Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывітаньні з акупаванага Менску


вокладка новай кнігі “Найлепшыя прывітаньні зь Менску”
вокладка новай кнігі “Найлепшыя прывітаньні зь Менску”

З Баранавічаў пачаліся ў Беларусі прэзэнтацыі кнігі нямецкага гісторыка й літаратара Паўля Коля. Мастацкае выданьне апавядае пра падзеі Другой усясьветнай вайны ў Кёльне і ў Менску.


У аснову рамана пакладзены шматлікія дасьледаваньні, прысьвечаныя Вільгельму Кубэ, які з 1941 па 1943 гады быў генэральным камісарам Беларусі, інтэрвію з Аленай Мазанік, якая зьдзейсьніла замах на яго, а таксама з удавой гаўляйтэра Анітай Кубэ.

Назву для сваёй новай кнігі -- “Найлепшыя прывітаньні зь Менску” -- аўтар узяў з паштоўкі, адасланай некалі з акупаванай Беларусі ў Нямеччыну.

Прэзэнтацыя кнігі “Найлепшыя прывітаньні зь Менску” была арганізаваная праектам “Мэдыя-аўтобус DeutschExpress” Інстытуту імя Гётэ ў памяшканьні гарадзкой бібліятэкі.

Пауль Коль (у цэнтры)
“Я хацеў паказаць насельніцтву Германіі, а таксама насельніцтву Беларусі ня ў форме збору дакумэнтаў, а менавіта ў мастацкай форме раману тое, што ў гады вайны адбывалася і ў Кёльне, і ў Менску”, — сказаў аўтар.

Паўль Коль вывучыў шмат архіўных матэрыялаў, у тым ліку ў Беларусі. Гэта зацікавіла прафэсійных гісторыкаў. Яны задавалі пытаньні:

“Я ведаю, што сёньня на практыцы не для кожнага ёсьць магчымасьць трапіць у архівы. Ці рабілі вам перашкоды, калі вы працавалі ў архівах?” — запытаў Іван Савіцкі.

“Трэба сказаць, перашкоды былі. Не заўсёды можна было атрымаць у менскіх архівах тую даведку, якую хацелася б”.

Уладзімер Гундар выказаў сваё меркаваньне, якое заля падтрымала аплядысмэнтамі:

“Беларускі і яўрэйскі народы аднолькавыя па сваім лёсе, па сваёй бядзе. І падчас Другой сусьветнай вайны беларусы таксама ахвяры — як фашысцкага рэжыму, так і бальшавіцкага. Толькі ў нас зараз асьвятляецца адзін бок — толькі злачынствы фашызму. Злачынствы бальшавікоў у нас у Беларусі замоўчваюцца. Хацелася б, каб абедзьве гэтыя тэмы на адным узроўні былі ў Беларусі адкрыты, каб гісторыя была праўдзівая, а ня выбарачная”.

На прэзэнтацыі прысутнічаў і 85-гадовы Мікалай Канюшык, колішні жыхар Менску, былы падпольшчык. Ён ухваліў ідэю асуджэньня бальшавікоў нароўні з фашыстамі:

“Салідарны з гэтай думкаю. На жаль, гэта ўсё не адкрываецца. Відаць, прэзыдэнт наш ня хоча гэтым займацца. Але яны зрабілі шмат нэгатыўнага. І Другую сусьветную вайну, дзе мы сталі ахвярамі, я адношу на рахунак Сталіна і вярхоўнага камандаваньня”.

Напрыканцы прэзэнтацыі выступіла загадчыца аддзелу культуры райвыканкаму Валерыя Фурса. Яе выступ быў адзіным рускамоўным, што заля сустрэла абурэньнем і словамі “ганьба!”

Мэдыя-аўтобус — бібліятэка на колах, якая дае магчымасьць узяць на дом кнігі на нямецкай мове, а таксама кампакт-дыскі, CD-ROM, відэакасэты і DVD. У 2009 годзе мэдыя-аўтобус будзе абслугоўваць у Беларусі 3 гарады: Маладзечна, Баранавічы і Бабруйск.

Прадмова да беларускага чытача

У залі Баранавіцкай гарадзкой бібліятэкі было шматлюдна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG