Нагадаем, што ўжо больш за тыдзень Расея блякуе ўвоз на сваю тэрыторыю звыш тысячы найменьняў малочных вырабаў беларускай вытворчасьці.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі патлумачылі, што неўзабаве будзе сфармаваная агульная база дадзеных усіх экспартэраў беларускай малочнай прадукцыі. Цягам двух дзён у лябараторыі “Роспотребнадзора” будуць накіраваныя ўсе ўзоры “спрэчнай” беларускай прадукцыі, а паўторнае выпрабаваньне малака і вытворных ад яго прадуктаў здыме ўсе пытаньні адносна іх якасьці. Між тым, як паведаміла кіраўніца прэсавай службы “Роспотребнадзора” Любоў Варапаева, сёньня перамоваў зь беларускай дэлегацыяй у ведамстве не заплянавана.
Разам з тым міністар сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыньнік у інтэрвію расейскім тэлеканалам заявіла, што атрымала ад беларускага боку вуснае абяцаньне адмовіцца на паўгода ад паставак у Расею сухога малака. Чыноўніца назвала такі крок надзвычай важным, бо ён дазволіць расейскім сельгасвытворцам прадаваць сваё малако па “адэкватных” коштах, бо ва ўмовах беларускага дэмпінгу гэта было немагчыма.
Ці ўдасца бакам урэшце дамовіцца па пытаньнях, якія з эканамічнага рэчышча перайшлі ў палітычнае? Вось што наконт гэтага мяркуе экспэрт у аграрнай галіне Аляксандар Ярашук:
“Тое, што дамовяцца, я нават не сумняюся. Іншая рэч, што ўсё гэта ня можа адбывацца без далейшых нэгатыўных наступстваў. Самае галоўнае, каб былі зробленыя правільныя высновы, бо даваць нейкія ацэнкі і адзін аднаго вінаваціць — у дадзеным выпадку самая безнадзейная справа. Гэта той выпадак, калі “абое рабое”.
Карэспандэнт: “Ці ўдасца, на ваш погляд, захаваць ранейшыя аб’ёмы паставак, а таксама прыбыткі ў памеры 1 мільярда даляраў?”
“Усё гэта ў канчатковым выпадку будзе зроблена, пра ўсё ўрэшце дамовяцца. Але наступнае пытаньне, якое зараз узьнікае вакол таго, каб цалкам зьберагчы стратэгічны рынак, — якім коштам гэты мільярд нам дастаецца? Трэба над гэтым сур’ёзна задумацца, бо часткова праблема з гэтага і ўзьнікла: наша прадукцыя не канкурэнтаздольная без сур’ёзных субсыдыяў. Пра што, дарэчы, гаворыць і расейскі бок. Калі размова ідзе пра тое, што нам даводзіцца датаваць гэтую прадукцыю зь бюджэту і калі ў канчатковым выглядзе для нас гэта стратна, то пытаньне непазьбежнае ва ўмовах крызісу: а куды нас прывядзе наагул такая палітыка, калі мы мільярд зарабляем, але пры гэтым страчваем, можа, паўтара мільярда?”
Нагадаю, што “Роспотребнадзор” папярэдзіў грамадзянаў Расеі не купляць беларускае малако як прадукт, небясьпечны для здароўя. Аднак беларускія спэцыялісты з такой радыкальнай высновай ня згодныя. Тэхноляг Сяргей Макаранка некалькі гадоў забясьпечвае санітарнае суправаджэньне малочнай прадукцыі ў Расею і сьцьвярджае: патрабаваньні да якасьці ў Беларусі і Расеі непараўнальныя:
хто возіць малочныя прадукты, павінен раз на 10 сутак дэзынфікаваць машыну ...
“Калі я вазіў сухое малако, то ў нас надзвычай жорстка на ўсіх прадпрыемствах правяраюць, каб, прыкладам, пагрузачнае месца, паўпрычэп, было ідэальна чыстае. Прыходзіць спэцыяліст прадпрыемства, адкрывае фуру, глядзіць. Ажно да таго, што рукой водзіць па падлозе, правярае — памытая падлога ці не? Плюс да ўсяго абавязковая наяўнасьць адмысловага пасьведчаньня — санітарнага пашпарта. Гэта вельмі жорсткі дакумэнт, паводле якога той, хто возіць малочныя прадукты, павінен раз на 10 сутак дэзынфікаваць машыну. А гэта немалых грошай каштуе. Таму ў нас усё вельмі строга. А туды прыяжджаеш, кідаюць гэтыя пакеты — парваўся, не парваўся — усё ў адну кучу, і павалаклі. Таму ў гэтым выпадку я на баку нашых, а не расейскіх службаў”.
Ужо больш за тыдзень пастаўкі беларускай прадукцыі ў Расею спыненыя. На бальшыні прадпрыемстваў сьцьвярджаюць, што маюць на руках усе неабходныя дакумэнты, але зьдзіўленыя, што “Роспотребнадзор” ануляваў дазволы, выдадзеныя лябараторыямі, якія не ўваходзяць у склад ведамства.
На віцебскім акцыянэрным таварыстве “Малако” кажуць, што дагэтуль ня маюць аргумэнтаваных тлумачэньняў забароны:
“Сказалі, што была парушаная працэдура афармленьня. У чым канкрэтна парушэньне — не патлумачылі да гэтага часу. Але мы ўсё рабілі, як ад нас патрабавалі расейскія органы санітарна-эпідэміялягічнага нагляду. На гэты момант мы маем санэпідзаключэньні, сэртыфікаты на 54 віды малочнай прадукцыі (у пашыраным асартымэнце каля 140 найменьняў), якія, на жаль, не адгружаюцца ў Расейскую Фэдэрацыю ўжо два тыдні”.
Прадпрыемствы тэрмінова шукаюць альтэрнатыву расейскаму рынку, аднак пераарыентавацца досыць складана: у сьвеце перавытворчасьць малака.