СЛУХАЦЬ:
На вайне не бывае хэпі-эндаў. Хто б ні перамог у ёй, яна нясе сваім удзельнікам невыносны боль і безвыходнасьць жыцьцёвай сытуацыі, пазбаўленай свабоднага выбару. Так бывае на кожнай вайне. І ў гэтым — праўда твораў Васіля Быкава. Не выпадкова ж амэрыканскія чытачы пісьменьніка пазнаюць у іх сваю вайну ў Аўганістане і Іраку. Гаворыць доктар філялёгіі, прафэсар Міхась Тычына:
“Нядаўна такая размова была з адным амэрыканскім прафэсарам, які прасіў напісаць прадмову да перакладу на ангельскую мову “Мёртвым не баліць”. Ён параўнаў тое, што адбывалася з героем аповесьці Васіля Быкава, з тым, што перажывалі многія яго студэнты, якія пабывалі ў Іраку, Аўганістане. Чытач, у тым ліку і амэрыканскі, шукае адказы на свае асабістыя глыбокія пытаньні, ну і, відаць, знаходзіць такія адказы. Быкаў — гэта ўнікальны літаратар. Мацней і праўдзівей за яго, бадай што, ні ў заходняй, ні ў савецкай літаратуры ніхто не сказаў пра вайну”.
І пра перадваеннае і паваеннае жыцьцё ў Беларусі, з раскулачваньнямі, прымусовым згонам вольных сялян у калгасы, зьнішчэньнем нацыянальнай інтэлігенцыі, культурных каштоўнасьцяў, палітычных і духоўных свабодаў таксама ніхто зь літаратараў праўдзівей за Быкава не сказаў. Першы ляўрэат прэміі імя Быкава “За свабоду думкі”, паэт і сябра пісьменьніка Рыгор Барадулін кажа, што там, дзе Быкаў, — там Беларусь.
“Сёньня — адзін з самых сумных дзён для Беларусі, але будзем сябе цешыць надзеяй, што Васіль Быкаў будзе жыць у нашых сэрцах, у сэрцах пакаленьняў. Ён асьвятліў цемру нашага жыцьця і ён застанецца вечна.
Слова пакідае зорны сьлед,
бо яго сьвятарыць Бог паклікаў.
Сёньня ведае вяльможны сьвет:
Беларусь дзяржавіць там, дзе Быкаў.
Жыве Васіль Быкаў! Жыве Беларусь!”
Сёлета прэмію імя Васіля Быкава “За свабоду думкі” атрымаў мастак Алесь Пушкін. Ён успрымае гэтую высокую адзнаку як ухвалу жыцьцёвых і творчых ідэалаў, якія ён выснаваў на прыкладзе Быкава. Гэта, паводле ягоных словаў, — “шчырасьць, Беларусь, ідэалы 25 сакавіка — дэмакратычнай краіны, дэмакратычныя каштоўнасьці Канстытуцыі 1994 году. І — будзе нармальны эўрапейскі кантэкст жыцьця нашай нацыі, бо мы — не азіятчына. І — аптымістычна працаваць, працаваць на карысьць сваёй Беларусі. І — у Беларусі, не ўцякаць зь Беларусі”.