Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыярытэты Бузэка — эўрапейская будучыня Беларусі


Ежы Бузэк
Ежы Бузэк
Польскі палітык, эўрапарлямэнтар, сябра Эўрапейскай Народнай Партыі Ежы Бузэк мае надзвычай высокія шанцы на абраньне 14-16 ліпеня прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту, пішуць эўрапейскія выданьні.

Тым часам былы прэзыдэнт ЭП немец Ганс-Герт Пётэрынг ужо павіншаваў 69-гадовага Бузэка з гэтай пасадай, даючы зразумець, што гэта ўжо вырашаная справа. Пётэрынг вітае тое, што сьпікерам упершыню можа быць абраны ўсходнеэўрапейскі палітык.

Сябрам Эўрапарлямэнту колішні польскі прэм’ер і актывіст “Салідарнасьці” стаў у 2004 годзе. Ён уваходзіў у склад парлямэнцкай дэлегацыі па Ўкраіне, а таксама працаваў у Камітэце па пытаньнях прамысловасьці, дасьледаваньняў і энэргетыкі.

Як піша са спасылкай на аднаго нямецкага палітыка Koelnische Rundschau, сярод галоўных прыярытэтаў Бузэка — перадусім эўрапейская будучыня Ўкраіны ды Беларусі і, зразумела, энэргетычная палітыка.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і назіральнікі зь іншых краін.

Як лічыць польскі палітык Яцэк Пратасэвіч, калі Бузэка абяруць на пасаду сьпікера, то цягам бліжэйшых сама меней двух з паловай гадоў (на такі час абіраецца сьпікер) Польшча будзе мець істотны ўплыў на палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае:

Раман Якаўлеўскі
“Пасьля нядаўніх выбараў эўрадэпутатаў ад Польшчы сярод іх, на жаль, не аказалася некаторых палітыкаў, якія раней актыўна адстойвалі інтарэсы дэмакратычнай Беларусі. Асабліва шкада адсутнасьці Януша Анышкевіча. Хачу згадаць, што менавіта з ініцыятывы польскай дэлегацыі ў мінулай кадэнцыі Беларусь (БАЖ і Аляксандар Мілінкевіч) двойчы атрымалі прэмію імя Андрэя Сахарава.

Але, калі Бузэк ачоліць Эўрапарлямэнт, гэта будзе на карысьць дэмакратычнай Беларусі. Ён цалкам у беларускай тэме і добра ведае, што адбываецца ў краіне”.

У склад Эўрапарлямэнту ўваходзяць 736 дэпутатаў ад краінаў, якія зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG