Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлежурналіста Сяргея Дарафеева звольнілі з ОНТ


Сяргей Дарафееў
Сяргей Дарафееў
Былога вядоўцу ток-шоў "Выбар" і "Выбар+" Сяргея Дарафеева звольнілі з тэлеканала ОНТ.

У прэсавай службе канала паведамілі, што Дарафееў "звольніўся па ўзгадненьні бакоў". Аднак сам тэлевядоўца паведаміў, што "гэта не зусім правільна". "Мяне папрасілі напісаць заяву. Чаму, канкрэтных прычын мне названа не было, — сказаў Дарафееў у інтэрвію БелаПАН. — Як мне здаецца, кіраўніцтва канала не задаволілі мае прафэсійныя і асабістыя якасьці".

Як паведаміў журналіст, пасьля закрыцьця праграмы "Выбар" "склалася няпростая сытуацыя". "Працаваць на канале з кожным днём мне псыхалягічна было ўсё цяжэй і цяжэй", — зазначыў тэлевядоўца.

"У маіх бліжэйшых плянах — працаваць і заставацца верным самому сабе, — сказаў Дарафееў. — У прафэсіі я адназначна застануся. Што тычыцца далейшых пэрспектыў: дзе працаваць, якую працу выконваць, гаварыць пакуль рана".

Нагадаем, пасьля 19 сьнежня 2010 году былі закрытыя праграмы "Выбар" і "Выбар+". Пасьля сустрэчы з кіраўніцтвам тэлеканала 20 студзеня за Дарафеевым была захаваная пасада дырэктара дырэкцыі ранішняга вяшчаньня ОНТ. Падчас эфіру ток-шоў "Выбар" 19 сьнежня, прысьвечанага вынікам прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына пакінула студыю, заявіўшы, што ў яе няма часу лібэральнічаць, пакуль у ЦВК заблякаваныя людзі. Таксама Дарафееў папрасіў чыноўнікаў растлумачыць гледачам, чаму нельга выходзіць вечарам на плошчу або чаму не дапусьцілі прадстаўнікоў апазыцыі дзяжурыць ноччу на выбарчых участках разам зь міліцыяй.

20 сьнежня падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка згадаў ток-шоў "Выбар", што выйшла напярэдадні, назваўшы Дарафеева "маладым журналістам, якога трэба паставіць на месца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG