СЛУХАЦЬ:
Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” заявілі пра сваю гатоўнасьць да правядзеньня маршу “За незалежнасьць”. Дату 14 траўня маладафронтаўцы абралі адмыслова, каб прыгадаць падзеі 14-гадовай даўніны, калі ў выніку рэфэрэндуму ўлады замянілі нацыянальную сымболіку на мадыфікаваную савецкую.
У краіне тады адбыліся студэнцкія акцыі пратэсту, якія былі вельмі жорстка разагнаныя. Пасьля гэтага хваля рэпрэсій заліла навуковыя і навучальныя ўстановы. Шмат выкладчыкаў і студэнтаў страцілі працу і вучобу. Пазьней за бел-чырвона-белы сьцяг увялі адміністрацыйную адказнасьць. Людзей штрафавалі і арыштоўвалі.
Намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка апавяла, што на знак салідарнасьці з маладафронтаўцамі адбудуцца акцыі ў замежжы. У Англіі, Польшчы, Літве, Украіне і Расеі студэнты-беларусы і партнэры “Маладога фронту” правядуць каля беларускіх амбасадаў пікеты.
“Акцыю 14 траўня падтрымалі некаторыя міжнародныя структуры, нашы партнэры. 14 траўня ля беларускіх амбасадаў адбудуцца пікеты ў Ангельшчыне, Польшчы, Літве, Украіне, вядуцца перамовы з Чэхіяй, а ў Расеі нас падтрымала “Оборона”.
Безумоўна, галоўнай тэмай будзе пытаньне незалежнасьці Беларусі, а таксама выказваньне салідарнасьці з маладафронтаўскай галадоўкай”.
Больш за два дзясяткі маладафронтаўцаў трымаюць галадоўку, шасьцёра зь іх — у сядзібе партыі БНФ.
Мікола Дземідзенка галадае 10-я суткі. Хлопец кажа, што яму гэта не перашкодзіць выйсьці на марш.
“Галадоўка цягнецца ўжо 10-ты дзень. Я сябе адчуваю добра. Па сваіх паплечніках бачу, што яны таксама ў страі. Чакаем выкананьня сваіх патрабаваньняў. Я сябе адчуваю здольным удзельнічаць у акцыі”.
Вячаслаў Сіўчык ад імя “Эўрапейскай кааліцыі” заявіў, што сябры арганізацыі возьмуць удзел у акцыі таксама, каб падтрымаць маладафронтаўцаў. Але ён ня змог назваць прыкладную колькасьць удзельнікаў ад кааліцыі.
“Эўрапейская кааліцыя” падтрымала марш “За незалежнасьць”. У нас былі адпаведныя заявы для сродкаў масавай інфармацыі, таму мы зьвярнуліся і да сваіх сяброў, каб яны таксама прыходзілі 14 траўня а 18 гадзіне на Цэнтральную плошчу сталіцы”.
Маладафронтаўцы заявілі, што калі будзе каманда спэцназаўцам разганяць акцыю, то ў бок вуліцы Арлоўскай уздоўж Сьвіслачы яны ня пойдуць. Яны запэўнілі, што распрацавалі магчымыя варыянты правядзеньня маршу.