Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус арганізаваў у інтэрнэце чорны рынак валюты


Беларускі праграміст стварыў сайт, які дазваляе грамадзянам абыйсьці строгія афіцыйныя правілы абмену валюты, паведамляе ў блогу на сайце The Wall Street Journal журналіст Аляксандар Каляндр.

У абменных пунктах у Беларусі валюта скончылася, ідуць чуткі пра дэвальвацыю беларускага рубля. У гэтай крытычнай сытуацыі на сайце "чорнага рынку" зарэгістраваліся тысячы чалавек. "ЦБ Беларусі ўжо некалькі тыдняў робіць больш жорсткімі правілы абмену замежнай валюты, спрабуючы прадухіліць зьнікненьне валютных рэзэрваў краіны", - адзначае аўтар.

Тры тыдні таму малады праграміст, які жадае, каб яго называлі проста "Пеця", стварыў сайт prokopovi.ch. Назва абыгрывае прозьвішча старшыні ЦБ Беларусі Пятра Пракаповіча. "На сайце прапаноўваецца тое, чаго ня можа прапанаваць Цэнтрабанк, - канвэртацыя беларускага рубля", - піша аўтар.

Наведвальнік, які хоча прадаць ці купіць амэрыканскія даляры, праглядае аб'явы іншых наведвальнікаў, знаходзіць чалавека, які хоча купіць або прадаць тую ж суму, і дамаўляецца аб асабістай сустрэчы. "Прычым, калі людзі хочуць афіцыйнай угоды, можна пайсьці ў адзін з абменных пунктаў, якія цяпер прастойваюць", - гаворыцца ў артыкуле.

"Каб абменныя пункты не назапашвалі даляры і эўра, урад загадаў ім неадкладна прадаваць па афіцыйным курсе валюту, якую яны купляюць у грамадзян. Зрэшты, тых, хто жадаюць прадаць даляры па афіцыйным курсе, вельмі мала. Рашэньне знойдзена: пакупнік пакрывае прадаўцу наяўнымі розьніцу паміж афіцыйным і неафіцыйным курсам ", - гаворыцца ў артыкуле. Паслуга даступная ня толькі фізічным асобам, але і фірмам.

Грамадзяне Беларусі прывыклі змагацца зь цяжкасьцямі, якія стварае ім аўтарытарнае кіраваньне Лукашэнкі, заўважае аўтар. Пасьля ўзмацненьня жорсткасьці правіл абмену валюты беларусы пачалі пасылаць самі сабе грошы па пошце ў Расею, а там забіралі пераводы ў расейскіх рублях. "З-за гэтага беларуская пошта забараніла паштовыя пераводы", - сьцьвярджае аўтар. Што тычыцца праграміста Пеці, то ён абяцае наладзіць абмен іншымі дэфіцытнымі таварамі – бэнзінам, жэтонамі на грамадзкі транспарт і грэчкай. "Гэта жарт. Пакуль жарт", - заўважае аўтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG