Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаголікаў і курцоў меней ня стане, жабракоў паболее


Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі з 1 ліпеня яшчэ на 15 працэнтаў будуць падвышаныя стаўкі акцызаў на алькаголь і тытунь. Чыноўнікі запэўніваюць, што гэтае чарговае падаражэньне ўжо сёлета дазволіць дадаткова атрымаць у бюджэт 85 мільярдаў рублёў.


Але як гэта адаб’ецца на ўзроўні жыцьця насельніцтва, на становішчы адпаведных прадпрыемстваў?


Магілёў: “Узрасьце попыт на сьпіртовыя сурагаты”

Вытворцы мацаваных напояў на Магілёўшчыне лічаць, што павелічэньне ставак акцызаў на алькагольную прадукцыю не прынясе адчувальнай выгады прадпрыемствам.

На бабруйскім заводзе напояў, які спэцыялізуецца на вырабе недарагога віна, пра рашэньне ўлады кіраўніцтва даведалася толькі сёньня раніцай і пакуль ня ведае, наколькі павялічацца кошты на прадукцыю.
Як напісана ў інтэрнэце — па мінімізацыі ўплыву сусьветнага крызісу. Раз сказалі, то будзем рабіць”


Кошт адной пляшкі “чарніла” пераваліць за дзьве тысячы рублёў

“Можа стацца, што цану на гарэлку трэба павялічваць на пятнаццаць працэнтаў, да прыкладу, а на віно — толькі на дзесяць. То бок аўтаматычна цана віна павінна павялічыцца дакладна на такі ж працэнт. Калі мы адпускалі віно па 1700 рублёў, то трэба тэрмінова павялічваць яго цану на пятнаццаць працэнтаў, інакш прадпрыемства будзе несьці страты ў памеры пятнаццаці працэнтаў”, — тлумачыць сытуацыю прадстаўніца прадпрыемства.

Паводле суразмоўніцы, завод ад павелічэньня акцызаў мець выгады ня будзе.

“Ну, а што рабіць? Як тут напісана ў інтэрнэце — па мінімізацыі ўплыву эканамічнага сусьветнага крызісу. Раз сказалі, то будзем рабіць”.

Ад павелічэньня ставак акцызаў ня будуць мець лішняга прыбытку й гандляры.

“Акцызы ж — яны ідуць у даход дзяржавы, а ня нашаму канкрэтна прадпрыемству. Пакупнікамі ж павелічэньне ўспрымаецца крайне нэгатыўна”, — кажа супрацоўніца бабруйскага гандлёвага цэнтру.


Пашырыцца “чорны рынак” алькагольных напояў

Бабруйск вядомы на Магілёўшчыне сваім чорным рынкам алькаголю. Афіцыйныя крыніцы рэгулярна паведамляюць пра затрыманьне перавозчыкаў алькаголю й выкрыцьцё пунктаў яго продажу.

Як адрэагуе чорны рынак на павышэньне коштаў мацаваных напояў? Грамадзкі актывіста Алесь Чыгір цьвердзіць, што цэны на нелегальны алькаголь застануцца ранейшымі — у межах ад трох да пяці тысячаў за паўлітра:

“Чорны рынак пашырыцца, бо ўзрасьце попыт на гэтак званыя сьпіртовыя сурагаты. Колькасьць наведнікаў сьпіртовых кропак адназначна павялічыцца, і, як вынік, павялічыцца колькасьць сьмяротных выпадкаў у горадзе Бабруйску”.


Горадня: Тытунёвая фабрыка “Нёман” можа павялічыць кошты на цыгарэты

Ці ня выкліча павелічэньне акцызаў на 15 працэнтаў зьмяншэньня попыту на гарадзенскія цыгарэты? Адказвае памочнік генэральнага дырэктара фабрыкі Дзьмітрыем Чугаем:

“Ва ўсякім разе, цяпер якраз сэзон — летні час, калі людзі больш паляць. Павелічэньне акцызу, канечне, на цане крыху адаб’ецца, але нязначна. Але мы разьлічваем, што попыт на нашы цыгарэты ня зьнізіцца”.
Рэзэрвы ў рэгуляваньні коштаў на цыгарэты — не бязьмежныя


“Ёсьць два шляхі падвышэньня акцызу: мы ўсё за кошт свайго прыбытку кампэнсуем, а цэны застаюцца на месцы, або мы кампэнсуем акцыз за кошт падвышэньня цаны на цыгарэты”, - зазначае спадар Чугай.

Сёньня эканамісты фабрыкі падлічваюць, як лепей кампэнсаваць падвышэньне акцызаў.

“Нашыя рэзэрвы ў рэгуляваньні коштаў на цыгарэты — не бязьмежныя...”

Чугай: “Дапусьцім, сёлета нашыя канкурэнты і імпартэры падымалі цэны чатыры разы на свае цыгарэты. Мы паднялі толькі адзін раз, і гэты рост склаў 0,9 працэнта. Астатняе мы кампэнсавалі за кошт свайго прыбытку”.

Ён удакладняе: “Выдаткі проста скарачаем, абсталяваньне новае ставім, таму ў нас рэзэрвы былі, але яны, канечне, ня могуць быць бязьмежнымі…”

Гарадзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” існуе з 1861 году, яна — асноўны вытворца вырабаў для курцоў у Беларусі. На прадпрыемстве каля адной тысячы працаўнікоў.


“Справа ня ў тым, што п’яніцы існуюць, а ў іх вялізарнай колькасьці...”

Разам з падвышэньнем акцызаў трэба паляпшаць якасьць гарэлачных вырабаў, лічыць адзін з гарадзенскіх дактароў-нарколягаў. А ці можа падаражэньне гарэлкі паўплываць на сытуацыю з п’янствам? У той жа Польшчы моцныя напоі каштуюць дорага, але аматараў “зялёнага зьмею” там не бракуе.

Нарколяг: “П’яніцы ёсьць паўсюдна: і ў Японіі, і ў Амэрыцы, і ў Нямеччыне. Але ж вы разумееце: справа ня ў тым, што яны існуюць, а ў іхнай колькасьці”.

Доктар-нарколяг падкрэсьлівае: “Калі будзе абмежаваны доступ у нейкай ступені, то й дзякуй Богу. Калі ня будзе хапаць якой тысячы на бутэльку, то, можа, чалавек гэты і ня вып’е яе”.


Камэнтар “Свабоды”

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што ў выніку цяперашняга павелічэньня акцызаў попыт на алькаголь і тытунь ня зьменшыцца:

“Паколькі гэтыя тавары зь нізкай элястычнасьцю — гэта значыць, што на іх спажываньне цэны ня вельмі ўплываюць, — то ўзровень спажываньня застанецца ранейшы. Проста ў хатніх гаспадарках павялічацца грашовыя выдаткі”.

Леанід Заіка нагадвае, што толькі сёлета ў Беларусі ўжо тры разы павялічваліся кошты на алькагольныя напоі. Са словаў суразмоўцы, чарговае падвышэньне — гэта толькі прамежкавы этап.“У лепшым выпадку ў Беларусі будзе, як у Фінляндыі ці ў Швэцыі — дарагая гарэлка і нятанныя цыгарэты. Праўда, пра гэта трэба гаварыць загадзя. Няхай бы прэзыдэнт ці кіраўнік ураду выходзілі да людзей і адкрыта заяўлялі, што яны выбіраюць фінскі ці швэдзкі варыянт. Людзі павінны атрымаць папярэджаньне пра гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG