Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: “Плаціць ні за кога больш ня будзем”


"Расея не выкарыстоўвае свае энэргапатокі ў адносінах з іншымі краінамі. Расея гандлюе сваімі рэсурсамі, і мы хочам гандляваць гэтымі рэсурсамі на рынкавых падставах, па рынкавых усясьветных цэнах,” -- заявіў прэм'ер-міністар Расеі Уладзімер Пуцін у інтэрвію японскім СМІ.


“Ёсьць прызнаныя міжнародныя правілы, і ёсьць прызнаная міжнародная формула вызначэньня цаны, як самога тавару, гэтак і транзытных паслуг", — сказаў Пуцін у інтэрвію японскаму інфармацыйнаму агенцтву "Кіёда Цусін", тэлерадыёкарпарацыі "Эн-Эйч-Кей" і газэце "Ніхон Кейдзай" ("Нікей").

Стэнаграма інтэрвію разьмешчаная на сайце ўраду Расеі.

Паводле Пуціна, цягам 15 гадоў Расея ішла насустрач сваім партнэрам — былым рэспублікам Савецкага Саюзу — і прадавала ім энэргетычную сыравіну па цэнах у некалькі разоў ніжэйшых за ўсясьветныя. "За гэты час мы субсыдыявалі эканомікі гэтых краін на дзясяткі мільярдаў даляраў", — сказаў Пуцін.

"Мы лічым, што гэты пэрыяд закончыўся. Трэба пераходзіць на рынкавыя адносіны. І пасьля вядомых сумных і цяжкіх падзей канца мінулага — пачатку гэтага году нам усё ж удалося выйсьці на дамоўленасьці з Украінай і зафіксаваць гэтыя дамоўленасьці ў кантрактных абавязаньнях з абодвух бакоў — што мы пераходзім менавіта на рынкавыя адносіны па цане і па транзыце. І гэта самая галоўная, асноўная гарантыя стабільнасьці адносінаў у гэтай сфэры", — сказаў Пуцін.

Ён зазначыў, што Расея гатовая разам са сваімі партнэрамі вывучыць магчымасьць аказаньня "нейкай падтрымкі" ў пошуку фінансавых рэсурсаў для забесьпячэньня плацяжоў. "Але плаціць ні за кога мы больш ня будзем", — заявіў расейскі прэм'ер-міністар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG