Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскі базар у Віцебску” пройдзе пад знакам Пагоні


На адміністратыўным шматпавярховым будынку побач зь летнім амфітэатрам, дзе праходзяць усе фэстывальныя канцэрты, зьявіўся лёзунг “Квітней, родная Віцебшчына” і нядаўна зацьверджаны герб вобласьці — “Пагоня” ў вянку з дубовага лісьця.

У цэнтры фэстывальнага Віцебску сёлета як ніколі шмат надпісаў па-беларуску: на доме нумар 28 па вуліцы Леніна — які быў вядомы ў горадзе як так званы “сіні дом”, але перад фэстывалем яго перафарбавалі ў белы колер — у прыцемках сьвеціцца надпіс “Славянскі базар” і ягоны сымбаль — валошка.

«Сіні дом» перафарбавалі ў белы колер і замянілі надпіс «Віцебск» на «Славянскі базар»
На будынку цераз дарогу вялікімі чырвонымі літарамі напісана “Квітней, родная Віцебшчына!”, а побач разьмешчаны герб вобласьці, створаны з ініцыятывы цяперашняга губэрнатара Аляксандра Косінца — выява “Пагоні” на чырвоным шчыце.

Але, на думку фотамайстра Сяргея Серабро, які
Самым папулярным жанрам “Славянскага базару” выявіўся расейскі шансон.
штогод здымае фэстывальны горад, беларушчына ў Віцебску хіба што вось такая візуальная, а ўласна “Славянскі базар” наўрад ці можна лічыць нацыянальным фэстам. Прыклад таго — “Алея зорак”, адкрытая сёньня недалёка ад Летняга амфітэатру.

“Пяць гранітных чорных плітаў, на якіх чамусьці ня зорка, а валошка — відаць, таму, што гэта сымбаль „Славянскага базару“, імя і дата. Складаецца нават уражаньне, што гэта нейкія магільныя пліты. Пяць імёнаў: Пятроў, расейскі кампазытар, Пахмутава, Ратару, Лявонцьеў і Пугачова. Людзі адзначаюць, што на алеі няма ніводнага беларускага дзеяча мастацтваў. Кажуць, была гаворка, каб ушанаваць Мулявіна, але далей не пайшло”, — гаворыць Сяргей Серабро.

“Алея зорак” са штучных дрэў ля амфітэатру

Яшчэ алея зорак адметная дзясяткам плястыкавых дрэваў зь лямпачкамі замест лісьця. Колькі яны каштавалі гораду, ніхто ня кажа.

Што да фінансаваньня самога “Славянскага базару”, то дырэктар Радыён Бас на першай прэсавай канфэрэнцыі адзначыў, што яно засталося на ўзроўні мінулага году — значыць, з улікам інфляцыі і дэвальвацыі фактычна зьменшылася. Журналістам распавялі таксама, што адбыліся зьмены ў журы конкурсу маладых выканаўцаў: ачоліць яго Лайма Вайкуле, бо Мікалай Баскаў адмовіўся ад удзелу ў фэстывалі. Афіцыйная прычына — хвароба, празь якую расейскі артыст нібыта адмяніў усе свае гастролі. На канцэртах замест яго выступяць іншыя расейскія эстрадныя зоркі: Леанід Агуцін і Аляксандар Малінін.

Будынак ля амфітэатру аздобілі новым лёзунгам.



Паводле традыцыі, на адкрыцьці “Славянскага базару” мае прамаўляць Аляксандар Лукашэнка. Дзеля ягонага візыту ў горадзе навялі надзвычайную чысьціню і ладзяць адмысловыя захады бясьпекі: трапіць у амфітэатар можна толькі праз тры міліцэйскія кардоны з мэталадэтэктарамі.

Увогуле ж у цэнтры гораду такіх кардонаў ажно 31 — амаль утрая больш, чым летась. Паводле папярэджаньня, надрукаванага ва ўсіх віцебскіх газэтах, у навакольле амфітэатру забаронена праносіць зброю, вострыя прадметы, напоі дазваляюцца толькі ў празрыстых бутэльках ёмістасьцю да паўлітра.

Аднак жыхар Гарадка Леанід Аўтухоў, старшыня мясцовай суполкі Партыі БНФ, пераканаўся, што ёсьць і іншыя абмежаваньні:

“Мяне спыніў АМАП з мэталашукальнікамі, міліцыянт ткнуў пальцам у выяву бел-чырвона-белага сьцяга, гэта ў мяне значык такі. Маўляў, гэта забароненая сымболіка. І не пусьцілі мяне далей. Зь іхных тлумачэньняў, гэта сьвята не для народу, а для „лукашыстаў“. І ўсім ужо абрыдла яно: з Гарадка, да прыкладу, ужо ня езьдзяць, як раней. Бо, па-першае, галеча, а па-другое, там усё адно й тое самае”.

Ажыятажу каля касаў няма.

Найдаражэйшыя квіткі — на сёньняшняе адкрыцьцё “Славянскага базару” — каштуюць 360 тысяч рублёў. Сярэдні кошт квіткоў на сольныя канцэрты — ад 100 да 180 тысяч. Дарэчы, у касах засталіся нераспрададзеныя квіткі практычна на ўсе канцэрты, апрача аднаго: самым папулярным жанрам “Славянскага базару” выявіўся расейскі шансон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG