Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў прэтэнзіі да гарвыканкаму


Судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Аркадзь Калугін адхіліў прэтэнзіі гомельскіх палітыкаў Уладзімера Кацоры й Уладзімера Сякеркі да гарвыканкаму, які забараніў чарнобыльскі мітынг.

Прадстаўніца гарвыканкаму ў судзе Паліна Лабанава патлумачыла, што выканкам ня даў дазволу на мітынг з тае прычыны, што заяўнікі не падалі зьвестак наконт парадку яго правядзеньня, а таксама не заключылі дамовы зь міліцыяй, паліклінікай і камунальнікамі на абслугоўваньне масавага мерапрыемства.

Па сутнасьці, такой пазыцыі прытрымліваўся й судзьдзя Калугін, адхіляючы прэтэнзіі заяўнікаў.

Гаворыць каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора:

Уладзімер Кацора
“Рашэньне судзьдзі было цалкам чаканым з гледзішча таго, як паводзяць сябе ўлады. За апошнія пяць гадоў не дазволена ніводнай масавай акцыі. Па ўсім відаць, паводле закону правесьці сёньня масавае мерапрыемства абсалютна немагчыма. Застаецца толькі адно: калі сытуацыя будзе вымушаць, будзем зьбірацца і праводзіць патрэбныя мерапрыемствы”.

Уладзімер Сякерка
Уладзімер Сякерка першае паседжаньне суду наогул прайгнараваў — напісаў заяву, каб пазоў разглядалі безь ягонага ўдзелу:

“Першы раз я не пайшоў на суд, бо мне шкада было свайго часу. Я загадзя ведаў, якое будзе рашэньне. Нам не даюць дазволу — і мы будзем судзіцца. Будзем абскарджваць у абласным, Вярхоўным судзе, зьвяртацца ў міжнародныя інстанцыі, каб ведалі, якая сытуацыя з захаваньнем правоў чалавека ў Гомелі”.

Гарвыканкам за апошнія гады адхіліў звыш сотні замоваў на правядзеньне масавых акцый. Прэтэнзій, як звычайна, дзьве: няма дамоваў з гарадзкімі службамі на ахову, прыбіраньне тэрыторыі пасьля мітынгу альбо замова не адпавядае закону “Аб масавых мерапрыемствах”.

Актывісты прапаноўвалі мясцовым ідэалягічным службам распрацаваць узор замовы, але далей зваротаў справа не пайшла. Мітынгі й пікеты гарвыканкам забараняе апазыцыі нават тады, калі іх замаўляюць у адмыслова зацьверджаным месцы — пляцоўцы ля ДК глухіх “Віпра”.

Леанід Судаленка
Прадстаўнік аднаго з заяўнікаў у судзе, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што мясцовая ўлада наўмысна шукае падставаў, каб забараняць публічныя акцыі дэмакратычных актывістаў:

“Гарвыканкам заўсёды шукае фармальныя падставы, каб забараніць тое ці іншае мерапрыемства, якое праводзіцца без удзелу афіцыйных уладаў. І знаходзіць, у тым ліку, і двухсэнсоўныя артыкулы ў законе пра масавыя мерапрыемствы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG