Уначы на 26-е красавіка спынілася сэрца Вольгі Дашкевіч, маці палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Ёй было 54 гады, апошнія месяцы яна моцна нэрвавалася й перажывала за лёс свайго сына палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.
***
Зь перадачы Радыё Свабода «Адзін дзень у сям'і палітвязьня» (люты, 2007):
«Вольга Дашкевіч прыгадвае сваю сустрэчу са Зьмітром у калёніі:
“Я як убачыла яго ў той чорнай фуфайцы… Вой… Гэта не перадаць. Мяне закалаціла ўсю. Я стала ўся то халодная, то мокрая, раву як бялуга, супакоіцца не магу. Я ж павінна яго супакойваць, маўляў, сынок, не турбуйся, як-небудзь перажывем гэты час. Дык ён мяне супакойвае”.
Штовечар яны з бацькам слухаюць “Радыё Свабода”, каб пачуць штосьці новае пра свайго сына Зьмітра Дашкевіча...»
Дзень у сям'і палітвязьня. Зьміцер Дашкевіч (02.2007)
Зьмітра Дашкевіча затрымалі 18 сьнежня 2010 году. У сакавіку суд пакараў 29-гадовага лідэра “Маладога Фронту” двума гадамі калёніі быццам бы за злоснае хуліганства – зьбіцьцё двух невядомых. Вольга Дашкевіч не змагла прысутнічаць на судзе.
Пакуль невядома, ці адпусьцяць на пахаваньне маці Зьмітра Дашкевіча, які дагэтуль утрымліваецца ў ізалятары на Валадарскага ў Менску.
У 2006-2008 гадах Зьміцер Дашкевіч адбываў пакараньне паўтара года турмы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Адпаведныя паперы, каб Зьмітра Дашкевіча адпусьцілі на пахаваньне, ягоны бацька Вячаслаў Дашкевіч плянуе падаць сёньня. Тым часам праз паплечнікаў сына Вячаслаў Дашкевіч перадаў просьбу да журналістаў не асьвятляць пахаваньне жонкі ў прэсе, каб гэта засталося сьціплым сямейным рытуалам, паведамляе Польскае радыё.
Вольга і Вячаслаў Дашкевіч пражылі разам 32 гады.
Пазьней на нашым сайце "Вянок памяці"