Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка салідарнасьці: дзень чацьверты


Сёньня чацьверты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. У акцыі ва ўправе БНФ удзельнічаюць ужо сем чалавек. Да маладафронтаўцаў Насты Палажанкі, Арцёма Дубскага, Андруся Цянюты, Міколы Дземідзенкі, Яўгена Скрабца далучыліся яшчэ двое паплечнікаў. Гэта — Ірына Губская і Глеб Скоркін.


У невялічкім пакоі, які вызвалілі для галадоўнікаў ва ўправе БНФ, сёньня нібыта стала прастарней. Але гэта толькі падман зроку. Арцём Дубскі тлумачыць: зьмянілася надвор’е, дыхаць стала лягчэй.

Галадоўнікі паведамілі мне, што літаральна 15 хвілін таму ад іх сышоў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Ганс-Ёхан Шміт. Наста Палажанка кажа, пра што ішла размова:

Наста Палажанка
“Мы распавялі пра тое, як праходзіць галадоўка, пра яе мэты і патрабаваньні. Таксама адзначылі, што 14 траўня маладафронтаўцы ладзяць “Марш незалежнасьці”. І гэта будзе для ўладаў іспыт на лібэралізацыю пасьля праскага саміту. І менавіта тады мы даведаемся, наколькі сур’ёзна Лукашэнка ставіцца да працэсу эўрапеізацыі Беларусі.

Таксама распавялі пра сваё самаадчуваньне, пра ўмовы галадоўкі, пра сытуацыю ў “Маладым фронце” па ўсёй Беларусі. Яны ўсё выслухалі і абяцалі сачыць за сытуацыяй”.

Сярод галадоўнікаў бачу два новыя твары. Наста Палажанка ўдакладняе:

“Да малафронтаўцаў кожны дзень дадаюцца новыя людзі. Дадаліся да нас Ірына Губская і Глеб Сноркін з Салігорску”.

Цікаўлюся ў Ірыны яе першымі адчуваньнямі:

“Адчуваньні добрыя. Думаю, што змагу пратрымацца да канца гэтай галадоўкі. І не зьбіраюся сыходзіць”.

Карэспандэнт: “У вас, мабыць, гэта першая галадоўка?

“Так, першая. Але пайсьці на гэты крок для мяне не было цяжкай справай. Па-першае, я прымала гэта рашэньне сьвядома. А па-другое, я раней трымала пост. Бацькі мае ня ведаюць ні пра маю грамадзкую дзейнасьць, ні пра тое, што я ўдзельнічаю ў галадоўцы. І спадзяюся, што ня будуць ведаць як мага даўжэй. А даведаюцца, калі ўсё скончыцца”.

Яўген Скрабец
Заўважаю на стале стос кніжак. Сярод іх бачу і “Адзін дзень палітвязьня” — самую апошнюю з той сэрыі, што выдала беларуская рэдакцыя Радыё Свабода. Яўген Скрабец кажа, што галадоўнікі чытаюць пераважна днём, калі ў пакоі сьвятлей:

“Спадар Атрошчанкаў прынёс нам з раніцы фільмы, каб было што глядзець. Учора ўвечары было насамрэч самотна, бо не было чаго глядзець. І мы правялі вечар за размовамі. А мы маем кампутар і цяпер скінулі на яго фільмы з флэшкі”.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG