Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь клічуць у “дом дэмакратыі і правоў чалавека”


У Менску ў Інстытуце журналістыкі БДУ адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Інфармацыйнага цэнтру Рады Эўропы. Перад прысутнымі выступілі кіраўнік Міністэрства замежных справаў Славеніі, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы, Самуэль Жбогар, намесьнік Генэральнага сакратара Рады Эўропы Мод ды Бур-Букікііо, дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні, кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў і рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

СЛУХАЦЬ:




Памяшканьне Інфармацыйнага цэнтру — два невялікія пакоі. У адным зь іх разьмешчана бібліятэчка Рады Эўропы. Чакаецца, што яна будзе рэгулярна папаўняцца матэрыяламі таксама ў перакладзе на беларускую мову. Сама імпрэза адкрыцьця пачалася ў холе інстытута на фоне эўрапейскага сьцягу і плякатаў пра Раду Эўропы. Праўда, адразу пасьля імпрэзы іх згарнулі. На другім паверсе, непасрэдна перад уваходам у цэнтар, міністры замежных спраў Славеніі і Беларусі перарэзалі сымбалічную чырвоную стужку.

Выступае намесьніца Генэральнага сакратара Рады Эўропы Мод ды Бур-Букікііо
Пасол Нямеччыны ў Беларусі Гебхарт Вайс і кiраўнiк Офiсу АБСЭ ў Менску, амбасадар Ганс-Ёгэн Шміт


Сярод гасьцей былі амбасадары эўрапейскіх краін, часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

Самуэль Жбогар
У сваім выступе міністар замежных спраў Славеніі Самуэль Жбогар выказаў надзею, што Інфармацыйны цэнтар будзе спрыяць распаўсюду інфармацыі пра мэты і задачы Рады Эўропы сярод насельніцтва Беларусі.

“Славенія, як старшыня камітэта міністраў Рады Эўропы, сярод сваіх прыярытэтаў падкрэсьлівае разьвіцьцё дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека ў Беларусі і ў іншых рэгіёнах. Адмена ці ўвядзеньне маратору на сьмяротнае пакараньне, у якасьці першага кроку, будзе ўспрынятае Страсбурам, як выразны сыгнал прыхільнасьці Беларусі да эўрапейскай дэмакратыі. Праца інфармацыйнага пункта ў супрацоўніцтве з уладамі і структурамі грамадзянскай супольнасьці створыць плятформу для супрацоўніцтва Рады Эўропы зь Беларусьсю. А таксама дасьць нам карысную інфармацыю аб прагрэсе нашых стасункаў зь Беларусьсю”.

Сяргей Мартынаў
Упершыню Інфармацыйны цэнтар створаны ў краіне, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Гэта падкрэсьліў у сваім выступе міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Ён адзначыў, што згода на яго адкрыцьцё — “гэта добрая воля Рэспублікі Беларусі й сур’ёзны палітычны сыгнал адкрытасьці Беларусі на адрас Рады Эўропы”. Ён лічыць, што цэнтар будзе спрыяць арганізацыі тэматычных сэмінараў і падключэньню Беларусі да адмысловых інфармацыйных кампаній Рады Эўропы.

“Мы бачым асаблівы інтарэс найперш у гарманізацыі нашага заканадаўства праз далучэньне Беларусі да канвэнцый Рады Эўропы, якія зьяўляюцца ўнікальным міжнародным прававым інструмэнтам. Мы разьлічваем, што дзейнасьць Інфармацыйнага пункта дазволіць нам лепш даведацца адзін пра аднаго, пазбавіцца ад старых клішэ і стэрэатыпаў, і надаць дадатковы імпульс разьвіцьцю нашых стасункаў”.

Андрэа Рыгоні (справа) у часе гутаркі ў кулюарах.
Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні спадзяецца, што Інфармацыйны цэнтар стане “першым і значным сымбалем новага курса вялікіх пераменаў у Беларусі і ў стасунках паміж Беларусьсю і Радай Эўропы”. Ён нагадаў, што ідэя стварэньня цэнтру ўзьнікла яшчэ ў 2006 годзе па рэкамэндацыі ПАРЭ. Працэс адкрыцьця “не быў лёгкім, бо спатрэбілася многа цярпеньня, дыпляматычных крокаў і вялікая цьвёрдасьць. Цяпер трэба зрабіць крок наперад і гаварыць на агульнай мове павагі правоў чалавека, дэмакратыі і прававой дзяржавы”. Спадар Рыгоні выказаў надзею, што цэнтар будзе спрыяць “росту жаданьня падзяляць эўрапейскія каштоўнасьці”.

“Нічога ў гісторыі не мяняецца без сымбалічных акцый. Самая вялікая надзея ў тым, каб гэты маленьні Інфармацыйны пункт змог падтрымліваць працэс стварэньня і ўмацаваньня сучаснай дэмакратыі ў Беларусі. Каб ён дазволіў Беларусі ўвайсьці ў якасьці паўнапраўнага сябра ў дом дэмакратыі і правоў чалавека, якімі ёсьць Рада Эўропы і яе Парлямэнцкая асамблея”.





Дырэктар Інфармацыйнага цэнтру — Ігар Горскі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG