Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмны лекар кажа, што ў Аўтуховіча "палепшыліся аналізы"


Мікалай Аўтуховіч. Фота з архіву Свабоды
Мікалай Аўтуховіч. Фота з архіву Свабоды

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч галадуе ўжо 84 дні. Як пачуваецца вязень?

Традыцыйна ў сераду ў менскім сьледчым ізалятары адбываецца прыём, на якім можна задаць пытаньні лекару ўстановы. Сёньня я запытаўся ў лекаркі пра тое, як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч:

“Пачуваецца ён здавальняюча і сказаў, што на будучым тыдні, магчыма, спыніць галадоўку. Чаму? Нібыта нешта зрушылася па ягоных судовых справах, але гэта не мая кампэтэнцыя, я ў гэта не заглыбляюся. У яго палепшыліся аналізы, ацэтону ў крыві стала меней, ныркі і пячонка працуюць здавальняюча. Яму працягваюць ставіць кропельніцы і прамываць страўнік. Канечне, ён значна схуднеў, але захоўвае актыўнасьць, п’е ваду. Сам ходзіць на сьледчыя дзеяньні і на прагулкі”.

Нагадаем, Аўтуховіча абвінавачваюць у падпале і падазраюць у захоўваньні зброі. Пад вартай прадпрымальнік знаходзіцца ад 8 лютага, а галадоўку абвясьціў 16 красавіка. Мікалай Аўтуховіч сваёй віны не прызнае і патрабуе перадаць ягоную справу ў суд альбо вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд.

Тым часам дзеля праверкі ў ягонай справе зьявіліся новыя затрыманыя. 7 ліпеня ў Ваўкавыску затрымалі Людмілу Парэмскую, дырэктарку фірмы, дзе да арышту працаваў кіроўцам Мікалай Аўтуховіч. Затрымаўшы жанчыну, супрацоўнікі міліцыі адвезьлі яе ў Менск. У МУС гэтае затрыманьне дагэтуль не камэнтуюць. У той жа дзень у Менску супрацоўнікамі ўправы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю быў затрыманы былы аўганец Канстанцін Уланаў, які ў 2005 годзе галадаваў на знак салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам. Пасьля ператрусу кватэры Ўланава міліцыянты забралі ягоную паляўнічую стрэльбу. Ранейшыя зьвесткі пра тое, што міліцыянты забралі фотаздымак, на якім нібыта быў зьняты Ўланаў з Аўтуховічам, не пацьвердзіліся. “Ён ніколі зь ім не фатаграфаваўся”, — удакладніла жонка Ўланава Тацяна. Жанчына сёньня перадала мужу ў турму на Акрэсьціна перадачу:

“Што вядома пра прычыны затрыманьня? Больш нічога, акрамя таго, што сказалі ва ўправе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Што ён затрыманы на тры дні для праверкі”.

Паводле Тацяны Ўланавай, праверка ідзе ў межах справы Мікалая Аўтуховіча. Гэтак ёй патлумачылі міліцыянты.

Нагадаю, па справе Мікалая Аўтуховіча разам зь ім арыштаваныя таксама Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Дачка Асіпенкі Людміла паведаміла, што атрымала ад бацькі ліст, зь якога вынікае, што яшчэ 5 ліпеня яго не праінфармавалі, ці падоўжанае расьсьледаваньне. “Атрымліваецца, што яго трымаюць у турме незаконна, бо мусілі паведаміць усё напярэдадні”, — кажа Людміла Асіпенка. Дадам, што тэрмін расьсьледаваньня заканчваўся 3 ліпеня і дагэтуль з афіцыйных крыніц невядома, ці яно падоўжанае.

Сьледчы Віктар Клачко, які вядзе справу Аўтуховіча, па-ранейшаму адмаўляецца кантактаваць з журналістамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG