“Вельмі важна, што Ханс-Ёхан Шміт нас прыняў і гэтая размова адбылася. Выявілася, што дыплямат добра ведае сытуацыю вакол справы нашых бацькоў. Безумоўна, ён ня мае магчымасьці паўплываць на тое, каб гэтая праблема хутчэй вырашылася, але важна і ягонае абяцаньне весьці маніторынг ды інфармаваць пэўныя структуры. Мы паведамілі, што ўжо 3 месяцы справа фактычна не вядзецца, што днямі яна працягнута зноў, да 3 чэрвеня. А таксама паведамілі пра галадоўку пратэсту Мікалая Аўтуховіча і пра тое, што яго падтрымалі шмат людзей у Беларусі і за межамі”, — паведаміла “Свабодзе” дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла.
Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку арыштавалі ў лютым у Ваўкавыску паводле падазрэньняў у датычнасьці да падпалу дома мясцовага міліцыянта. Між тым за гэтае злачынства ужо быў пакараны іншы чалавек. Ад 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту, патрабуючы альбо вызваленьня, альбо накіраваньня справы ў суд. Ён кажа пра перасьлед паводле палітычных прычын. Сваякі арыштаваных мяркуюць, што ў сьледзтва няма доказаў, таму яно і цягне час, каб сфальшаваць справу. Некалькі гадоў таму Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў ужо адбывалі пакараньне і былі прызнаныя палітвязьнямі.