Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое Бяроза Картуская - у Польшчы ведаюць усе


Бяроза-Картуская. Эфір 25 чэрвеня 2009.

На галоўнай вуліцы гораду Бярозы, сярод аднастайнай і тыповай забудовы, руіна старой дарэвалюцыйнай казармы кідаецца ў вочы адразу. Ёсьць у гэтых сьценах нешта таямнічае і суворае.Пасьля ўжо заўважаеш бэтонны дот з байніцамі для кулямётаў. А побач з дотам — стэлу. Надпіс на якой паведамляе, што тут ад 1934-га па 1939-ты знаходзіўся канцлягер.

Пэрпэндыкулярна руіне захаваўся яшчэ адзін казарменны корпус, у якім дзейнічае мастацкая галерэя. Ёсьць тут заля, якая называецца “партызанская школа”: зацягнуты маскіровачнай сеткай пакой зь велізарным партрэтам Ёсіфа Сталіна.


Ёсьць заля пра аўганскую вайну. Адна з заляў прысьвечаная непасрэдна турме.


Вісіць турэмная роба вязьня, побач дубінкі турэмшчыкаў, на падлозе ляжыць бэтонны 50-кіляграмовы шасьціграньнік, плён працы колішніх вязьняў. На сьценах фатаздымкі тых, хто прайшоў праз гэтую турму. І, вядома, усё зроблена для таго, каб у наведніка склалася ўражаньне, што гэтая турма была зроблена выключна для сяброў КПЗБ.


Музэйшчыца: “Уся гэтая тэрыторыя была абнесеная высокім плотам з калючым дротам, і стаялі вышкі-байніцы. Захавалася толькі адна. Калі зьявілася гэтая турма, то нашым горадам сталі палохаць і ў Польшчы, і ва Ўкраіне. Чым займаліся? Муштравалі іх, прыніжалі іх. Яны рабілі такія пліты 50-кіляграмовыя, “косткі” называлі іх. Насілі ўзад і ўперад. Ці брукавалі тратуары, яшчэ ў 1961 годзе вуліца Леніна была выбрукаваная такімі плітамі. І гароды яны саджалі, і вырошчвалі штосьці. А калі не было аніякай работы, то іх прымушалі рабіць бессэнсоўную работу. Адны маглі капаць ямы, другія закопваць. Карацей, іх тут прыніжалі, прыціскалі. Нялюдзкія пакараньні прыдумлялі паліцыянты. Напрыклад, на гэтай лесьвіцы вязень павінен быў прысесьці, як качка, і ў такім стане па прыступках рухацца. Альбо ўніз, альбо ўверх. Палякі вельмі ня любяць гэтую тэму. Зьявіліся ў мінулую нядзелю тут і спыталі: “А ў вас тут ёсьць пра гэта?” — “Ёсьць”. І ніхто зь іх туды не пайшоў”.

Знайсьці жывых сьведкаў таго пэрыяду, калі турма дзейнічала, у сёньняшняй Бярозе амаль немагчыма. Большасьць тых, хто ў 30-я быў падлеткам, адышлі ў лепшы сьвет. Засталіся толькі дзеці 30-х гадоў. Напрыклад, Іван Панюціч, які жыве непадалёк ад турэмных муроў.


Іван: “Іх на работу пасылалі. Яны рабілі такія шасьціграньнікі-блёкі. Тут была выбрукаваная вуліца”.

Карэспандэнт: “А гэтыя блёкі, якімі брукавалі вуліцу...”

Іван: “Накрылі асфальтам”.

Карэспандэнт: “А вы самі як Польшчу ўспамінаеце?”

Іван: “У мяне бацька быў кавалём. Дык зарабляў грошы. У нас былі тры дойныя каровы. Авечак штук дзесяць, гусей пяцьдзясят. Хапала ўсяго”.

Пра камуністаў стары Іван згадвае без асаблівай цеплыні.

Іван: “Я памятаю. Але іх паліцыя моцна перасьледавала. Камуністы вырашылі на май павесіць флага. Паліцыя ведала, хто павесіць флаг. Пабралі, завезьлі ў пастарунак ды зьбілі добра. Зьбілі ў пастарунку, адпусьцілі. А ён кажа: “Палякі, усё роўна ваша ўлада ня пройдзе”. А, дык ты яшчэ жывы? Ды так далі яму. Але гэта нічога. А як прыйшоў саракавы год, прыйшла савецкая армія, і гэтых камуністаў усіх у турму пасадзілі. Вось як атрымалася ў жыцьці”.

Я заўжды пакідаю ў эфіры ўспаміны, дзе гучаць прозьвішчы рэпрэсаваных. А раптам нехта ўзгадае свайго дзеда ці бацьку? Цікава, што стары запомніў прозьвішчы менавіта тых, хто пацярпеў пасьля 39-га.

Іван: “Прыйшла савецкая ўлада. Ужо зьявіліся нашы камсамольцы са стрэльбамі. І пайшлі арыштавалі лесьнікоў. Карповіча арыштавалі, Куклеўскага, Сурмача. І павывозілі на Сыбір, за тое, што яны лесьнікамі былі. А яны ніякай палітыкай не займаліся. А іхнае майно пабралі. А яны па дзьве, па тры каровы трымалі, гаспадарка была добрая. Разабралі. Паелі дый усё”.

Яўген Якаўлевіч Дзенісюк — аднагодак Бярозаўскага лягеру. Гэта прыгожы, статны, сівы паляк.

Яўген: “Я памятаю, як некалі бацька мне распавядаў, што ён неяк праяжджаў, і паліцыянты вялі, выкладвалі косткамі. Дык забаранялі на іх глядзець нават. Паліцыянт падышоў: “Убок глядзі. Убок”. Такі рэжым быў для іх”.

Карэспандэнт: “А народ ім спачуваў?”

Яўген: “Так, нэўтральна”.

Менш за ўсё я чакаў сустрэць у Бярозе чалавека, для якога Бярозаўскі лягер — тэма жывая і балючая. На якую можна гаварыць эмацыйна, як пра справы сёньняшнія. У размову ўступае дачка спадара Яўгена, Валерыя. Па прафэсіі лекарка, па нацыянальнасьці полька. Пані неабыякавая да гісторыі свайго гораду.


Валерыя: “Калі я называю, адкуль я, у Польшчы мне ня трэба расказваць, дзе гэта. Калі скажаш: “Мінск”, то могуць думаць, што гэта Мінск Мазавецкі. А калі я кажу “Бяроза Картуская” — яна адна на ўсім сьвеце. Было гэта, нельга адмаўляць таго, што было. Іншая справа, што тут дзіўная інтэрпрэтацыя. Што гэта турма, дзе палякі трымалі беларусаў. Нацыянальнасьці тут ня маюць значэньня. Тут сядзелі ўсе. З усёй Польшчы. Нягледзячы на нацыянальнасьць. Той, хто намагаўся перашкодзіць Пілсудзкаму”.

Карэспандэнт: “А ў Польшчы якое стаўленьне да Бярозы? Гэта сымбаль чаго?”

Валерыя: “Сымбаль турмы. Горад ведаюць усе. На тыя часы гэта, верагодна, была неабходнасьць. Недарэмна ж кажуць, што, калі б быў жывы Пілсудзкі, дык у 39-м ня скончылася б так, як скончылася для Польшчы”.

Карэспандэнт: “Чаму Бяроза Картуская як факт гісторыі больш вядомая ў Польшчы, чым тут?”

Валерыя: “А хіба гэта тычыцца толькі Бярозы Картускай? А хіба гісторыя да 1939 году ўсёй Беларусі недзе... Чым менш чалавек ведае гісторыю, тады людзям прасьцей тлумачыць, з кім яны адзіны народ”.

А скончым мы нашу вандроўку ў Бярозу размовай зь бярозаўскім мастаком Анатолем Маразюком. Які таксама не адзін год цікавіўся гісторыяй лягеру. Але знайшоў больш загадак, чым адказаў. І адна з загадак — што было ў гэтых сьценах пасьля 1939 году.


Анатоль: “Людзі баяліся гаварыць на гэтую тэму. Бо інфармацыя, што быццам з 1939 па 1941 год у гэтым лягеры была бальшавіцкая турма, у той час, у савецкі час, ні адзін са старажылаў... Усе баяліся, усе гэтую тэму абыходзілі. Казалі: “Я ня памятаю, я ня ведаю, я там не хадзіў”.

Карэспандэнт: “А гэта сапраўды было так? Пасьля 1939 году сьцены напоўніліся новымі вязьнямі?”

Анатоль: “Старэйшае пакаленьне сьцьвярджае, што нешта было там такое. Людзі баяцца гаварыць, бо ня ўсе тэмы бясьпечныя. Для людзей. Што тычыцца жорсткасьці рэжыму. Турма ёсьць турма. Гэта не санаторый. Туды не адпачываць людзі езьдзяць. Мы ня ведаем масавага забойства, масавага зьнішчэньня людзей у гэтай турме. Пасьля турмы ў Кобрынскім шпіталі памерла ці то 12, ці то 13 чалавек. Але калі жорсткі рэжым, дык яны б паміралі ў турме, а не пасьля турмы. Бо паміраем мы ўсе, і паміраем увесь час. Таму нейкай надзвычайнай жорсткасьці я ў гэтай турме ня бачу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG