Апрача Самуэля Жбогара, у Менск прыехалі намесьніца Генэральнага сакратара Рады Эўропы Мод дэ Бур-Букік’ё і дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні. Менавіта з ініцыятывы апошняга 26 траўня Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прагаласаваў за тое, каб вярнуць парлямэнту Беларусі статус адмыслова запрошанага ў асамблеі.
Сёньня прадстаўнікі дэлегацыі казалі ўжо пра пэрспэктывы сяброўства Беларусі ў гэтай арганізацыі. У прыватнасьці, старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы Самуэль Жбогар заявіў, што ў ягонай арганізацыі адзначаюць вялікі прагрэс у справе дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека ў Беларусі.
“Мы лічым, што цяпер час для шчыльнейшага супрацоўніцтва Рады Эўропы зь Беларусьсю. Працяг гэтых рэформаў дазволіць нам у бліжэйшы час прыняць Беларусь у Раду Эўропы. Славенія як старшыня будзе прыкладаць усе намаганьні, каб ажыцьцявіць гэтую мэту”.
Кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў таксама заявіў, што ў Беларусі шмат зроблена ў справе дэмакратызацыі грамадзтва:
“Але гэтыя крокі робяцца ў Беларусі не для таго, каб спадабацца камусьці ў Эўразьвязе ці Радзе Эўропы. Гэта мы робім, бо існуе такая неабходнасьць у нашым грамадзтве. Мы будзе працягваць рух у гэтым кірунку, але гэта будзе вызначацца менавіта запатрабаванасьцю беларускага грамадзтва”.
Пра ўзмацненьне эўрапейскага вэктара беларускай палітыкі казаў Самуэлю Жбогару Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў, што адносіны Беларусі з Эўразьвязам — ня разавы крок, не гульня, а ажыцьцяўленьне “даўняга стратэгічнага курсу краіны”.
Канчатковае рашэньне, вяртаць ці не статус адмыслова запрошанага беларускаму парлямэнту ў ПАРЭ, будзе прынятае на чарговай сэсіі асамблеі 23 чэрвеня. Дакладчык ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні зьвязвае магчымае вяртаньне гэтага статусу з адпаведнасьцю Беларусі стандартам Рады Эўропы ў справе свабоды палітычных аб’яднаньняў, СМІ, зь пераглядам выбарчага заканадаўства і ўвядзеньнем мараторыю на сьмяротнае пакараньне.
Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанай у Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы ў 1992 г. Гэты статус быў скасаваны ў 1997 годзе пасьля таго, як у краіне адбыўся канстытуцыйны рэфэрэндум і быў распушчаны легітымны парлямэнт.
Прадстаўнікі беларускай апазыцыі выступаюць супраць наданьня статусу адмыслова запрошанага ў ПАРЭ Нацыянальнаму сходу. Першы намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, у прыватнасьці, ня лічыць Нацыянальны сход паўнавартасным парлямэнтам, абраным на канкурэнтнай аснове.
Спадар Вячорка разам зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі ўвечары будзе сустракацца з дэлегацыяй Рады Эўропы і зьбіраецца адстойваць прапанаваную апазыцыяй “дарожную мапу” вяртаньня Беларусі ў Раду Эўропы, якая прадугледжвае выкананьне краінай стандартаў і каштоўнасьцяў гэтай арганізацыі.
“Як толькі Беларусь, цяперашняя ўлада сапраўды рэальна зробіць такія крокі і ў краіне ня будзе палітычных вязьняў, людзі ня будуць перасьледавацца за іх грамадзка-палітычную актыўнасьць, будзе рэальная свабода прэсы, будуць зьмены выбарчага заканадаўства і практыкі, то тады трэба і вяртаць Беларусі статус спэцыяльна запрошанай у ПАРЭ. А потым, пасьля ратыфікацыі адпаведных дакумэнтаў Рады Эўропы, якія датычаць правоў чалавека і мясцовага самакіраваньня, трэба надаваць краіне і поўны статус. Але сёньня, калі абсалютна нічога ня зроблена, гэта выглядае нават не як аванс, а як спроба закансэрваваць становішча ў нашай краіне”.