Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці разьлюбілі расейцы беларусаў?


Адказ “не” вынікае зь зьвестак найнавейшага, травеньскага агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага ў Расеі Цэнтрам Лявады. У ім вывучалася стаўленьне расейцаў да ЗША, Эўразьвязу, Украіны, Грузіі і Беларусі.

На пытаньне пра пазытыўнае стаўленьне да Беларусі станоўча адказала пераважная большасьць апытаных – 82%. Гэтая лічба ад году да году мянялася нязначна, за апошнія гады пэўнае падзеньне адбылося толькі ў студзені 2007 году, у разгар нафтавай вайны, якая суправаджалася адключэньнем паставак і транзыту нафты празь Беларусь. Але й тады станоўча да заходняй суседкі ставіліся амаль тры чвэрці расейцаў.

Станоўчае стаўленьне расейцаў да беларусаў як да людзей, да нацыі – амаль пагалоўнае, ў траўні сёлета яго выказалі 90% апытаных.

Варта адзначыць, што таксама вельмі прыязна расейцы ставяцца да другога ўсходнеславянскага суседа – да ўкраінцаў. Пра станоўчае стаўленьне да іх паведамілі ў тым самым апытаньні 75% рэспандэнтаў. А вось да Ўкраіны як дзяржавы стаўленьне хутчэй адмоўнае: толькі траціна апытаных выказала да яе станоўчае стаўленьне, а больш за палову – 56% – ставіцца да Ўкраіны адмоўна.

Такая ж асымэтрыя назіраецца і ў стаўленьні расейцаў да грузінаў і да іх дзяржавы, зь якой летась Расея вяла вайну. Толькі кожны пяты апытаны ацэньвае Грузію станоўча, амаль 70% адмоўна, аднак пры гэтым амаль 60% расейцаў захоўвае прыязнае стаўленьне да грузінаў як народу.

Грузія як дзяржава – чэмпіён ў кепскім стаўленьні расейцаў. Іх стаўленьне да Злучаных Штатаў крыху лепшае: больш за траціну ацэньваюць ЗША станоўча і роўна палова – адмоўна. Пры гэтым ізноў жа да амэрыканцаў як такіх сымпатыі расейцаў захоўваюцца на дастаткова высокім узроўні – станоўча да іх ставіцца 68% расейцаў. За гады незалежнасьці стаўленьне расейцаў істотна зьмянілася – ў лістападзе 1991 году да Злучаных Штатаў станоўча ставіліся 80% расейцаў.

Нарэшце, апытаньне паказала даволі станоўчае стаўленьне расейцаў да Эўразьвязу і яго насельнікаў. Тут балянс ацэнак Зьвязу як міждзяржаўнага ўтварэньня станоўчы: 57% ацанілі яго станоўча, 23% – адмоўна. А вось стаўленьне да жыхароў краінаў Зьвязу рэкордна спрыяльнае і саступае ў аднадушшы толькі стаўленьню расейцаў да беларусаў: аб прыхільным стаўленьні да эўрапейцаў заявіў 81% апытаных расейцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG