Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Богдан: Дзе вынікі беларуска-іранскай супрацы?


Сяргей Богдан
Сяргей Богдан

Чарговаму грамадзкаму рэдактару тыдня Сяргею Богдану 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Маладэчна, скончыў факультэт міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Атрымаў ступень магістра палітычных навукаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, зараз там, у Вільні, піша дактарат. Вывучаў іраністыку, пэрсідзкую мову, вучыўся, працаваў і жыў у Іране.

Вадзячыся з заходнімі дзяржавамі, беларускі рэжым цьвердзіў пра "шматвэктарнасьць" уласнай палітыкі, разьвіцьцё сувязяў у прыватнасьці з Блізкім Усходам. Беларускае кіраўніцтва пераборлівасьцю не вылучалася і сябравала з усімі - рэшткавай Югаславіяй, Вэнэсуэлай, Лібіяй, Іракам, Іранам, Суданам. Сяброўства (што ня значыць супрацоўніцтва!) адрозьнівалася па інтэнсыўнасьці, якая залежала ад таго, наколькі Лукашэнку ўдавалася паразумецца з сваімі калегамі з гэтых краінаў. З "свойскім" Ахмадынэжадам беларускі лідэр таварышуе больш, чым зь незразумелымі яму асобамі, як то фанатычным Кадафі ці экзатычным аль-Башырам з Судану.

Меркавалася, што новыя партнэры з Усходу дапамогуць вырашыць праблемы беларускай эканомікі - беларусы пашыраць рынкі для МАЗаў, будуць здабываць нафту, атрымаюць казачныя крэдыты. Але незалежная зь нядаўнага часу краіна мела для такой палітыкі мінімум перадумоваў - пачынаючы ад адсутнасьці тэхналёгіяў ды сродкаў і заканчваючы бракам адпаведнай падрыхтоўкі і рэалістычных доўгатэрміновых плянаў у выканаўцаў гэтых грандыёзных задумаў, ня кажучы ўжо аб недахопе ахвочых ды гатовых стаць гэтымі выканаўцамі.

Даходзіла да таго, што часам міністэрствам чамусьці было складана аплаціць нават пераклад перамоваў на ўзроўні міністраў і тады зь перакладнікамі пачыналіся дамоўленасьці па прынцыпе "памажы ты нам сёньня, а мы табе заўтра". Якая ж сур'ёзная супраца магчымая ў такіх абставінах? Або іншы прыклад - знаёмыя зь іранскага міністэрства нафты абураліся: маўляў, на што спадзяецца беларускі бок і якога ён можа чакаць стаўленьня да сябе, калі рэалізацыяй складанейшых нафтавых праектаў у Тэгеране прызначае кіраваць зусім маладога хлапца гадоў 25-ці пасьля ўнівэрсытэту.



Я зразумеў, як цяжка дасягнуць плёну ў нафтавых праектах у Вэнэсуэле й Іране, паразмаўляўшы аднойчы ў Гомлі зь беларускімі нафтавікамі. Хлопцы са скрухай казалі пра няпэўнасьць мясцовых партнэраў, складанасьць мясцовых умоваў, адсутнасьць тэхналёгіяў для здабычы заморскае нафты ды цьвердзілі, што каб ня жорсткае даручэньне прэзыдэнта, дык ніхто б тыя вэнэсуэльскія, іранскія ды іншыя экзатычныя праекты ўсур'ёз ня ўспрымаў - зарабіць нафтавікам прасьцей у Сыбіры. Іран ці Вэнэсуэлу яны ўспрымалі, як катаргу. Сьціплыя вынікі такіх праектаў відаць і па афіцыйных навінах пра ўсё новыя і новыя падпісаньні дамоваў зь іранскім бокам, якімі сыты ня будзеш.

Іншы напрамак беларускай цікавасьці да кантактаў з Тэгеранам - гэта атрыманьне крэдытаў, пра што кажуць і беларускія афіцыйныя асобы, і незалежныя экспэрты. Але спадзявацца на тамтэйшыя грошы - значыць жыць ілюзыямі. Рэальнасьць бязьлітасная - нафтавыя грошы ў Ірана ёсьць, але зараз у выніку эканамічнай палітыкі тамтэйшага ўраду яны прагайдамачаныя, а сама краіна пакутуе ад інфляцыі. Што казаць, калі нават у тамтэйшага Мінадукацыі бюджэтныя сродкі летась былі скончыліся пасярод году. Дык на што тут спадзявацца Менску і які ўзровень абазнанасьці спэцыялістаў, якія такое раяць?


Паказальным прыкладам гучнай рыторыкі зьяўляецца праект зборкі самаходаў "Саманд" у Беларусі. Апошнім часам яго арганізатары прыціхлі і падрабязнасьці наконт цяперашняга стану праекту асабліва не афішуюць. Але хай чытачы самі ацэняць амбітнасьць гэтых спадароў, якія летась дэкляравалі намер вывесьці да 2010 году вытворчасьць "Самандаў" у Беларусі на ўзровень 60 000. Вось ужо да 2010 году засталося колькі месяцаў, дзе ж гэтыя тысячы "Самандаў"? Каб мець налета хаця 60 000, трэба ўжо сёлета выпусьціць колькі дзясяткаў тысяч. Дзе яны? Заява пра 60 000 "Самандаў" прымушае ўзгадаць іншыя абяцаньні іранскага боку дапамагчы Беларусі ў галіне ядравай энэргетыкі і давесьці аб'ём гандлю да мільярда даляраў. Незразумела толькі, чаму на гэткія заявы так чуйна рэагуюць заходнія СМІ. Словы і справы ў беларуска-іранскіх стасунках - гэта дзьве паралельныя рэчаіснасьці.

Зважаючы на гэтыя моманты, цяжка ўявіць сабе якое-кольвечы істотнае супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі па сакрэтных вайсковых праграмах. Пры такіх перадумовах дапускаць магчымасьць перадачы Менскам нейкіх супэрсакрэтаў і сур'ёзнай вайсковай дапамогі Ірану, гэта тое самае, што дапускаць магчымасьць стварэньня атамнай бомбы Зымбабвэ.


Бясспрэчна, Беларусь можа быць каналам для пастаўкі расейскай зброі, але каналам тэхнічным - празь яе перададуць, але ня ёй вырашаць, што ды як. Афіцыйны Менск ня даў рады стаць для Расеі тым, чым для ЗША ёсьць Ізраіль, нашая роля куды меншая. Таму ўсе размовы пра сакрэтныя вайсковыя сувязі аднясем на рахунак некаторых СМІ і палітыкаў, прагных да сэнсацыі.

Цікава, як крывадушна будуюцца стасункі паміж Беларусяй і краінамі Трэцяга сьвету і на людзкім узроўні. Нягледзячы на ўсе дэклярацыі з боку афіцыйных асобаў пра непарушнае сяброўства з Іранам, грамадзянін Беларусі, што захоча туды патрапіць, будзе зьдзіўлены, наколькі складана ці наагул немагчыма гэта зрабіць. Аналягічна выглядае сытуацыя і з наведваньнем Беларусі грамадзянамі Ірану.


Беларусам і зараз атрымаць іранскую візу не прасьцей за нямецкую (выключэньне - аэрапортавая 7-дзённая, зараз, кажуць, можна нават на 2 тыдні атрымаць), а іранскіх грамадзянаў беларускі МУС наагул унёс у асобную катэгорыю, вартую асаблівай увагі (разам зь іракцамі, аўганцамі, самалійцамі ды грамадзянамі іншых "гарачых кропак"). Уезд іх на тэрыторыю Беларусі строга абмяжоўваецца - прыкладам, санкцыю на запрашэньне прыватнымі асобамі кожнага іранскага грамадзяніна дае начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС, часам пасьля працяглага інтэрвію. Знаходжаньне кантралюецца ня менш пільна - праз пастаянную праверку дакумэнтаў, адсочваньне ўчастковымі ды нават унівэрсытэтамі (калі гэта студэнты). Грамадзяне афіцыйна сяброўскай краіны трактуюцца як катэгорыя асобаў, ад якой зыходзіць падвышаная небясьпека!


У чым тады палягае плён беларуска-іранскіх стасункаў, калі і па вялікім рахунку (нафтавым), і па малым (чыста чалавечым) пахваліцца няма чым? Кожны бок падозрана ставіцца да другога і бачыць другога ў сваёй хаце яўна не жадае.
Параўнаць сытуацыю зь Іранам і стасункі зь іншымі беларускімі саюзьнікамі складана, бо ніхто ў дзяржустановах недазволеных начальствам тлумачэньняў даваць ня прагне, але і згаданыя вышэй факты ёсьць дастаткова красамоўнымі, каб уявіць, наколькі прывідныя беларускія стасункі з усім Трэцім сьветам.

Зрэшты, пра тое скажуць і лічбы статыстыкі - у структуры вонкавагандлёвага абароту Беларусі "з далёкім замежжам" ( г.зн. па-за межамі СНД) на краіны Азіі, Лацінскай Амэрыкі, Блізкага Ўсходу летась прыходзілася 24,4 адсотка тавараабароту і 19,6 % экспарту. Прытым вялізную частку беларускага гандлю складалі калійныя солі для Кітаю ды Індыі.



Вядома, за апошнія пятнаццаць гадоў тавараабарот паміж Беларусяй і Іранам узрос з 89 тысячаў даляраў у 1993 годзе да 38,7 мільёна ў 2001 годзе і 93,8 мільёна летась. Цешыць тое, што пераважае беларускі экспарт - летась 83,7 мільёна. Але гэта - вельмі невялікія лічбы, калі ўлічыць, колькі палітычных намаганьняў прыкладалася дзеля актывізацыі сувязяў з Тэгеранам і наяўнага патэнцыялу. Для параўнаньня скажам, што ў Беларусі большы гандаль з нашмат больш далёкім і меншым Узбэкістанам, зь якім да таго ж амаль адсутнічаюць палітычныя кантакты на вышэйшым узроўні (нават амбасады ў Менску Ўзбэкістан ня мае). А на тле шуму вакол Ірану згаданы аб'ём тавараабароту інакш як сьціплым не назавеш, нават нягледзячы на яго імклівы рост.

Стасункі зь Іранам пасьля сыходу Ахмадзінэжада, праўдападобна, захаваюцца. Мяркуйце самі: беларуска-іранскія стасункі пачыналіся яшчэ за часы, калі Беларусяй кіравалі Шушкевіч і Кебіч, а Іранам - Рафсанджані. Пазьней яны няблага разьвіваліся, калі ў Іране прэзыдэнтам быў Хатамі, і менавіта Хатамі стаў першым іранскім кіраўніком, які наведаў Беларусь у кастрычніку 2004 году. Ацэньваючы беларуска-іранскія стасункі, ня трэба блытаць супрацы і сяброўства. Як кажа пэрсыдзкая прымаўка, "брат братам, а грошы грашамі".

***

Беларусь і Іран могуць і мусяць супрацоўнічаць. Але цяперашняя гучная і часам ваяўнічая рыторыка, што гучыць з вуснаў беларускага й іранскага кіраўніцтва гэтай супрацы не дапамагае і нават пужае ёй некаторыя іншыя краіны. Супраца мусіць быць дзеля ўзаемнага плёну, а не на злосьць іншым. Тады і балянс яе будзе стабільна станоўчым. На сёньня ж за плыньню гучных словаў Менску і Тэгерана хаваюцца зусім ціхія ды несамавітыя посьпехі. За паказным сяброўствам няма такога ж моцнага супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG