Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў амбасадар Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс.
Спадар Найджэл Гулд-Дэвіс згадаў “значнае паляпшэньне стасункаў Беларусі з ЭЗ, якое стала магчымым дзякуючы ўдзелу Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”. “Мы бачым новую дынаміку і маем намер падтрымаць Беларусь, каб гэтыя працэсы сталі незваротнымі”, — сказаў амбасадар.
Ад 1 студзеня 2010 году брытанская амбасада будзе прадстаўляць ЭЗ у Беларусі ад імя Іспаніі.
Амбасадар назваў важным прарывам у стасунках Беларусі і ЭЗ шэраг дэмакратычных паляпшэньняў у галіне правоў і свабодаў у Беларусі. Найперш ён адзначыў вызваленьне апошніх палітвязьняў, рэгістрацыю няўрадавых арганізацый, вырашэньне пытаньняў з распаўсюдам дзьвюх апазыцыйных газэтаў.
“Мы спадзяемся, што гэтыя крокі будуць пасьлядоўнымі”, — сказаў амбасадар.
Таксама ён адзначыў, што Вялікабрытанія гатовая да разьвіцьця гандлёвых стасункаў зь Беларусьсю.
“Умацаваньне стасункаў Беларусі і ЭЗ дазволіць Беларусі супрацоўнічаць з МВФ. Мы лічым вельмі важным аб'яднацца на фоне глябальнага крызісу”, — сказаў амбасадар.
Таксама падчас прэсавай канфэрэнцыі Найджэл Гулд-Дэвіс заявіў, што амбасада разгледзіць пытаньне пра візавую падтрымку беларускіх футбольных заўзятараў, якія паедуць на матч Беларусь — Англія ўвосень 2009 году. Ён выказаў пажаданьне, каб як мага больш беларускіх заўзятараў змаглі наведаць Вялікабрытанію.