Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная Свабода”: 3 гады ў эфіры


Споўнілася тры гады ад першага выхаду ў эфір “Начной Свабоды” — 2 траўня 2006 году. І кожны будні дзень у жывым эфіры нашы слухачы знаёмяцца з госьцем “Начной Свабоды” — а ў нас у гасьцях былі і паслы, і прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі, і чыноўнікі, і творчая моладзь. У эфіры гучалі і гучаць досьледы “Начной свабоды”, “Начная чытанка”, “Барды Свабоды”, рэпартажы зь цікавых імпрэзаў, навіны, аналітыка…

Першапраходцамі “Начной Свабоды” былі ў Празе — Аляксей Знаткевіч, у Менску — Ягор Маёрчык. Потым да праекту далучыліся іншыя журналісты, падкідвалі ідэі, спрабавалі засвоіць іншы фармат вяшчаньня — працу толькі ў жывым эфіры, разьняволенасьць. Гасьцям задавалі нечаканыя і не заўсёды зручныя пытаньні, вымушалі імправізаваць, чытаць вершы і нават сьпяваць… Шукалі цікавыя павароты. Да прыкладу, у самым першым эфіры прагучаў рэпартаж зь вёскі Свабода, журналісты Радыё Свабода знайшлі людзей, у якіх прозьвішча Свабода…

Аляксей Знаткевіч
Распавядае першы вядоўца “Начной свабоды” Аляксей Знаткевіч: “Калі мы распрацоўвалі гэты фармат, была ідэя зрабіць нешта не палітычнае, менш палітызаванае, чым асноўная частка нашай праграмы. І тады зьявілася „Начная чытанка“ як спроба даць пляцоўку для маладых літаратараў. Першымі, хто там гучаў, была паэтка Джэці, празаік Альгерд Бахарэвіч. Вялікім адкрыцьцём стала — колькі ў нас цікавых, таленавітых маладых літаратараў”.

Дарэчы, вынікам “Начной чытанкі” стаў дыск — радыйны праект ператварыўся ў мультымэдыйны.

Паэтка Джэці — Вера Бурлак — была першай госьцяй “Начной чытанкі”:

Вера Бурлак
“Насамрэч, у Беларусі жыцьцё літаратурнае, мастацкае, культурнае даволі актыўнае. Гэта, дарэчы, пацьвярджае і даволі актыўны ўдзел у паэтычных слэмах. На апошні слэм — „Бітву паэтаў“ зьявілася 55 творцаў. Зь іх рабілі адбор, выбралі 20. Значыць, людзі пішуць, хочуць гэта рабіць. Таму, я думаю, паэзія актуальная і адна з масавых зьяваў. Магчыма, маладой аўдыторыі варта было б адкрываць нейкія далягляды, на якія яны менш зьвяртаюць увагі: проза, драматургія і, можа, музыка. Ёсьць таксама вельмі цікавыя праекты, якія робяцца, але застаюцца пакуль пэрыфэрыйнымі. З музыкі ў мяне адразу „Рацыянальная дыета“ у галаву прыйшла, зь якой мы супрацоўнічаем. Сапраўды, робяць нешта вельмі своеасаблівае і заўважнае”.

Кінакрытык Максім Жбанкоў, аўтар штотыднёвых кінааглядаў у “Начной Свабодзе”, кажа:

Максім Жбанкоў
“Для мяне “Начная Свабода” — гэта болей за Радыё Свабода. Гэта яшчэ і пэўная прастора інтэлектуальнай незалежнасьці, у нейкім сэнсе, інтэлектуальнай гульні, гэта прастора экспэрымэнтаў, таму што галоўны экспэрымэнт — гэта заўсёды патаемныя начныя справы. Гэта прастора маёй прысутнасьці на хвалі гэтага радыё. Мне вельмі падабаецца тое, што мы робім, мне вельмі падабаюцца тыя людзі, з кім мы працуем. Магчыма, найлепшая са Свабодаў — гэта якраз тая “Начная Свабода”.

Стваральнікі “Начной Свабоды” заўсёды ў пошуку, яны экспэрымэнтуюць, шукаюць новы фармат, сьвярджае журналіст, адзін з вядоўцаў перадачы Аляксей Знаткевіч:

“Па-першае, праграма мяняецца, за гэтыя 3 гады шмат чаго памянялася. Па-другое, улетку мы таксама зьменім фармат. Гэтая перадача ўжо зрабілася ў большай ступені падвядзеньнем вынікаў дня. І ў нас стане больш аналітыкі, у нас ужо дадалося больш навіннай часткі. Спадзяюся, у нас будзе больш бліц-аналізаў. Але тыя рэчы, якія адрозьніваюць „Начную свабоду“ ад дзённага эфіру, застануцца. Застанецца і „Начны госьць“, і іншыя фарматныя рэчы. Але, натуральна, без навінаў і без аналізу мы не абыдземся”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG