Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Аляксандар Міхальчук


Аляксандар Міхальчук
Аляксандар Міхальчук

У выніку трагічных абставінаў пайшоў з жыцьця вядомы журналіст Аляксандар Міхальчук. Яму было 54 гады.

СЛУХАЦЬ:


На пачатку 1990-х гадоў Аляксандар Міхальчук працаваў у Беларускім тэлеграфным агенцтве (БелТА), адкуль пайшоў у недзяржаўную журналістыку. Фактычна Аляксандар Міхальчук стаяў ля вытокаў лепшых незалежных выданьняў таго часу:“Белорусской деловой газеты” і “Белорусской газеты”.

Палітоляг Аляксандар Фядута згадвае Аляксандра Міхальчука як лепшага рэдактара, зь якім яму даводзілася працаваць:

Аляксандар Фядута
“Ішоў 1995 год. Ён працаваў намесьнікам рэдактара “БДГ”, вёў блёк палітыкі, я быў аглядальнікам газэты. Ён скарочваў тэксты знакамі, ніколі не скажаў аўтарскай думкі, а калі і што скарачаў, то ніхто ня меў да яго прэтэнзій. Гэта быў цуд, гэта было мастацтва”.

Калі журналіст сышоў з “БДГ”, то супрацоўнікі газэты пыталіся адзін у аднаго: а хто ў нас цяпер будзе Аляксандрам Міхальчуком? — згадвае Аляксандар Фядута.

Імя Аляксандра Міхальчука стала шырока вядома ў 1990-я гады — бурлівы час, калі ў Вярхоўным Савеце спачатку 12-га, а потым 13-га скліканьня ішлі сапраўдныя дэбаты вакол праблем дэмакратызацыі, разьвіцьця рынкавай эканомікі, станаўленьня дзяржаўнасьці Беларусі. Дэпутаты згадваюць надзвычай дакладныя рэпартажы Міхальчука з парлямэнту і ягоны талент знаходзіць самую цікавую тэму.

Аляксандар Міхальчук скончыў Менскі інстытут замежных моваў, быў прафэсійным перакладчыкам. “Здаецца, ён і ў журналістыцы працягваў быць перакладчыкам: максымальна спрабаваў перадаць на старонках газэты тое, што адбывалася ў жыцьці”, — згадвае былы калега Міхальчука Раман Якаўлеўскі. Палітычны аглядальнік Якаўлеўскі адзначае таксама грамадзянскую пазыцыю Аляксандра Міхальчука:

Раман Якаўлеўскі
“Калі меркаваць па сёньняшняй кваліфікацыі, то яго, безумоўна, трэба было б залічыць у гэтак званыя “нячэсныя журналісты”. Я маю на ўвазе, што ўжо 15 год у нас журналісты падзяляюцца на дзяржаўных — фактычна, прапагандыстаў — і недзяржаўных, якія сабраліся вакол Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ён з гэтых. Ня памятаю, каб ён калі здрадзіў сваім грамадзянскім прынцыпам, свайму сумленьню”.

Аляксандар Міхальчук за дастаткова кароткі час пасьпеў папрацаваць у шэрагу недзяржаўных выданьняў, у тым ліку ў інтэрнэце. Былая калега Міхальчука па “БДГ” Сьвятлана Калінкіна адзначае адметныя рысы журналіста:

Сьвятлана Калінкіна
“Пры тым, што Міхальчук быў такім сьціплым чалавекам, які ня лез наперад, яму ўсё было цікава. І калі прааналізаваць, дзе ён пасьпеў папрацаваць, то акажацца, што гэта праекты, якія пачыналіся з нуля і былі абсалютна новымі для нашай краіны. Прыкладам, менавіта Саша быў першым рэдактарам сайту оpen.by. Гэта ягоная такая адметная рыса — цікаўнасьць да людзей і да падзей”.

У апошні час Аляксандар Міхальчук працаваў над перакладамі, супрацоўнічаў з шэрагам замежных выданьняў.

Пахаваньне Аляксандра Міхальчука адбудзецца 12 чэрвеня на Каладзішчанскіх могілках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG