Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Кудзіненка: “Буду зноў здымаць у Беларусі”


Андрэй Кудзіненка
Андрэй Кудзіненка

Рэжысэр Андрэй Кудзіненка, чый фільм “Акупацыя. Містэрыі” быў забаронены для паказу ў Беларусі, атрымаў прапанову зноў здымаць на “Беларусьфільме”.

Андрэй Кудзіненка пацьвердзіў “Свабодзе”, што прыехаў у Беларусь у сувязі са здымкамі новага фільму на кінастудыі “Беларусьфільм”:

“Так, буду здымаць, так. Але падрабязнасьці ня зараз — мне нязручна, я ў паездцы”.

Цяперашняя назва будучага фільму Андрэя Кудзіненкі — “Масакра”. Гэтае польскае слова азначае жудаснае забойства. Сцэнар для фільму напісаў Аляксандар Качан, прафэсійны сцэнарыст, зь ім Кудзіненка супрацоўнічае не ўпершыню. Ідэя сцэнару ўзятая з вядомай навэлы Праспэра Мэрымэ “Локіс” — гэта гісторыя пра шляхціча, які ператвараецца ў мядзьведзя. Адмыслоўцы кажуць, што пры якаснай рэжысэрскай працы фільм можа мець вялікі касавы збор.

Паводле зьвестак зь “Беларусьфільма”, перамовы з Андрэем Кудзіненкам пра здымкі фільму вяліся з 2007-га году. На кінастудыі кажуць, што здымкі пачнуцца ўжо ў верасьні. Бюджэт фільму не называюць, але дасьведчаныя крыніцы кажуць, што для “Беларусьфільма” ён “вельмі значны”.

Кінакрытык Максім Жбанкоў, які прысутнічаў на абмеркаваньні сцэнару “Масакры”, кажа, што гэта будзе ня проста трагікамэдыя жахаў:

Максім Жбанкоў
“Гэта, так бы мовіць, такая містычная аповесьць пра падзеі 19 стагодзьдзя, дзе, як і ў „Акупацыі“, будзе дэманстравацца пэўная памежнасьць нашай культуры. Хаця б такая рыса, што шляхта размаўляе па-польску, расейскія чыноўнікі — па-расейску, а бядота — па-беларуску. І атрымліваецца моўны і культурны мікс. Там, дарэчы, ёсьць адсылкі і да паўстаньня Каліноўскага, і іншае. Карацей, гэта будзе спроба аднавіць тую страчаную пасьля „Акупацыі“ лінію нацыянальна арыентаванага кіно”.

Фільм “Акупацыя. Містэрыі”, зьняты Андрэем Кудзіненкам на “Беларусьфільме” ў пачатку 2000-х гадоў, быў забаронены для паказу ў Беларусі. Паводле Міністэрства культуры Беларусі, якое адклікала ў яго дазвол на пракат, “трактоўка партызанскага руху ў фільме супярэчыць гістарычнай праўдзе”. У Беларусі фільм так і не паказалі, а вось за мяжой яго ўшанавалі шэрагам прызоў, у тым ліку на міжнародных кінафэстывалях у Ратэрдаме і Кіеве. Пасьля ад’езду зь Беларусі Андрэй Кудзіненка працаваў у Расеі, здымаў тэлесэрыялы і мастацкае кіно. Апошняя праца рэжысэра — фільм “Розыгрыш” зь вядомым прадусэрам Паўлам Лунгіным.

Паводле апошніх зьвестак, на асноўныя ролі ў фільме “Масакра” запросяць беларускіх актораў. Першапачаткова перавага аддавалася акторам з Польшчы і Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG