Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Скварцоў: “Люблю здымаць беларускіх актораў”


Кадр з фільму "Дняпроўскі рубеж"
Кадр з фільму "Дняпроўскі рубеж"

У кінатэатрах краіны пачаўся паказ фільму “Дняпроўскі рубеж”. Гэта новая стужка пра апошнюю вайну, зьнятая на “Беларусьфільме” паводле сцэнара Аляксея Дударава маладым рэжысэрам Дзянісам Скварцовым. У аснову фільму пакладзеныя рэальныя падзеі, якія адбыліся на самым пачатку вайны пад Магілёвам, які тры тыдні абаранялі асуджаныя камандаваньнем на сьмерць савецкія войскі.

Вайна, каханьне, расстаньне і сьмерць галоўных герояў — стандартны набор сюжэтных хадоў сцэнару. Адметнасьць ягоная ў параўнаньні зь іншымі прадуктамі “Беларусьфільму” вайсковай тэматыкі — у тым, што ён апавядае пра амаль невядомую старонку вайны: абарону Магілёва. Там, на дняпроўскіх кручах, было загадана стаяць насьмерць, і горад пратрымаўся тры тыдні. Зрабіць з гэтых трагічных рэальных падзей небывалае ў беларускім кінэматографе відовішча і паставіла на мэце здымачная група. Што ёй у прынцыпе ўдалося.

Фільм здымаўся цягам году па ўсёй Беларусі. У ім шмат батальных сцэн, велізарная масоўка і сучасныя спэцэфэкты. Гэта тое, што прываблівае маладога рэжысэра, які скончыў унівэрсытэт прыкладнога мастацтва ў Вене, а затым вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва ў майстэрні Міхаіла Пташука. Пачатак паказаў “Дняпроўскага рубяжа” супаў з паўторам на тэлеканале “Лад” фільму “Знак бяды”, які паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава амаль дваццаць гадоў таму зьняў Міхаіл Пташук. На пытаньне, ці не плянуе малады рэжысэр усьлед за сваім настаўнікам экранізоўваць творы Быкава, Дзяніс Скварцоў сказаў:

“Так, увогуле добры матэрыял у Быкава. Але справа ў тым, што ў яго лякальныя усё больш тэмы і так званыя камэрныя, а мяне больш прывабліваюць батальныя палотны”.

“Дняпроўскі рубеж” абвешчаны самым дарагім прадуктам “Беларусьфільму”. Але тое, што дзяржава, інвэстуючы немалыя грошы ў гэты фільм, ставіла перад здымачнай групай пэўныя прапагандысцкія задачы, рэжысэр рашуча адмовіў.

“Не, такое адчуваньне, што вы пытаецеся пра рэчы зь сямідзясятых гадоў”.

Зь сямідзесятых не перайшла ў новы фільм і традыцыя беларускіх рэжысэраў здымаць у сваіх фільмах пераважна расейскіх актораў. У “Дняпроўскім рубяжы” граюць Ігар Сігаў, Анатоль Кот, Павал Харланчук і іншыя маладыя зоркі нацыянальнай сцэны, працаваць зь якімі, прызнаецца рэжысэр, яму вельмі цікава.

“Я імкнуся рабіць акцэнт на беларускіх акторах, і гэта на самой справе так і ёсьць. Мне падабаецца, і цікавей, і зручней, натуральна, ва ўсіх адносінах працаваць зь беларускімі акторамі”.

“Дняпроўскі рубеж” — гэта другі поўнамэтражны гульнявы фільм Дзяніса Скварцова. Першым быў “Шчыт Айчыны”, зьняты два гады таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG