Прэсавая служба партыі цытуе сустаршыню БХД Георгія Дзьмітрука:
“Мы падтрымліваем тых, хто зараз знаходзіцца на Ўправе БНФ, і тых, у падтрымку каго аб’яўленая галадоўка. Гэтыя маладыя людзі, што галадаюць ужо 10-ы дзень, зьяўляюцца хрысьціянамі не на словах, а на справе”.
Намесьнік кіраўніка Менскай гарадзкой арганізацыі БХД Леанід Скарабагаты зазначыў, што ён разам зь іншымі сябрамі партыі далучаўся да акцыі маладафронтаўцаў:
“Дзеля гэтага ж неабавязкова знаходзіцца ва Ўправе БНФ. Хто як можа. Калі не на ўвесь тэрмін, дык на некалькі дзён. Я правёў суткі без вады, потым мяне зьмяніла дачка, яе – яшчэ некалькі хрысьціянскіх дэмакратаў. Такім чынам – па ланцужку – мы падтрымалі галадоўнікаў. Акрамя таго, я завёз хлопцам і дзяўчатам ва Ўправу БНФ 30 літраў пітной вады”.
“Галадоўка салідарнасьці” доўжыцца 10-ы дзень. Яе аб’явілі актывісты Маладога фронту ў падтрымку зьмешчаных пад варту прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.
Актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімер Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад’яўлена абвінавачаньне па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зьняволенымі.
Мікалай Аўтуховіч аб`явіў галадоўку 16 красавіка. Ён патрабуе ў кароткі тэрмін або перадаць справу ў суд, або зьмяніць меру стрыманьня.