Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал мог везьці трафэі вагонам, салдат – толькі на сабе


Якія трафэі прывозілі з вайны савецкія вайскоўцы? Першае месца па колькасьцi згадак заняла швачная машынка «Зінгер».

Загадам Дзяржаўнага камiтэту абароны ад дзявятага чэрвеня 1945 году быў узаконены i рэглямэнтаваны вываз трафеяў зь Нямеччыны савецкiмi салдатамi й афiцэрамi. Маршалы i генэралы маглi дзеля гэтага карыстацца нават вагонамi. Старэйшым афiцэрам дазвалялася ехаць дадому на “ўласных” аўтамабiлях, малодшым – на матацыклах. Салдатам жа дазвалялася адправiць колькi пасылак на радзiму i ўзяць тыя рэчы, якiя яны змогуць несьцi пры дэмабiлiзацыi.

Напярэдаднi Дня Перамогi ў iнтэрнэт-суполцы minsk_by праводзiлася апытаньне наконт таго, хто памятае, якiя трафеi прывезьлі зь Нямеччыны сваякi-вэтэраны?

Удзельнiкi называлi разнастайныя рэчы – ад вуснавых гармонiкаў да пiянiнаў. Нехта згадаў прывезеную кнiжку сябра “гiтлерюгенду”, дзе на малюнках юнакi былi надзiва падобныя да пiянэраў. Але першае месца па колькасьцi згадак упэўнена заняла швачная машынка «Зінгер».

Правялі адпаведнае апытаньне і мы

Андрэй Васiлевiч пацьвярджае тэндэнцыю, што выявiлася падчас iнтэрнэт-апытаньня:

«Я ўсё дакараю сябе, што нiколi не спытаў у бацькi – ён ваяваў падчас фiнскай кампанii ў дальнабойнай артылерыi, быў у партызанах, з рэгулярнай армiяй дайшоў да Нямеччыны, – як трапiла да нас у дом нямецкая швейная нажная машына “Зiнгер”. Як яму, шараговаму салдату, удалося даставiць гэты трафей дамоў, у Чэрвеньскую вёску?

У дзядзькi Мiколы, нашага суседа па вёсцы, таксама была швейная машына “Зiнгер”, трафейная. Прычым ня проста, а з дубовым, прыгожым сталом. Мой бацька сам, напрыклад, вырабляў гэты стол для машыны. А ў дзядзькi Мiколы гэты стол быў натуральны, нямецкi. З малюнкамi».

Герой Савецкага Саюзу, генэрал-маёр Мiкалай Гарбанёў, якi падчас вайны камандаваў супрацьтанкавым дывiзiёнам, лiчыць, што трафеi падзяляюцца на “чыстыя” i “нячыстыя”:

«Я таксама прыцягнуў дадому машыну – Mercedes легкавы… А нампалiт нядобрасумленны быў . У адным даму, цi то фальварку, стаяў сэрвант, там золата было шмат. Манеты такiя. Высунеш шуфляду – ляжаць. Ну што, можна браць было. Але я нiчога ня ўзяў. Нампалiт нагрэб. Потым, калi мы выходзiлi з акружэньня, мяне паранiла ў ногу. А яго – забiлi. Вось i золата…»

Леанiд Глушакоў прыгадвае пацешныя дробязi:

«Быў такi Беразьнёў Мiкалай Iванавiч, рай яму сьветлы, ён ужо памёр. Вось ён прывез зь Нямеччыны швачныя iголкi, яны былi вельмi ў хаду, патэфон i да яго iголкi. Былi ў яго кружэлкi Русланавай, ён ставiў, уся вёска зьбiралася паслухаць. Яшчэ мыла прывез туалетнае. Бялiзну жаночую прывез – не на продаж, для сябе. Дык ён казаў жонцы: «Галя! Адзень тую камбiнацыю, што я бачыў – яна сьвяцiлася».

Фядос Кавалеўскі, поўны кавалер ордэну Славы, сьцвярджае, што чорна-белыя каровы ў Беларусi маюць нямецкiя каранi:

«Скончылася вайна, прыязджаюць з Расеi браць скацiну. Чорна-рабая скацiна – руку даю [на адсячэньне] – гэта толькi нямецкая разьвiлася ў нас у Беларусi i ў Расеi».

На вайну спадар Кавалеўскi пайшоў вельмi малады, у шаснаццаць гадоў. Можа, таму ён ня надта думаў пра здабываньне скарбу, а болей пра каханьне. I вельмi шкадаваў, што вайскоўцам не дазвалялi жанiцца на немках:

«У мяне нават была дзяўчынка. Завецца Тоня. Як мы кахалiся? Калi я дзяжурыў, яна тады прыходзiла да мяне. У яе дом быў цагляны, у даму толькi матка. Я не пытаўся, дзе iхны бацька, дзе брат. Проста не хацеў – гэта ж чалавеку на сэрца…

Нам жа забаранiлi! Слухайце, калi б нашым афiцэрам i салдатам дазволiлi жанiцца на iхных жанчынах – слухай, мы б засталiся ўсе там!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG