Лінкі ўнівэрсальнага доступу

”Лукашэнка дазволіў сабе даволі жорсткія выказваньні”


Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Ці шчыра Лукашэнка выказваецца аб расчараваньні Расеяй?

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў урад Уладзімера Пуціна ў блякаваньні і правальваньні рашэньняў, якія прымаюцца кіраўнікамі Беларусі і Расеі ў рамках “саюзнай” дзяржавы. “Усё развалена, усё блякуецца, прэзыдэнты рашэньні прымаюць, расейскі ўрад правальвае. Калі мы пачынаем адзін аднаго блякаваць у гэтых пытаньнях, і Расея пачынае не пускаць нас на свой рынак, дык каму патрэбныя гэтыя так званыя інтэграцыйныя працэсы?”, - сказаў А.Лукашэнка. Чым выклікана такое расчараваньне кіраўніка Беларусі? Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамічным аглядальнікам газэты "Беларусы і рынак" Тацянай Манёнак.

Дашчынскі: “Наколькі выглядае шчырым гэта расчараваньне А.Лукашэнкі інтэграцыяй з Расеяй?”

Манёнак: ”Лукашэнка, насамрэч, дазволіў сабе даволі жорсткія выказваньні. Наогул, выказаў сумнеў, ці патрэбна такая інтэграцыя, калі Расея зачыняе рынак для беларускай прадукцыі. Сытуацыя пагоршылася ў тым сэнсе, што ва ўмовах крызісу і катастрафічнага падзеньня вытворчасьці ў Расеі, відавочна, што расейскі ўрад імкнецца падтрымаць уласнага вытворцу і найперш у машынабудаваньні. А нашы прадпрыемствы былі скіраваны на расейскі рынак. Гэта львіная доля экспарту Беларусі. Усе лепшыя сілы беларускіх чыноўнікаў былі кінуты на тое, каб дамагчыся прэфэрэнцый і для беларускай прадукцыі. Расея не змагла, бо вельмі складана датаваць уласных вытворцаў, ды яшчэ і беларускіх. Калясальнага падзеньня вытворчасьці Расея не ведала ўжо амаль што паўтара дзесятка гадоў. Канечне, рынак звузіўся вельмі сур’ёзна. Беларускія прадпрыемствы працуюць, бо трэба выконваць паказчыкі. На складах ляжыць велізарная колькасьць тавараў. Канечне, гэта непакоіць беларускі ўрад. І яны даволі нэрвуюцца. І знайсьці выйсьце з сытуацыі крызісу будзе вельмі складана так, каб задаволіць беларускі бок. Расея бачачы, што стасункі Беларусі пацяплелі з Эўразьвязам, беларускі кіраўнік абмяркоўвае ўдзел у эўраазіяцкім нафтавым калідоры, альтэрнатыве расейскаму нафтаправоду, нейкім чынам пастараецца прысьпешыць сумесныя праекты ў энэргетыцы. Будзе фарсавацца працэс продажу “Нафтану” і “Паліміру” на ўмовах, якія выставіць расейскі бок”.

Дашчынскі: “Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін папрасіў аб сустрэчы з А,Лукашэнкам на гэтым тыдні. Зь якіх прычынаў? Я нагадаю, што ў інтэрвію японскім мэдыям У.Пуцін заявіў, што цягам 15-ці гадоў Расея субсыдавала эканомікі краінаў былога Савецкага Саюзу ў сфэры энэрганосьбітаў на дзесяткі мільярдаў даляраў. Маўляў, “гэты пэрыяд скончыўся, трэба пераходзіць на рынкавыя стасункі”...

Манёнак: ”Газавае пытаньне яшчэ не вырашана. І канфлікт гэты недзе адкладзены на потым. Бо, як прагучала з вуснаў першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, Беларусь плаціць сыходзячы з сярэднегадавога кошту на газ. Але ж расейскі бок заявіў, што беларускі бок павінен плаціць сыходзячы са штоквартальнага. Але, відавочна, што гэты канфлікт пакуль не перарос у публічны. “Газпром” аплаціў транзыт авансам на цэлы год, мяркуючы, што Беларусь заплаціць гэтымі ж грашыма за газ. Але гэтага не адбылося. Сяргей Купрыянаў, прадстаўнік “Газпрому” заявіў, што беларускі бок і “Газпром” дамовіліся, што Беларусь будзе плаціць з сярэднегадавога кошту. А ў канцы года будзе зроблены пераразьлік. Несупадзеньне пазыцый прадстаўніка “Газпрому” і расейскага ўраду кажа аб тым, што гэты канфлікт зьвязаны з тым, што Беларусь не выканала пэўныя палітычныя абавязацельствы. Я не выключаю, што гэта прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І таму Расея хоча патрабаваць поўнага выкананьня газавых умоваў”.

Дашчынскі: “Масква выказвае занепакоенасьць далучэньнем Беларусі да “Ўсходняга партнэрства”. Прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў на днях выступіў супраць кансалідацыі асобных дзяржаў-сяброў праграмы, якія “настроены па антырасейску зь іншымі дзяржавамі Эўропы”. Відаць і тут будзе нейкі ціск на Беларусь?

Манёнак: ”Расею найперш палохае выпрацоўка салідарнай пазыцыі з Украінай па газаваму пытаньню. І ва Ўкраіне гэта пытаньне да канца не вырашана з пастаўкамі расейскага газу. У наступны год гэтыя канфлікты непазьбежныя. І калі Беларусь таксама стане канфліктнай краінай, то гэта вельмі сур’ёзна. Таму расейскі бок не будзе дапускаць той сытуацыі, каб газавыя войны пачыналіся на двух франтах. “Газпром” ёсьць уладальнікам 37,5% акцый “Белтрансгазу”. Магчыма, гандаль можа пайсьці за афармленьне кантрольнага пакету. Для Расеі важней было б хутчэй атрымаць кантроль за газатранспартнай сыстэмай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG