Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Богдан: Гісторыя як папярэджаньне іранскаму рэжыму


Сяргей Богдан
Сяргей Богдан

Чарговаму грамадзкаму рэдактару тыдня Сяргею Богдану 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Маладэчна, скончыў факультэт міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Атрымаў ступень магістра палітычных навукаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, зараз там, у Вільні, піша дактарат. Вывучаў іраністыку, пэрсідзкую мову, вучыўся, працаваў і жыў у Іране.


Некаторыя беларусы памылкова лічаць Іран далёкай краінай. Аднак геаграфічна гэты край знаходзіцца адразу за каўкаскімі гарамі, а зь Беларусі да Ірану прыблізна столькі ж, колькі да Ангельшчыны. Гістарычна Іран прысутны ў эўрапейскай культурнай спадчыне ня менш за Беларусь, яшчэ з часоў цеснага ўзаемадзеяньня іранскай традыцыі і антычных грэцкай ды рымскай культураў.


Іранцы любяць падкрэсьліваць сваё крэўнае сваяцтва з эўрапейскімі народамі, балазе тамака арыйскасьць не выклікае тых нэгатыўных асацыяцыяў, як у Эўропе. Назва краіны акурат і азначае "краіна арыяў". Колішняя назва краіны – Пэрсія – мела больш рамантычнае гучаньне. Памяняць яе пастанавіў шаг у 1935 годзе ў рамках кампаніі мадэрнізацыі ды пазбаўленьня ад старой "адсталай" традыцыі дзяржаўнасьці, зь якой асацыявалася назва Пэрсія. Сапраўды, няпроста кіраваць краінай зь гісторыяй у некалькі тысячагодзьдзяў.


Мяркуйце самі. Нават самаму амбітнаму ўладару цяжка пераўзыйсьці ў сваіх дасягненьнях самых, бадай, вядомых нам пэрсанажаў іранскае гісторыі – цароў Кіра і Дарыя (на іранскі капыл яны гучаць амаль па-польску – як Куруш і Дар'юш). Жылі тыя больш за 2 000 гадоў таму і валадарылі паўсьветам. Сёньня і Кір, і Дарый прысутнічаюць у гістарычнай сьвядомасьці народу, а іх імёны даюць дзецям у сем'ях, якія хочуць падкрэсьліць сваю іранскасьць у супрацьвагу ісламу. Побач зь імі меркнуць заслугі любога іншага іранскага дзяржаўцы. Вялікае пэрсыдзкае царства Дарыя разбурыў Аляксандар Македонскі, у выніку чаго іранскую культуру захліснула грэцкая культурная інвазія. Антычныя грэцкія і рымскія помнікі ў Іране сустракаюцца паўсюль.


Пазьней, пасьля нараджэньня Хрыстова, узьнікла другая вялікая пэрсыдзкая імпэрыя Сасанідаў – ад Індыі да Эгіпту. Яе, на думку некаторых пэрсыдзкіх нацыяналістаў, разбурылі хіжыя арабы, якія перавялі ўсіх у іслам, з чаго і пачаліся цяперашнія беды іранцаў. Пакінем астатнюю гісторыю, а зірнем бліжэй на Сасанідаў, бо іх імпэрыя, веліччу якой так ганарацца іранцы, была ў пэўных аспэктох надта падобная на сучасны іранскі рэжым. Адно што замест шыіцкага ісламу быў зараастрызм, а замест аятолаў – мабады і магі.


Дык вось, улада духавенства давяла да заняпаду дзяржапарат Сасанідзкай дзяржавы і спрычынілася да дэградацыі зараастрызму. Пэрсія пачала імкліва хрысьціянізоўвацца, і толькі нечаканае магутнае ўварваньне арабаў вырашыла пытаньне на карысьць ісламу.


Насуперак пэрсыдзкай нацыяналістычнай міталёгіі, гісторыя сьведчыць, што насельніцтва Сасанідзкай імпэрыі даволі ахвотна прымала арабскі халіфат замест клерыкальнага рэжыму магаў, а іслам – замест абрыдлага сваімі рытуаламі і крывадушнасьцю афіцыйнага зараастрызму. Закасьцянелы апарат любой афіцыйнай рэлігіі зь яе карумпаванымі служкамі імкліва парахнее, захапіўшы некантраляваную ўладу. Адначасова ён дыскрэдытуе гэтую рэлігію, як такую.


Калі чытаеш гісторыю тае імпэрыі, становіцца вусьцішна ад падабенства сытуацыі таго часу да цяперашняй. Анягож, не іслам і арабскія заваёўнікі згубілі зараастрызм, а карумпаваны рэжым магаў падтачыў яго знутры! Так і сёньня, ніхто ня зробіць для сэкулярызацыі Ірану і аслабленьня тамтэйшага ісламу больш, чым людзі, падобныя да Ахмадзінэжада ды аяталы Хамэнэі. Ня ведаю, наколькі Іран увогуле застанецца шыіцкай ці нават ісламскай краінай у будучыні.



Ужо зараз у многіх месцах Ірану адкрытае чытаньне намазу выклікае ня надта прыязную рэакцыю навакольных. Уласьцівыя ў тых краях больш набожным людзям няголенасьць, вопратка цёмнага колеру, палестынская хусьцінка гарантавана прымушаюць западозрыць вас у супрацы з рэжымам і стаць прычынай варожага стаўленьня. Сам быў ахвярай такога стаўленьня. Таксі можа не спыніцца для малны, калі ён апрануты ў свае рызы. Выяўляць сваю рэлігію, напрыклад, называючы дзяцей рэлігійнымі імёнамі арабскага паходжаньня, сярод больш адукаваных пластоў насельніцтва проста не прынята, ня кажучы ўжо пра рэгулярнае наведваньне мячэту. У мячэты, якія сталі апірышчамі рэжыму, ня ходзяць нават многія знаёмыя шчырыя вернікі. Словы "басідж" ды "хэзбалаг" сталі амаль лаянкавымі.

У стасунках зь дзяржавай для іранскага грамадзтва нормай зьяўляецца крывадушша ў рэлігійных пытаньнях, якое нагадвае тое, як за савецкім часам беларусы мусілі ўдаваць нібыта вераць у камунізм ды КПСС. Навонкі ўсе мусяць дэманстраваць свой шыізм, у выніку шчырую веру адрозьніць ад крывадушша часам цяжка. Не пазьбегнуў гэтай пошасьці і я – давялося запісацца шыітам, хоць заўжды быў і ёсьць перакананым суньнітам. Суньніты і шыіты – гэта такія сабе мусульманскія адпаведнікі хрысьціянскага падзелу на каталікоў і праваслаўных.

Справа была так. МУС спатрэбілася даведка, што я мусульманін. Такія даведкі выдаюць прадстаўніцтвы аятолаў – рэлігійных вучоных, некаторыя зь якіх граюць зараз значную ролю ў кіраваньні Іранам. Пайшоў я ў прадстаўніцтва аяталы Ленкарані. Там кажуць: калі б ты быў немусульльманін і стаў мусульманінам, дык такая папера ў нас ёсьць. А калі ты ўжо мусульманін, дык мы гэтага засьведчыць ня можам. Што рабіць – папера ж трэба! У адчаі іду да дзьвярэй, а мална і кажа: маўляў, брат, калі хочаш, я дам табе кнігу, ты вечарам яе пачытаеш і зразумееш, што праўдзівая вера – шыізм. Заўтра прыходзь і я выпішу табе паперу, што ты быў суньнітам і стаў шыітам. Такая папера ў нас ё.

Але ў мяне цынізму было больш, і я прапанаваў не адкладаць гэта на заўтра. У выніку праз гадзіну займеў афіцыйнае пасьведчаньне пра ўласную шыіцкасьць, а мална, спадзяюся, атрымаў нейкую сваю ўзнагароду за навяртаньне яшчэ адной душы. Абодва мы ведалі, што зрабілі гешэфт, але яшчэ доўга мне было гідка. Наагул жа, шторазу едучы ў Іран, я баюся стаць там атэістам...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG