы мовіць, віртуальная, бо ўсё залежала ад таго, калі і ці ўвогуле прапусьцяць выканаўцаў празь мяжу. У гэтым сэнсе, відаць, няшмат зьмянілася. Сёлета — першае „Басовішча”, калі паміж Беласточчынай і РБ пралягла шэнгенская мяжа.
Выступы Шалкевіча, Камоцкіх, „Уліса” і „Мроі” зрабілі на першым „Басовішчы” ашаламляльнае ўражаньне, таму нічога дзіўнага, што ўсіх іх запрасілі на другое.
На другім „Басовішчы” я пазычыў на сцэну строй (падраныя джынсы і цяжкія боты, якія А. Бахарэвіч называе „акупантасамі”) ад аднаго панк-студэнта. Свае сьвежанабытыя "адыдасы" я пакінуў у намёце, адкуль іх сьвіснуў яшчэ нехта бяднейшы за мяне.
Кася Камоцкая выступала з гуртом „Новае неба” — гэта быў бадай ці не найлепшы выступ за ўсю гісторыю „Басовішча” (прынамсі тую гісторыю, што я помню, недзе да паловы 90-х).
І яшчэ запамяталася разгубленасьць і сум, калі хлопцы з „Уліса” сказалі мне, што выступаць без свайго вакаліста, Андрэя Патрэя, яны ня будуць. Нейкі час да таго Андрэй расстроіўся псыхічна і трапіў у лякарню. У Борыку было блізка да поўначы і падаў дождж, калі я са сьціснутым сэрцам паведамляў са сцэны, што выступу „Ўліса” ня будзе. З гукаўзмацняльнікаў гучалі незабыўныя словы, — „Краіна доўгай белай хмары! Мы не растлумачым, скуль прыйшлі...” — а ў вачах нашых дзяўчат (замужніх і не зусім) блішчэлі сьлёзы.
Спампаваць відэа