Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадановіч: “Беларуская літаратура ідзе ў швэдзкім кірунку”


Belarus -- poster of Literary-musical Belarus-Swedish evening, 21may2009
Belarus -- poster of Literary-musical Belarus-Swedish evening, 21may2009
Якія формы цэнзуры зазнае беларуская літаратура ва ўмовах несвабоднага грамадзтва і ці ёсьць цэнзура ў дэмакратычнай Швэцыі? Што значыць быць папулярным пісьменьнікам у Беларусі і Швэцыі? Якія кнігі становяцца бэстсэлерамі ў Беларусі і Швэцыі? Гэтыя ды іншыя пытаньні сучаснай літаратуры абмяркоўвалі сёньня пісьменьнікі абедзьвюх краінаў на круглым стале, які адбыўся ў Беларускім ПЭН-цэнтры. Імпрэза ладзілася ў рамках Дзён культуры Швэцыі, якія 20 траўня распачаліся ў Беларусі.

Беларускія літаратары распавядалі падчас сустрэчы пра шматлікія факты негалосных забаронаў дзяржаўным выдавецтвам друкаваць кнігі ня ўхваленых уладай аўтараў і адмовы манапольнага прадпрыемства “Белкніга” браць на продаж іхнія кнігі, выдадзеныя ў незалежных выдавецтвах, гаварылі пра культываваньне афіцыйнай ідэалёгіяй твораў айчыннай літаратуры як другасных. Усё гэта беларускаму чытачу знаёмае. Цікавейшай была рэакцыя швэдзкіх удзельнікаў сустрэчы.

Вядомы чытачам больш як трыццаці краінаў сваім раманам “Папулярная музыка зь Вітулы” Мікаэль Ніэмі сказаў, што ў Швэцыі таксама існуе цэнзура, толькі называецца яна “Добрыя парады ад рэдактара”. Што праўда, яна ня мае палітычнага ці ідэалягічнага характару, а тычыцца толькі мастацкіх вартасьцяў тэксту і густаў выдаўцоў. Дарэчы, кнігі Мікаэля Ніэмі ў Швэцыі, якая амаль роўная Беларусі па колькасьці насельніцтва, прадаюцца амаль мільённымі накладамі. Для параўнаньня, у Беларусі цяпер добрым лічыцца тысячны наклад новай кнігі.

Хто ён, масавы швэдзкі чытач, і што робіцца ў краіне для папулярызацыі сваёй літаратуры, распавяла прадстаўніца Саюзу пісьменьнікаў Швэцыі Ўлінэ Сьціг:

“У апошнія дзесяць гадоў асаблівай папулярнасьцю карыстаюцца дэтэктывы. Акрамя іх, як паказвае статыстыка бібліятэк, мастацкую літаратуру чытаюць менш, чым літаратуру навукова-папулярную. Але паралельна ёсьць і іншыя тэндэнцыі. У шматлікіх бібліятэках узьніклі гурткі чытачоў, ня толькі ў вялікіх, але і ў малых гарадах пачаўся, можна сказаць, усенародны рух стварэньня пісьменьніцкіх гурткоў. У гэтай сытуацыі выдавецтвы значна больш цяпер вылучаюць сродкаў на рэкляму сваіх выданьняў. Цяпер у Швэцыі на вуліцах часта можна бачыць афішы з назвамі новых кніг папулярных аўтараў”.

Вынікі двухгадзіннай гутаркі падсумаваў старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:

“Сёньня я некалькі разоў па-добраму пазайздросьціў за пэўныя рэчы швэдзкім калегам і пару разоў па-добраму паспачуваў. Зразумела, што мы ідзем у швэдзкім кірунку і зробім усё, каб туды пайсьці да сытуацыі нармальнага кніжнага рынку, нармальных рынкавых узаемаадносін паміж пісьменьнікам і чытачом. Але штосьці мне гаворыць, што, ідучы кудысьці, мы штосьці і губляем, штосьці страчваем. Але штосьці і знойдзем. Будзем шукаць і знаходзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG