Сёньня, 20 траўня, спаўняецца 55 год Радыё Свабода. 20 траўня 1954 году ў эфір выйшла першая перадача радыё “Вызваленьне”. З гэтай нагоды тэлефанаваньні слухачоў:
Пятрусь Жураўлёў зь Менску: “Добрай раніцы, “Свабода”! Віншую ўсіх супрацоўнікаў “Свабоды” з 55-ай гадавінай беларускай радыёстанцыі. Жадаю вам моцнага здароўя, мужнасьці і непахіснасьці ў вашай штодзённай працы на карысьць Бацькаўшчыны, на карысьць беларушчыны, на карысьць нашай радзімы — Беларусі. Зь вялікай да вас павагай, ваш слухач Пятрусь Жураўлёў зь Менску”.
Галіна, Магілёў: “Я хацела расказаць, як я пазнаёмілася зь беларускай “Свабодай”. Вельмі нялёгка і няпроста мне абышлося набыцьцё прыймача пры мізэрнай пэнсіі. Спачатку я слухала радыё “Свабода” Расеі, не падазраючы пра тое, што існуе радыё “Свабода” ў Беларусі. Але выпадкова пачуўшы пазыўныя і беларускую мову радыё “Свабоды”, на працягу 9 год я слухаю яе. З днём народзінаў, дарагая “Свабода”! Усім яе арганізатарам, спонсарам, журналістам, дыктарам, апэратарам, гукарэжысэрам, тэхнічным супрацоўнікам і г.д. Агромністы вам дзякуй за вашу працу! Здароўя, радасьці і шчасьця!”
Зіноўеў: “Віншую з 55-годзьдзем. Хаця прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі ня стаў раднейшым, але і ў такой незалежнасьці Беларусі ёсьць заслуга “Свабоды”. І добра, што Беларусь не забылі ў Празе і ў Вашынгтоне. Дзякуй”.
Спадар: “У якіх краінах можна слухаць радыё “Свабода”, беларускую службу?”
На пытаньне адказвае дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:
“Шаноўныя слухачы, Радыё Свабода можна слухаць у любой краіне сьвету. Дакладна не магу сказаць, колькі зараз краінаў сьвету — 260 ці нават крыху больш. Справа ў тым, што мы вяшчаем на кароткіх хвалях, а кароткія хвалі ідуць праз увесь сьвет. І калі надвор’е спрыяльнае, дык нас чуюць і беларусы Аўстраліі, і ў Новай Зэляндыі, і тыя беларусы, якія працуюць у Афрыцы, часам прысылаюць да нас лісты. Ну, а нядаўна мы атрымалі ліст нават з Буэнас-Айрэсу. Адпаведна і праз інтэрнэт ва ўсім сьвеце, дзе ў вас ёсьць падключэньне, можна і слухаць, і глядзець, і самому ўдзельнічаць і пісаць. Мы асабліва цэнім ваш удзел у нашых праграмах. Калі ласка, прысылайце вашыя водгукі, шліце вашыя заўвагі, прапановы, падказкі. Гэта -- ваша Свабода”.
Працягваем праграму далейшымі віншаваньнямі слухачоў:
Курневіч, Барысаў: “55 гадоў беларускай “Свабодзе”. Ведаем, для яе перадач былі цяжкія ўмовы. Добра, калі радыё “Свабода” ёсьць. Сёньня хоць ведаюць, што ў гэтым жыцьці нешта добрае збылось”.
Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Дазвольце вас павіншаваць са сьвятам — 55-годзьдзем “Свабоды”! Добрага здароўя, доўгіх-доўгіх гадоў жыцьця. Мы так любім слухаць вас, і мы рады, што ёсьць беларуская “Свабода”. Дай Божа вам добрага здароўя, усім, хто працуе на “Свабодзе”.
Спадарыня: “Паважаная “Свабода”, з днём народзінаў! Вытрымкі вам, здароўя, добрых людзкіх усьмешак. Трымайце беларускую праўду! (Сьпявае.) Залатая мая “Свабода”, дарагая мая адна! Дзякуй. Усяго найлепшага ў працы!”
Ільля Копыл: “Шаноўная “Свабода”, адкажы, калі ласка, ці адбудзецца прэзэнтацыя апошняй кнігі “Адзін дзень палітвязьня”? Дзе, якім чынам можна яе набыць?”
Прэзэнтацыя кнігі “Адзін дзень палітвязьня” адбываецца сёньня ў гэтыя хвіліны. А атрымаць кнігу можна, даслаўшы адпаведны ліст на паштовы адрас Радыё Свабода: п/с 111, Менск, 220005.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.