Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зялёны аўтобус, чырвоны трамвай...


Віцебскі трамвай узорнай расфарбоўкі
Віцебскі трамвай узорнай расфарбоўкі

У Віцебску пачалі перафарбоўваць грамадзкі транспарт: старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец вырашыў, што ўсе гарадзкія аўтобусы мусяць быць толькі зялёнымі, трамваі – чырвонымі, а тралейбусы – выключна бела-блакітнымі.


Першыя чатыры трамваі, пафарбаваныя ў ярка-чырвоны колер, ужо развозяць пасажыраў па гарадзкіх маршрутах. Жыхары Віцебску толькі дзівяцца: яшчэ з паўгода таму ў мясцовых газэтах пісалі, што трамвайны парк нарэшце папоўніўся новымі машынамі – сучаснымі і камфартабельнымі зялёнымі вагончыкамі. Цяпер, аказваецца, іх ужо трэба перафарбоўваць. Тым самым парушаючы стандарт вытворцаў, якія маюць права адмовіцца ад гарантыйнага бясплатнага або ільготнага рамонту.

Вялікага сэнсу ў перафарбоўцы работнікі грамадзкага транспарту ня бачаць. Супрацоўнік трамвайна –тралейбуснага ўпраўленьня Уладзімер Васількоў выказвае агульнае меркаваньне сваіх калег наконт ініцыятывы старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца:

-- Што вось чалавек робіць з трамваямі – каб пафарбаваць іх у чырвоны колер? Гэта ж нейкае ідыётства. Толькі мігалкі застаецца яшчэ пачапіць. А можа, скажа яшчэ траву пафарбаваць памаранчавым… Вось трамвай новенькі, зялёненькі, а загадана – чырвоны колер. Што, кіроўцу хіба гэта прыемна? Ну, кажуць, гэта каб увагу прыцягнуць. Але ж ёсьць іншыя сродкі! Ёсьць фарбы бліскучыя, якія сьвятло адбіваюць. Чым грошы траціць на чырвоную фарбу, то можна зрабіць і цікавей, і прыгажэй. Проста непрыгожа: ну вось паглядзіце самі – вось трамваі чырвонага колеру. Засталося толькі мігалку павесіць, і будзе пажарная каманда!



Такіх аўтобусаў, на думку губэрнатара, у Віцебску быць не павінна

Грамадзкі транспарт перафарбоўваюць за бюджэтныя грошы. Аўтапарку або трамвайна-тралейбуснаму ўпраўленьню “абнаўленьне” кожнай машыны каштуе 1,5 – 2 мільёны рублёў. І транспартныя сродкі прыгажэйшымі ад гэтага ня робяцца: стары жоўты венгерскі ікарус, пафарбаваны цёмна-зялёнай фарбай, выглядае проста змрочна. Бела-блакітны тралейбус глядзяцца бляклым. А яшчэ даводзіцца зафарбоўваць рэклямныя выявы на бартах машын, і гэта таксама стварае пэўныя праблемы. Бо за рэкляму на транспарце прадпрыемствы заплацілі грошы, а цяпер яе загадана зьнішчыць.

Перафарбаваць аўтобусы, тралейбусы і трамваі губэрнатар Аляксандар Косінец загадаў да 1-га чэрвеня. Маўляў, гэта трэба зрабіць, каб гараджане ня блыталі транспартныя сродкі, чакаючы іх на прыпынках. Віцябляне гэткую матывацыю ўсур”ёз не ўспрымаюць, а некаторыя нават крыўдзяцца.
Да таго ж у гараджан узьнікае пытаньне: адкуль бяруцца грошы на перафарбоўку? Адказ яны прыдумалі таксама -- на падставе яшчэ адной ініцыятывы губэрнатара: апошнім часам у Віцебску ці не штовыходныя праводзяцца суботнікі. Жыхарам абвясьцілі, што заробленыя сродкі пойдуць на добраўпарадкаваньне гораду. І людзі мяркуюць, што перафарбоўка транспарту –гэта паляпшэньне гарадзкога іміджу за кошт іхняй бясплатнай працы.

У найгоршым становішчы апынуліся ўладальнікі “маршрутак” і таксі, якія загадана пафарбаваць у жоўты колер. Як распавёў кіроўца “таксоўкі” Віталь Зуеў, уладальнікі машын мусяць зрабіць гэта за ўласны кошт:

-- Тое, што загадаў рабіць губэрнатар – усе таксі перафарбаваць у жоўты колер – нікому з маіх калег-таксістаў не падабаецца. Гэта даляраў 600, калі самому перафарбоўваць машыну.

Кіроўцы таксі адзначаюць, што па цяперашніх эканамічна складаных часах жыхары Віцебску сталі карыстацца іхнымі паслугамі радзей, а вось грамадзкага транспарту на прыпынках чакаюць цэлыя натоўпы. Людзі кажуць, што губэрнатару варта было б парупіцца пра тое, каб закупіць яшчэ па некалькі аўтобусаў, тралейбусаў, ды трамваяў, а не аддаваць загады пра перафарбоўку транспарту, у які бывае проста ня ўбіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG