Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Аўтуховічам галадае і былы начальнік Валадаркі


Да галадоўкі ў падтрымку зьняволеных Мікалая Аўтуховіча і яго паплечнікаў далучыўся Алег Алкаеў, былы кіраўнік СІЗА ў Менску, так званай Валадаркі, дзе галадае зараз Аўтуховіч.

Палкоўнік міліцыі Алкаеў па палітычных матывах пакінуў Беларусь і жыве зараз у Нямеччыне. Нядаўна ён выдаў кнігу “Расстрэльная каманда”, дзе прыадкрыў тайны беларускай турмы і падаў свае вэрсіі палітычных зьнікненьняў у краіне. Раней Алкаеў і яго сын Вячаслаў далучаліся да галадоўкі за вызваленьне Аляксандра Казуліна.

Як паведамляе “Малады фронт”, галадоўку салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі з Францыі таксама падтрымаў грамадзкі актывіст Ігар Кісель. Паводле інфармацыі Сяргея Скрабца, да акцыі далучыўся і апазыцыйны актывіст Сяргей Антошанкаў. Учора аб далучэньні да "хатняй" галадоўкі заявілі таксама грамадзкая актывістка Мар'яна Грузьдзіловіч і сябра БХД Зьміцер Бутэнка. Сёньня на Сядзібу БНФ для ўдзелу ў бестэрмновай галадоўцы прыязджаюць салігорскі маладафронтавец Глеб Сноркін і моладзевая актывістка Ірына Губская.

Паводле прэс-службы “Маладога фронту”, у галадоўцы салідарнасьці ўжо прымае ўдзел 20 чалавек. Яна пачалася 4 траўня зь ініцыятывы "Маладога Фронту" і былых палітвязьняў. Мэтаю галадоўкі зьяўляецца неадкладнае вызваленьне зьняволеных прадпрымальнікаў Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Сам Аўтуховіч галадае ўжо ад 16 красавіка. Ён пратэстуе супраць беспадстаўных, на яго думку, абвінавачаньняў у падрыхтоўцы ўзброенага нападу і патрабуе хутчэйшага завяршэньня сьледзтва на волі, а таксама справядлівага суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG