Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя шукае адзінага кандыдата


У Менску адбылося першае паседжаньне працоўнай групы экспэртаў, якія рыхтуюць палажэньне аб абраньні адзінага дэмакратычнага кандыдата на бліжэйшыя прэзыдэнцкія выбары. Экспэрты называюць гэты дакумэнт мэханізмам абраньня найлепшага прэтэндэнта.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, які адкрыў дыскусію, згадаў: экспэртная група створаная зь ініцыятывы аб’яднаных дэмсілаў.
Леў Марголін

“На прэзыдыюме ў нас было вельмі шмат спрэчак пра тое, ці патрэбна такая група, ці патрэбны адзіны кандыдат. Але мы прыйшлі да высновы — калі мы хочам мець адзінага кандыдата ня проста ад аб’яднаных дэмсілаў, так бы мовіць, ад штатнай апазыцыі, калі мы хочам, каб кожны грамадзянін, які гэтым цікавіцца, адчуваў свой саўдзел у вырашэньні гэтага пытаньня, то мы павінны адысьці ад таго, што было раней. Адыйсьці ад кулюарных перамоваў, як у 2001 годзе, адыйсьці нават ад працэдуры кангрэсу, бо пры ўсёй сваёй дэмакратычнасьці гэта ўсё ж такі вылучэньне кандыдата ад апазыцыі. А задача ж ставіцца шырэйшая — мы павінны выйсьці неяк на кандыдата ад усіх прыхільнікаў пераменаў, ад усіх тых, каму ўжо абрыдла сытуацыя ў краіне”.

Прадстаўнікі Эўрапейскай кааліцыі прыйшлі на сёньняшняе паседжаньне з уласнымі прапановамі. Сяргей Скрабец расказвае пра іх сутнасьць:
Сяргей Скрабец

“Эўрапейская кааліцыя раіць аб’яднаным дэмсілам спачатку вызначыць сваю стратэгію на наступныя выбары, сфармуляваць патрабаваньні сваёй стратэгіі да кандыдата і толькі потым вызначаць працэдуру яго абраньня. Разам з тым мы будзем паважаць любы выбар АДС і спадзяемся, што яны ў стане такі выбар зрабіць”.

Леў Марголін сказаў, што большасьць з тых, каму накіроўваліся запрашэньні, іх прынялі. А адмоўны адказ прыйшоў толькі ад руху “За свабоду” і ад аргкамітэту па стварэньні Партыі справядлівасьці і прагрэсу.

Намесьнік кіраўніка руху “За свабоду” Віктар Карняенка так патлумачыў “Свабодзе” ігнараваньне працы экспэртаў:
Віктар Карняенка

“Што да выбараў адзінага, у нас ёсьць дзьве сур’ёзныя заўвагі. Першая — трэба працаваць не з журналістамі, а з палітычнымі і грамадзкімі структурамі. Пакуль такой працы няма. Толькі адзін раз спадар Колас запрасіў на публічную размову. І — кропка.

Па-другое, мы гатовыя пачынаць працу з ідэалягічна блізкімі нам структурамі і арганізацыямі. Мы ня будзем, хутчэй за ўсё (гэта я сваю думку выказваю), працаваць з тымі, хто толькі не задаволены сёньняшняй уладай. Прынамсі, мы хацелі б мець нейкія гарантыі ад Партыі камуністаў Беларускай, у сувязі з заявамі яе лідэра па Абхазіі і Асэтыі, па мяса-малочнай вайне. Як нам здаецца, ПКБ займае бок расейскі. І мы хацелі б мець гарантыі ад гэтай палітычнай сілы, што не адновіцца будаўніцтва Савецкага Саюзу ў тым выглядзе, як гэта было да 1991 году. Таму мы хацелі б пачынаць гэтую працу з арганізацыямі, якія арыентуюцца на эўрапейскі вэктар разьвіцьця Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG